Падарожжа ў Пясочную краіну

Працуючы па метадзе пясочнай тэрапіі, я заўважыла, што пры яго дапамозе можна дасягнуць вельмі добрых вынікаў: пясок здымае напружанне, трывожнасць, агрэсіўнасць, развівае творчую і пазнавальную актыўнасць дзяцей. Пясочная тэрапія дазваляе аптымізаваць камунікатыўныя сувязі выхаванцаў, гарманізаваць дзіцяча-бацькоўскія адносіны, вучыць выяўляць свае пачуцці, лепш разумець сябе. У нашым дзіцячым садзе хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведваюць заняткі па пясочнай тэрапіі. Прапаноўваем адзін з прыкладаў такіх заняткаў.

Падгрупавыя заняткі для выхаванцаў сярэдняй групы (4—5 гадоў)

Задачы: развіваць творчае мысленне, уяўленне, тактыльную адчувальнасць; стымуляваць пазнавальную актыўнасць; стварыць спакойную і добразычлівую атмасферу; садзейнічаць зняццю эмацыянальнага напружання; гарманізаваць псіхаэмацыянальны стан выхаванцаў; вучыць дзяцей выказваць свае эмоцыі; развіваць камунікатыўныя навыкі; выхоўваць беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў.

Матэрыял і абсталяванне: стол для пясочнай тэрапіі, пясок, дробныя фігуркі, каменьчыкі са шкла, аўдыя­запісы спакойнай музыкі, гукаў прыроды, папяровыя і вільготныя сурвэткі.

Ход заняткаў

Педагог-псіхолаг. Добры дзень, дзеці! Я вельмі рада бачыць вас. Сёння я прапаноўваю вам здзейсніць незвычайнае падарожжа ў казачную Пясочную краіну. Але каб трапіць у яе, трэба вымавіць чароўныя словы і здзейсніць адмысловы рытуал. Нам трэба стаць вакол пясочніцы і ўзяцца за рукі. Цяпер мы з вамі заплюшчым вочкі і паўторым за мной чароўныя словы.

(Гучыць спакойная музыка.)

Песок — волшебная страна.

Можно строить и чудить,

Можно много сотворить:

Горы, реки и моря,

Чтобы жизнь вокруг была.

Знаёмства з пяском

Педагог-псіхолаг. Мы пачынаем шлях па казачнай Пясочнай краіне. Тут пакуль нічога няма, але хутка вы станеце сапраўднымі творцамі і добрымі чараўнікамі. Каб гуляць з пяском, трэба засвоіць правілы: пясок нельга есці, ім нельга кідацца, з ім трэба вельмі акуратна і асцярожна абыходзіцца. А цяпер я прапаноўваю вам павітацца з пяском.

Ён таксама з намі вітаецца, толькі вельмі-вельмі ціха. Давайце яго развесялім. Паказычам яго спачатку кожным пальчыкам адной рукі, потым — другой рукой. А цяпер паказычам дзвюма рукамі. Патрыце яго паміж далонямі.

(Далей дзецям прапаноўваецца пакінуць адбіткі далоняў на пяску. Важна затрымаць руку на пяску, злёгку націснуўшы на яе. Педагог-псіхолаг пытаецца ў да­шкалят аб адчуваннях, пра тое, які пясок навобмацак.)

Практыкаванне “Сонейка”

Педагог-псіхолаг. Утром солнышко проснулось,

Сладко-сладко потянулось,

И, откинув одеяло,

С нами в сказку зашагало.

(Дзеці робяць сонейка на пяску.)

Педагог-псіхолаг. Атрымалася ў нас сонейка? Якое яно? (Добрае, усмешлівае, пясочнае.)

Практыкаванне “Дожджык”

Педагог-псіхолаг. Мне здаецца, на нашу Пясочную краіну насоўваецца дожджык. Давайце пакажам, які дожджык бывае ў Пясочнай краіне.

(Дзеці набіраюць у кулачкі пясок, падымаюць рукі ўверх і высыпаюць пясок. Практыкаванне паўтараецца некалькі разоў.)

Педагог-псіхолаг. Наш дожджык скончыўся, а на паляне засталіся цудоўныя кропелькі.

(Псіхолаг кладзе на пясок шкляныя каменьчыкі.)

Практыкаванне “Хованкі з кропелькамі”

Педагог-псіхолаг. Кропелькі таксама вельмі рады сонейку і хочуць пагуляць з вамі. Зараз вы заплюшчыце вочкі, а каменьчыкі-кропелькі схаваюцца ў пясок. Пасля таго як я скажу: “Вочкі адкрывай, пошук пачынай”, — вы павінны будзеце іх знайсці, раскопваючы пясок пальчыкамі.

(Дзеці знаходзяць цацкі. Практыкаванне паўтараецца некалькі разоў.)

Практыкаванне “Чароўная краіна”

Педагог-псіхолаг. Мы ўжо пазнаёміліся з пяском, пасябравалі з ім. Цяпер прыйшоў час стаць добрымі чараўнікамі і стварыць Чароўную краіну. Ствараць яе мы будзем разам, дружна і весела.

(Педагог-псіхолаг прапаноўвае дзецям фігуркі, каменьчыкі, стымулюе іх на сумесную дзейнасць. Калі неабходна, накіроўвае дзяцей, задае пытанні. Потым выхаванцы складаюць апавяданне пра сваю Чароўную краіну, пра тое, якія героі там жывуць, ці сябруюць яны, добрыя яны або злыя.)

Рэфлексія “Да новых сустрэч”

Педагог-псіхолаг. Сёння мы з вамі пачалі знаёмства з Пясочнай краінай, даведаліся шмат новага. У мяне цяпер вельмі добры настрой. А які ён зараз у вас?  Давайце кожны раскажа пра свой настрой.

Ганна ПУЗЫРОВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада “Дубок” Астраўца.