Не прымушаць, а захапляць

Сучаснае грамадства дыктуе новыя патрабаванні да навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Сёння школа павінна фарміраваць людзей з новым тыпам мыслення, ініцыятыўных і камунікабельных, творчых асоб, смелых у прыняцці рашэнняў, здольных пастаянна павышаць адукацыйны ўзровень, хутка арыентавацца ў розных жыццёвых сітуацыях.

У такіх умовах важная роля адводзіцца ўзаемаадносінам настаўніка і навучэнцаў. Не прымушаць і кантраляваць, не камандаваць і забараняць, а накіроўваць і захапляць, дапамагаць і стымуляваць — у гэтым бачыцца адзін са шляхоў павышэння матывацыі вучняў да здабывання новых ведаў. Куды важней даць дзецям “не рыбу, а вуду”, навучыць іх здабываць гэтыя веды. У арсенале сучаснага настаўніка існуе велізарнае мноства форм работы з адоранымі навучэнцамі, але падмурак любых ведаў закладваецца па-ранейшаму на ўроку.


Задача настаўніка заключаецца ў тым, каб своечасова выявіць адоранасць, убачыць у навучэнца жаданне тварыць, працаваць над невядомай для яго з’явай. Першыя крокі да высокаматываванага вучня, да пошуку іскры, якая гарыць у ім, я пачынаю на ўроку. Сучасны ўрок не церпіць шаблоннасці: ён павінен зацікавіць навучэнцаў, абудзіць іх творчую актыўнасць. У фарміраванні такіх важных якасцей, як ініцыятыўнасць, адказнасць, талерантнасць, патрыятызм, грамадзянскасць, камунікабельнасць, вялікую ролю адыгрываюць школьныя дысцыпліны “Гісторыя” і “Грамадазнаўства”.

На сваіх уроках я ствараю ўмовы для самастойнай і калектыўнай дзейнасці навучэнцаў. Часта выкарыстоўваю як традыцыйныя формы работы, так і нетрадыцыйныя інтэрактыўныя методыкі: “Шэс ць капелюшоў мыслення”, “Сінквейн”, “ПОПС”, “Кошык ідэй”, “Дрэва прадказанняў”, “Кейс-метад”, “Распакоўка кластара”, метад праектаў, мазгавога штурму, аналізу канкрэтных сітуацый і інш. Адным з відаў самастойнай работы вучняў з’яўляецца падрыхтоўка рэфератаў, дакладаў, прэзентацый. Практыкую розныя формы арганізацыі і правядзення вучэбна-выхаваўчага працэсу: дыскусіі, дыспуты, круглыя сталы, канферэнцыі, дэбаты.

Важнымі элементамі развіцця асобы навучэнцаў з’яўляюцца прынцыпы дыферэнцыраванага навучання, крытычнага мыслення. Уменні прымяняць сацыяльна-гуманітарныя веды эфектыўна адпрацоўваюцца ў працэсе вырашэння пазнавальных задач і тэставых заданняў на ўроках-практыкумах.

У працэсе навучання не даю гатовых ведаў, а заклікаю вучняў да самастойнага пошуку. Такім чынам ствараю ўмовы для іх ініцыятывы, фармірую здольнасць думаць неардынарна, па-свойму бачыць праблемную сітуацыю і выхад з яе. Гэта спрыяе фарміраванню ў вучняў такіх рыс, як уменне выслухаць іншы пункт гледжання, супрацоўнічаць, уступаць у партнёрскія зносіны, праяўляючы пры гэтым талерантнасць у адносінах да апанентаў, неабходны такт, добразычлівасць да ўдзельнікаў сумеснага пошуку ісціны, што дазваляе зрабіць адукацыйны працэс больш эфектыўным.

Дыстанцыйнае навучанне і камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць арганізаваць пазаўрочную дзейнасць з навучэнцамі. Адной з мэт навучання грамадазнаўству з’яўляецца фарміраванне фінансавай дасведчанасці, у рамках якой навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у вырашэнні розных фінансавых задач, ствараюць бізнес-планы (прадпрыемстваў, фірм, дзяржавы), цікавяцца эканомікай краіны, падлічваюць бюджэт сваёй сям’і і шукаюць адказы на пытанне “Як правільна расходаваць грошы ў сучасных умовах?”.

Як вынік нашай сумеснай работы — мае вучні сталі пераможцамі раённага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, якую праводзіць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі. На абласным этапе навучэнец 11 класа Павел Салей атрымаў дыплом ІІІ ступені і права прадстаўляць Гродзенскую вобласць.

Стараннасці і настойлівасці юнака могуць пазайздросціць нават дарослыя. Падчас падрыхтоўкі ён прачытаў велізарную колькасць літаратуры, вывучаў Банкаўскі кодэкс, прысвяціў не адну гадзіну СМІ, вывучаў фінансавую дасведчанасць на сайце Нацыянальнага банка, старанна працаваў на ўроку і ў пазаўрочны час, кансультаваўся з прадстаўнікамі Белаграпрамбанка і Беларусбанка.

Усё гэта не прайшло дарма. На заключным этапе алімпіяды па фінансавай дасведчанасці Павел атрымаў дыплом III ступені і каштоўны прыз — фотаапарат. Між тым у трох яе этапах удзельнічала каля 5000 навучэнцаў 10—11 класаў з усіх раёнаў і абласцей Беларусі. Павел увайшоў у дваццатку наймацнейшых і даказаў сабе і ўсім, што вучань звычайнай сельскай школы можа валодаць высокім узроўнем кампетэнцыі ў галіне фінансавай дасведчанасці.

Павел Салей — звычайны хлопец, які захапляецца валейболам, ігрой на гітары. Ён нязменны вядучы ўсіх мерапрыемстваў у школе. Павел мэтанакіравана глядзіць у будучыню, плануе паступіць у БДУ. Спадзяецца, яго будучая прафесія будзе звязана з высокімі тэхналогіямі. Усе дзеці ад нараджэння таленавітыя, дакладней, у кожным дзіцяці закладзены велізарны інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Шмат у чым ад педагога залежыць, якім стане гэтае дзіця, наколькі праявяцца яго здольнасці і талент. І школа як важны сацыяльны інстытут павінна дапамагчы станаўленню асобы.

Людміла АСТАПЧЭНЯ,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Дубненскай сярэдняй школы Мастоўскага раёна.