Палачкі — дзейсны сродак навучання

Праца з лічыльнымі палачкамі — адна з самых простых і даступных методык у навучанні дзяцей ЦКРНіР, а таксама сродак, неабходны ў развіцці і выхаванні асаблівых дзяцей. Лічыльныя рознакаляровыя палачкі развіваюць не толькі вылічальны навык, але і дробную маторыку рук, матэматычныя ўяўленні, дапамагае дзецям з парушэннямі развіцця станавіцца больш уважлівымі.

Для вучняў ЦКРНіР на пачатковым этапе канструяванне з палачак нават самай элементарнай фігуры аказваецца вельмі цяжкім. Таму работу пачынаю з накладання палачак па контуры ў поўную велічыню. Спачатку дзеці вучацца браць палачку, накладваць яе на малюнак прадмета, потым пераходзяць да канструявання па ўзорах канкрэтных прадметаў. Ускладняючы заданне, паступова пераводжу дзяцей да канструявання па памяці (паказваю ўзор, разглядаю сумесна з дзецьмі, потым прымаю).

Вельмі важна, на маю думку, што ў працэсе канструявання з палачак развіваецца здольнасць да элементаў аналітыка-сінтэтычнай дзейнасці, калі дзіця ўспрымае прадмет у цэлым, называе і абследуе яго, бачыць графічны малюнак, паўтарае прадмет па графічным малюнку з палачак, што спрыяе фарміраванню элементарных матэматычных уяўленняў.

Работу па канструяванні шырока выкарыстоўваю пры фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў. На аснове гэтых геаметрычных фігур дзеці ствараюць розныя прадметы: куб, лесвіцу, піраміду і г.д. Для тых вучняў, каму канструяванне даецца цяжка, выкарыстоўваю адзінкавыя малюнкі-канструкцыі з палачак і побач малюнак прадмета.

Канструяванне з палачак дапамагае засвоіць не толькі колькасны лік ад 1 да 10, замацаваць сувязь лічбы з колькасцю прадметаў, але і рашаць прыклады, замацоўваць паняцці “больш”, “менш”, “пароўну”, суадносіць дні тыдня з парадкавым лікам.

Паралельна з работай па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў вырашаю задачу па развіцці актыўнага слоўніка: пры канструяванні з палачак выкарыстоўваю словы-прадметы (квадрат, трохвугольнік, прамавугольнік, узор, ромб, піраміда), словы-дзеянні (збіраць, браць, рассыпаць, выкладваць, складаць, параўноўваць), словы-прыкметы (аднолькавы, розны, маленькі, вялікі, кароткі, доўгі, высокі, нізкі, просты, складаны, роўны), якія дапамагаюць актывізаваць і развіваць маўленне дзяцей.

Гульні і практыкаванні з лічыльнымі палачкамі — эфектыўны сродак у сістэме работы па развіцці маўлення і навучання элементам граматы дзяцей ЦКРНіР. Выкладванне літар садзейнічае засваенню вобразаў літар, што важна для наступнага навучання чытанню.

Вучні з вялікім захапленнем успрымаюць гульні “Паўтары малюнак”, “Знайдзі заканамернасць і прадоўжы”, “Фігуры з палачак”, “Рознакаляровыя палачкі”, у працэсе якіх вучацца арыентавацца ў малой прасторы, разумець словы, якія абазначаюць узаемаразмяшчэнне элементаў у адносінах адзін да аднаго. Канструяванне з палачак спрыяе не толькі развіццю агульнай і дробнай маторыкі, але і павялічвае канцэнтрацыю ўвагі, яе аб’ём, выпрацоўвае ўменне даводзіць пачатую справу да канца, развівае зрокавую ўвагу, тактыльнае і прасторавае ўспрыманне, зрокава-маторную каардынацыю.

Простыя падліковыя палачкі — універсальная гульня, якая дапамагае ствараць не толькі дзівосны свет, але і з’яўляецца дзейсным сродкам навучання дзяцей з цяжкімі парушэннямі развіцця.

Ірына КУРМЕЛЬ,
настаўніца ЦКРНіР Вялікай Бераставіцы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*