Мы малюем пальчыкамі…

Працуючы ў першай малодшай групе, я, як і многія мае калегі, сутыкнулася з праблемай развіцця ў дзяцей дробнай маторыкі. У большасці выхаванцаў групы пры паступленні назіраўся нізкі ўзровень развіцця дробнай маторыкі і рухальнай скаардынаванасці: няёмкасць, няўзгодненасць рук, дзеці рана стамляліся, паказвалі невысокую працаздольнасць, не мелі неабходных навыкаў для элементарнага самаабслугоўвання (расшпільванне гузікаў на вопратцы, здыманне адзення перад сном, апрананне некаторых прадметаў адзення, абуванне). Гэта адбівалася на інтэлектуальным развіцці дзяцей, і было прынята рашэнне прымяніць мастацкія тэхнікі малявання як эфектыўную форму развіцця маторыкі рук выхаванцаў.

Вядучай ідэ яй майго вопыту з’яў­ляецца паступовае развіццё дробнай мускулатуры ў выхаванцаў трэцяга года жыцця пры дапамозе выкарыстання нетрадыцыйных тэхнік малявання, павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу.

На першым этапе работы былі распрацаваны крытэрыі для вызначэння ўзроўню развіцця маторыкі дзяцей трэцяга года жыцця на аснове задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі. З дапамогай гэтых крытэрыяў была праведзена дыягностыка ўзроўню развіцця маторыкі дзяцей.

Для сістэматызацыі работы ў гэтым напрамку распрацавана перспектыўнае планаванне па адукацыйнай галіне “Мастацтва” для першай малодшай групы з выкарыстаннем нетрадыцыйных тэхнік у выяўленчай дзейнасці. У адпаведнасці з тэмамі гульняў-заняткаў быў падабраны матэрыял. Гэта паралонавыя губкі, коркавыя пячаткі, цвёрдыя пэндзлікі, крупы (проса, манка), ватныя палачкі, пячаткі з гумкі і многае іншае.

Наступным крокам стала падрыхтоўка неабходнага развіццёвага асяроддзя. У гульнявым пакоі была створана гульнятэка з вырабленых сваімі рукамі і набытых дыдактычных і развіццёвых гульняў. Дзецям прыйшліся па душы такія гульні, як “Геаметрычнае лато для самых маленькіх”, “Збяром ураджай”, “Рознакаляровыя кругі”. Пашыты з яркай тканіны “Цудоўны мяшочак” выкарыстоўваўся для цэлай серыі гульняў: “Вызначы навобмацак”, “Дастань хустку для лялькі”, “Адгадай, што за прадмет”, “Знайдзі пару”. Вырабленая мной тактыльная скрынка была напоўнена кавалачкамі тканіны рознай фактуры, маланкамі для зашпільвання, ліпучкамі, кавалачкамі паралону і наждачнай паперы, драўлянымі прадметамі, мяккімі цацкамі. Тактыльная скрынка дала дзецям магчы­масць выкарыстоўваць дотык для пазнання свету з незвычайнага пункту гледжання. Напаўненне скрынкі перыядычна змянялася. Выкарыстанне пералічаных дапаможнікаў са­дзейнічала развіццю маторыкі ў дзяцей і дапамагала ў дасягненні пастаўленай мэты.

На першых занятках па маляванні крупамі я заўважыла, што многім дзецям хацелася проста так, без мэты, перасыпаць крупы з рукі ў руку. Прапускаючы струменьчык скрозь кулачок, яны ніяк не маглі нагуляцца з манкай і просам. Маніпуляцыі з крупамі развівалі ў дзяцей тактыльныя адчуванні, а таксама давалі заспакаяльны эфект. У пачатку гульняў-заняткаў я заўсёды адводзіла некалькі хвілін для такіх дзеянняў.

Падобныя віды дзейнасці па развіцці дробнай маторыкі былі для дзяцей эфектыўныя, заданні інтрыгавалі матывацыяй, працэс захапляў і дадаваў добрых эмоцый. Развіваючы дробную маторыку, я далучала дзяцей да розных відаў прадукцыйнай дзейнасці, узбагачала і пашырала іх вопыт у стварэнні непаўторных работ.

Гульні-заняткі, якія праводзіліся з выхаванцамі з выкарыстаннем нетрадыцыйнай тэхнікі малявання, спрыялі прагрэсіўнаму змяненню ў дзяцей тактыльнай успрымальнасці, адчувальнасці пальцаў. Так, у пачатку маёй працы нізкі ўзровень развіцця маторыкі назіраўся ў большасці дзяцей. Прычым сюды ўваходзілі як навічкі групы, так і выхаванцы, якія ўжо прайшлі адаптацыю. Гэтыя дзеці пры выкананні дзеянняў па самаабслугоўванні аддавалі перавагу бяздзейнічанню і чакалі дапамогі з боку дарослага. Пры ўкладванні геаметрычных фігур у адтуліны рабілі выпадковыя маніпуляцыі, адчуваючы дэфіцыт дакладных рухаў. На заключным этапе работы дзяцей з нізкім узроўнем развіцця маторыкі не было. Гэта даказвае эфектыўнасць такой дзейнасці.

У працэсе гульняў-заняткаў у выхаванцаў развіваліся творчае ўяўленне і звязнае маўленне, сфарміраваліся ўяўленні пра колеры прадметаў, іх формы і памеры, пра разнастайнасць аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Гульні-заняткі з выкарыстаннем розных тэхнік выяўленчай дзейнасці бадзёрылі, а не стамлялі, падахвочвалі працаваць з незвычайнымі матэрыяламі.

Пачынаць працу ў гэтым напрамку рэкамендую з малявання пальчыкамі, далонькай. Педагогам неабходна быць тактоўнымі і цярплівымі да тых дзяцей, якія не адразу згаджаюцца праца­ваць з прапанаванымі матэрыяламі. Заўсёды знойдуцца такія сярод малых, хто аддае перавагу спачатку паглядзець, як робяць іх аднагрупнікі, а ўжо потым брацца за працу самім. Прапаную скарыстацца складзеным мною алгарытмам малявання крупамі. Таксама рэкамендую выкарыстоўваць на занятках нетрадыцыйнага малявання музычнае суправаджэнне, што настройвае на патрэбны лад, разнявольвае, спрыяе стварэнню выразнага мастацкага вобраза.

Алгарытм малявання крупамі

Маляванне на паперы пальцам (клеем) і крупамі

  1. Малюем прадмет алоўкам на паперы або пальцам, змочаным клеем.
  2. Пакрываем яго крухмальным клейстарам пры дапамозе пэндзля.
  3. Пасыпаем малюнак крупамі, высушваем.
  4. Страсаем лішнюю крупу.

Маляванне на малюнку

  1. У скрынку ад цукерак кладзём ліст паперы з малюнкам з часопіса альбо з наклейкамі.
  2. Прапануем дзіцяці пальчыкамі адшукаць схаваную карцінку.

Маляванне на падносе

  1. Насыпаем манку пластом у 2 сантыметры на паднос.
  2. Разраўноўваем.
  3. Малюем пальцам простыя фігуры: кветку, сонца і г.д.

Маляванне далонню і крупамі

  1. Наліваем клейстар у аднаразовую місачку пластом 1 сантыметр.
  2. Кладзём далонь на клейстар.
  3. Прыціскаем яе да ліста таніраванай паперы, атрымліваючы малюнак.
  4. Прамываем далонь пад кранам.
  5. Сыплем проса або манку на клейкі малюнак, высушваем.
  6. Страсаем лішнюю крупу.

Ірына ГРЫНЦЭВІЧ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*