Новы фармат узаемадзеяння

У Вярэйкаўскай сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна прайшло мерапрыемства ў фармаце PR-акцыі “Разам мы вялікая сіла”. Галоўнай мэтай яго было паказаць новыя формы і падыходы педагагічнай падтрымкі і ўзаемадзеяння грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.

Любая арганізацыя становіцца прывабнай для дзяцей тады, калі дзейнасць у ёй цікавая і зразумелая. Менавіта ў фармаце новага ўзаемадзеяння і прайшла наша PR-акцыя. Назва “Разам мы вялікая сіла” была выбрана невыпадкова і гаворыць сама за сябе. Акцыя праводзілася намаганнямі ўсіх вучняў — ад самых маленькіх акцябрат і да дарослых членаў калектыву, якія з’яўляюцца членамі РГА “Белая Русь”. У мерапрыемстве прыняла ўдзел старшыня Гродзенскага абласнога савета ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Ганна Паўлаўна Сарасек, якая ўручыла ўзнагароды самым актыўным дзецям і дарослым, удзельнікам піянерскага руху. Прынялі ўдзел у акцыі і прадстаўнікі дэпутацкага корпуса мясцовага Савета дэпутатаў.

Пачалося свята з выступлення прапаршчыка-кінолага пагранічных войск Аляксандра Казіміравіча Пастушка, з якім быў яго гадаванец — сабака Чауры. Затым прайшло параднае шэсце акцябрацкіх груп, піянерскіх атрадаў і ячэек БРСМ. Вядучыя прадставілі кожны атрад, расказаўшы пра іх дасягненні ў справах школы, раёна, вобласці і нават краіны, пра ініцыятывы, якія вучні рэалізоўваюць не толькі на ўзроўні сваіх атрадаў і ячэек, але і на ўзроўні школы. Працягнулася свята выступленнем агітбрыгады “Разам мы вялікая сіла”, дзе навучэнцы змаглі паказаць узаемадзеянне акцябрат, піянераў і БРСМ.

Удзельнікі атрада юных інспектараў дарожнага руху ажыццяўляюць праект “Беражыся аўтамабіля!”, які стаў лепшым у раёне. Свае дасягненні яны прадэманстравалі ў выглядзе агітацыйна-мастацкага прадстаўлення “Галоўная дарога”.

Урачыстая частка акцыі скончылася выступленнем лідараў, дзе акцябронак і піянер пераконвалі дарослага, што сучасная піянерыя ўяўляе сабой арганізацыю, у якой дзецям весела, цікава і карысна. Затым пачалася работа сямі творчых пляцовак: “Забаўляльнік” (самыя маленькія дзеці малявалі свет дзяцінства), “Самаробкін” (дзеці ў рэальным рэжыме стваралі розныя вырабы), “Пляцоўка дасягненняў”, дзе былі прадстаўлены мадэлі навучэнцаў, якія займалі прызавыя месцы ў конкурсах рознага ўзроўню, “Пляцоўка юных інспектараў дарожнага руху”, “Гарадок здароўя”, “Гістарычная” (дзеці даведаліся пра гісторыю гальштука і подзвіг Ніны Ільінічны Хомка, імя якой носіць піянерская дружына школы) і “Крэатыўная”. На “Крэатыўнай” пляцоўцы дзеці дэманстравалі свае таленты ў спевах, танцах, ігры на музычных інструментах. Гэтую пляцоўку можна было назваць і пляцоўкай супрацоўніцтва, бо вучні былі падрыхтаваны таленавітымі выкладчыкамі філіяла Ваўкавыскай дзіцячай школы мастацтваў, які працуе на базе нашай школы, і работнікамі Вярэйкаўскага дома культуры.

Мэта любога піяру — прадстаўленне, прасоўванне і абарона. Мэта нашай PR-акцыі — у прадстаўленні, прасоўванні і абароне грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый — была цалкам дасягнута.

Ганна ТАЛОЧКА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Вярэйкаўскай сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.