Плаванне з ранняга ўзросту

Бародзіцкі дзіцячы сад — пачатковую школу ведаюць усе дзеці і дарослыя ў Зэльвенскім раёне. У лютым 2014 года пасля рамонту тут пачаў працаваць міні-басейн.

Кожны год выхаванцы дзіцячага сада і вучні пачатковых класаў з нецярпеннем чакаюць плавальнага сезона. Раз у тыдзень заняткі па фізічнай культуры ў дзіцячым садзе і ўрокі фізічнай культуры і здароўя ў пачатковых класах праходзяць у басейне. Кіраўнік фізічнага выхавання Ганна Пятроўна Мачок і настаўнік фізічнай культуры Іван Іванавіч Валадзько вучаць дзяцей першым навыкам плавання. Яны ўпэўнены, што плаванне з’яўляецца такім жа неабходным уменнем, як і ўменне бегаць, хадзіць, скакаць. З ранняга ўзросту дзеці вучацца свабодна трымацца на вадзе, праплываць невялікую адлегласць. Педагогі вучаць дзяцей не толькі розным відам плавання, але і ныранню, якое садзейнічае паляпшэнню работы лёгкіх. У басейне праходзяць таксама заняткі секцыі па агульнай фізічнай падрыхтоўцы.

А колькі задавальнення і радасці прыносяць дзецям вясёлыя святы з удзелам марскога цара Нептуна! Такія святы суправаджаюцца заўсёды дзіцячым смехам, пырскамі, феерверкам станоўчых эмоцый.

Традыцыйна ў басейне праходзяць спаборніцтвы “Залатая рыбка”, якія выяўляюць лепшых плыўцоў.

На працягу тыдня міні-басейн наведваюць вучні пачатковых класаў раёна, а ў суботу бацькі аграгарадка Бародзічы і Зэльвы прыводзяць сюды сваіх дзяцей. Разам з І.І.Валадзько яны выконваюць водныя практыкаванні, гуляюць у забаўляльныя гульні.

Лідзія ПАТАПОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Бародзіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы Зэльвенскага раёна.