Пазнанне пачынаецца са здзіўлення

Гавораць, што кожнае адкрыццё пачынаецца са здзіўлення. На самай справе, здзівіцца чалавек, здавалася б, зусім нядзіўным, звычайным рэчам, таму, што ведаюць, бачаць усе, задумаецца, стане шукаць інфармацыю — і зробіць адкрыццё. Для сябе. Менавіта так атрымалася ў вучняў 3 класа Доцішскай сярэдняй школы падчас работы над міжнародным сеткавым праектам “Фантафета — гэта цэлая навука…”


Аўтарамі праекта з’яўляюцца педагогі Зялёнкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна — намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ірына Андрэеўна Крупакова і настаўніца пачатковых класаў Ірэна Генрыхаўна Сінкевіч.

На працягу месяца каманда класа “Вясёлка” раскрывала таямніцы абгортак ад цукерак. Здаецца дробязь — фанцік, скамячыць і выкінуць, але калі сабралі гэтыя паперкі за пяцьдзясят, а то і больш гадоў (калекцыі бацькоў, бабуль аказаліся дарэчы), то перад вачыма паўстала ўся наша гісторыя. Тут табе і рэвалюцыя, і першыя палёты ў космас, і героі алімпіяд, і карціны мастакоў, і казкі, і шмат іншых цікавых тэм. Аказалася, што па абгортках ад цукерак можна праверыць свае веды па літаратуры, геаграфіі, біялогіі, вывучыць маркі аўтамабіляў, пароды сабак, катоў, коней, нават правілы дарожнага руху.

У працэсе даследавання навучэнцы Беларусі, Расіі абменьваліся думкамі, інфармацыяй, вынікамі ўласных і сумесных распрацовак па пытаннях: чаму фанцік ад цукеркі — гэта яе візітная картка, як і чаму мянялася афармленне цукерачнай абгорткі з цягам часу, пры вывучэнні якіх тэм рускай мовы можна выкарыстоўваць назвы цукерак з мэтай павышэння пісьменнасці, як цукерачныя фанцікі “жывуць” у літаратуры, ці можна прадоўжыць жыццё абгортцы ад цукеркі?


У выніку пошуку адказаў на пытанні мы стварылі цікавыя прадукты: ментальную карту па прадметах (літаратура, мастацтва, біялогія), правялі даследаванне “Назвы цукерак з пазіцыі рускай мовы” і аформілі яго ў выглядзе прэзентацыі, склалі інтэрактыўнае практыкаванне на замацаванне вывучаных правіл рускай мовы. Прачытаўшы творы пра цукеркі, падрыхтавалі рэкламу апавядання Я.Пермяка “Сластена-своевольник” у выглядзе постэра. Паразважалі на тэму “Фанцікі — наша культурная спадчына”. У выніку атрымалі фотакалаж з фанцікаў розных эпох.

Праект даў магчымасць вучням праявіць фантазію, выдумку і творчасць праз пошук адказу на пытанне “Ці можна прадоўжыць жыццё фанціку?”. Вучні рабілі закладкі для кніг, вокладкі.

На заключным этапе склалі сінквейн “Фантафета — гэта цэлая навука…”. Каманда класа справілася на 100 працэнтаў з усімі заданнямі і была ўзнагароджана сертыфікатам фіналіста.

Праведзеная работа дапамагла зразумець, што такі, на першы погляд, непатрэбны прадмет, як фанцік, можа стаць выдатным памочнікам у вучобе і гульні.

Сёння метад праектаў стаў неад’емным атрыбутам маіх вучняў. Мы прынялі ўдзел у СП “Лінгварыя”, “Спасайкина мозаика”, вэб-квесце “Планета бяспекі”. У бягучым годзе плануем прыняць удзел яшчэ у трох праектах: “Лёгкие нелёгкие слова”, “Как жили люди в старину”, “О том, о сем, о пятом, о десятом”.

Здзівілі тэмы. Узнікла цікавасць. А значыць, будзем думаць, разважаць, тлумачыць, пазнаваць.

Валянціна СЕНКАВЕЦ,
настаўніца пачатковых класаў Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.