Музыка і танец: інтэграцыя і пераемнасць

У сярэдняй школе № 7 Смаргоні склаўся свой вопыт арганізацыі ўзаемадзеяння педагагічных работнікаў, якія ажыццяўляюць адукацыйны працэс у галіне музыкі і харэаграфіі. Акрамя ўрокаў музыкі, у школе для вучняў пачатковых класаў праводзяцца факультатыўныя заняткі “У свеце музыкі”, “Рытміка і танец”.

Настаўнікі Таццяна Міхайлаўна Ражко і Вольга Міхайлаўна Маляўская лічаць, што стварэнне сістэмы ўрочных і пазаўрочных заняткаў музычнага і харэаграфічнага кірункаў дазваляе выйсці за межы прадметнага зместу, дапамагае разгледзець багацце ўзаемасувязей музыкі з іншымі відамі мастацтва, забяспечыць творчае развіццё і сацыяльную адаптацыю вучняў.

Вучэбныя заняткі забяспечваюць дакладнасць планавання, сістэматычны кантроль працэсу і вынікаў адукацыйнай дзейнасці вучняў. Факультатыўныя заняткі даюць большыя магчымасці для варыятыўнай творчай арганізацыі навучання. Фарміраванне нарматыўна-мэтазгоднай дзейнасці вучняў на ўроку дапаўняецца развіццём самадзейнасці дзяцей на факультатыўных занятках. Засваенне на ўроку прадметных ведаў і агульнавучэбных уменняў і навыкаў дапаўняецца раскрыццём на факультатыўных занятках асабістых інтарэсаў і схільнасцей.

Адкрываць свет мастацтва ў школе дзеці пачынаюць з першага года навучання. Дзейнасць першакласнікаў на факультатыўных занятках “У свеце музыкі” накіравана на развіццё творчай актыўнасці, паглыбленне музычных ведаў. Пераемнасць такіх заняткаў з урокамі музыкі прасочваецца ў выкарыстанні наступных відаў дзейнасці: слуханне музычных твораў, спевы, ігра на музычных інструментах, пластычнае інтаніраванне, пластычнае мадэляванне, рытмадэкламацыя, тэатралізацыя, імправізацыя. Праграмай факультатыўных заняткаў прадугледжваецца стварэнне дзіцячага аркестра.

Выкананне музычных твораў з выкарыстаннем музычна-рытмічных рухаў збліжае змест урокаў музыкі, факультатыўных заняткаў музычнага кірунку з факультатыўнымі заняткамі “Рытміка і танец”.

Змест вучэбнай праграмы прадмета “Музыка” для 1 класа дазваляе знаходзіць шэраг пазіцый для інтэграцыі з факультатыўнымі заняткамі харэаграфічнага кірунку. У першы год вывучэння вучэбнага прадмета “Музыка” адбываецца знаёмства з першаснымі музычнамі жанрамі — песняй, танцам, маршам. Дзеці набываюць уяўленне пра відавую разнастайнасць танца, вучацца выдзяляць моцныя і слабыя долі “пульсу”. Сярод відаў дзейнасці таксама можна адзначыць слуханне мелодый з двухдольнай і трохдольнай пульсацыяй, выкананне рытмічнага акампанементу, выкананне песень з танцавальнымі рухамі.

Прынцып “навучанне мастацтву ў формах самога мастацтва” вызначае прыярытэт арганізацыйных форм, якія адпавядаюць прыродзе мастацтва (урок-канцэрт, урок-тэатралізацыя, урок-кліп і інш.). Практыкуецца правядзенне інтэграваных заняткаў.

Сувязь урочнай і пазаўрочнай дзейнасці вучняў забяспечвае большую прадукцыйнасць навучання. Настаўнікі Таццяна Міхайлаўна Ражко і Вольга Міхайлаўна Маляўская вопытам супрацоўніцтва ў гэтым кірунку падзяліліся з настаўнікамі Смаргонскага раёна на майстар-класе.

Настаўнікі прадэманстравалі ўрыўкі ўрокаў музыкі, факультатыўных заняткаў “У свеце музыкі”, “Рытміка і танец”. Матэрыялам для практычных заняткаў сталі фрагменты творчых нумароў да навагодніх ранішнікаў.

Удзельнікі майстар-класа разам з дзіцячым аркестрам практыкаваліся ў стварэнні інструментальнага суправаджэння да песні. Танец “Бубеньчыкі” паказаў магчымасці спалучэння танцавальных рухаў з выкарыстаннем музычных інструментаў, што пашырае магчымасці разумення вобраза і настрою, асаблівасцей тэмпу, рытму і формы твора.

Настаўнікі на практыцы паказалі, як дапаўненне выканання песні элементамі народнага танца, вывучанымі на факультатыўных занятках “Рытміка і танец”, спрыяе ўсведамленню выразных магчымасцей тэмпу і дынамікі. Танец-гульня “Ручкі-ручкі” засяродзіў увагу ўдзельнікаў майстар-класа на патэнцыяле музычных і танцавальных імправізацый для вырашэння задач творчага развіцця і стымулявання станоўчых ініцыятыў.

Сумесная творчая дзейнасць настаўнікаў па фарміраванні духоўнай культуры вучняў сродкамі музыкі і танца накіравана на забеспячэнне патрэб грамадства ў адукаванай і культурнай асобе.

Наталля САЗОНАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 7 Смаргоні.