Раніца павінна быць добрай!

У англійскай мове ёсць ёмістае слова insight, што ў перакладзе на беларускую мову азначае азарэнне. Люблю і вельмі заахвочваюся, калі гэта самае азарэнне хапае мяне за руку і не адпускае.

Не сакрэт, што не адну гадзіну трэба пасядзець-падумац­ь, каб падрыхтаваць і правесці якасна і карысна класную га­дзіну — час, калі па-сапраўднаму ў нефармальнай атмасферы можна нешта тварыць, пра нешта даведацца, штосьці абмеркаваць. Адным словам, каб атрымалася класнае свята, патрэбна азарэнне.

У гэтым навучальным годзе я з’яўляюся класным кіраўніком вялікага, актыўнага, крэатыўнага 5 класа. З першых дзён знаёмства зразумела, што мае дзеці — гэта маё другое “Я”, нейкай невядомай мне сілай падабраны пад мяне, пад мой халерычны тэмперамент.

Снежаньскай  парой  заходзіць адзін з вучняў раніцай у кабінет і спявае словы адной вядомай песні: “Добрай раніцы, мае родныя людзі, добрай раніцы ўсім тым, каго вы любіце…” І да мяне прыходзіць insight — ёсць тэма класнай га­дзіны!

“Раніца павінна быць добрай”.

Пачала кіпець падрыхтоўчая работа. Адны падбіралі цытаты пра раніцу, афарызмы, стваралі анекдатычныя замалёўкі:

“На ўрок працоўнага навучання дзяўчынкам далі заданне згатаваць пірог, які храбусціць. А Валя з Анфісай нават паспрачаліся, у каго пірог будзе больш хрусцець.

На наступны ўрок дзяўчаты прынеслі абсалютна два розныя пірагі. У Валі ён быў увесь чорны, а ў Анфісы — увесь румяны і пышны. Настаўніца спытала, чаму пірог чорны. Валя адказала, што яна яго добра засмажыла і цяпер ён моцна храбусціць. Паспрабаваўшы пірог Анфісы, настаўніца здзівілася таму, як ён добра хрусціць, і папрасіла падзяліцца рэцэптам.

— Яйкі, масла, цукар і мука, — адказала Анфіса.

— Звычайны пірог,  — здзівілася настаўніца. — Чаму ж ён так хрусціць?

— А ён з сакрэтам! Яйкі з шалупіннем!”

Спрабавалі самі сфармуляваць сакрэт добрай раніцы, афармляючы ўвесь матэрыял цікавым спосабам: рабілі цытатныя падстаўкі для кубка, цытатныя кубкі, промні сонейка, пялёсткі рамонка, смайлікі, далонькі — і тыя былі з цытатамі. Рыхтавалі рэцэпты смачнага снедання і чаю, які бадзёрыць, дзяліліся, што на снеданне прапануюць ім бацькі, фантазіравалі пра снеданне-мару. Стваралі ўласныя рэцэпты, афармляючы іх на выявах культурных каштоўнасцей нашага старажытнага Гродна. Не абышлося без творчых нумароў: склалі верш пра ранішні настрой.

Добры дзень усім добрым людзям,
Добры дзень таму, хто любіць,
Добры дзень, хто ўсміхаецца,
Добры дзень, хто зноў здзіўляецца.
Няхай свеціць усім нам сонца,
Няхай песні гучаць звонка,
Няхай бацька будзіць зранку,
Няхай маці пяе калыханку.
Хай усё сёння спраўдзіцца,
Хай краіна наша радуецца.

 Зрабілі флэшмоб, каб канчаткова прачнуцца, прапанавалі падборку вясёлых і гумарыстычных фотаздымкаў, дынамічныя прывітанні для аднакласнікаў.

Ёсць упэўненасць, што кожная раніца для маіх школьных родных людзей будзе добрай, дзень — шчаслівым, а ноч — спакойнай. А яшчэ важна тое, што за 45 хвілін мы сталі яшчэ больш блізкімі і роднымі.

Цяпер мая раніца ў школе пачынаецца са слоў “Добрай раніцы, мае родныя людзі!”.

Ларыса ВАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 5 класа гімназіі № 2 Гродна.
Фота аўтара.