Марыць пра неба…

Хто з хлопчыкаў не ўяўляў сябе пілотам, не кіраваў віртуальным самалётам, седзячы за камп’ютарам, не збіраў калекцыю мадэлей самалётаў?.. А якая дзяўчынка не гуляла ў сцюардэсу? Магчымасць дакрануцца да самалётаў, верталётаў, адчуць моц гэтых сталёвых птушак з’явілася ў выхаванцаў школьнага лагера “АШМЯНІЯ”, якія наведалі Музей авіяцыйнай тэхнікі ў вёсцы Баравая Мінскага раёна.

У экспазіцыі музея — самалёты і верталёты розных гадоў, наземны катапультны трэнажор. Для самых смелых наведвальнікаў — атракцыён “Сфера”. Экскурсавод правёў цікавую экскурсію, расказаў пра гісторыю стварэння музея, пра савецкага летчыка-знішчальніка маёра Сяргея Іванавіча Грыцаўца.


Юныя госці музея даведаліся шмат цікавага пра палёты ў космас, спадарожнікі і касмічныя караблі, пра ўзлёт і катапультаванне касманаўтаў на зямлю. Цікавай аказалася і экспазіцыя “Харчаванне ў космасе”. Таксама хлопчыкам і дзяўчынкам паказалі форму касманаўта з беларускай сімволікай. Акрамя таго, юныя наведвальнікі змаглі падняцца на борт самых вялікіх верталёта і самалёта, адчуць сябе сапраўднымі пілотамі, сеўшы за штурвал лятальных апаратаў.

Дзеці ўважліва слухалі аповед экскурсавода і задавалі пытанні аб прафесіі пілота, аб магчымасці здзяйсняць скачкі з парашутам. Па-добраму пазайздросцілі сталічным хлопцам і дзяўчатам, якія могуць запісацца ў аэраклуб.

Наведванне музея атрымалася пазнавальным, цікавым. Такія мерапрыемствы ўзнімаюць дух патрыятызму, любові і гонару за сваю Радзіму. Магчыма, хто-небудзь з нашых выхаванцаў захоча стаць лётчыкам, сцюардэсай, а авіяцыя будзе часткай іх жыцця. А пакуль застаецца толькі глядзець часцей у бяздоннае, недасягальнае неба, якое з’яўляецца “калыскай дзіцячай фантазіі”.

Святлана ЛАБАЧЭЎСКАЯ,
дырэктар школьнага лагера “АШМЯНІЯ” сярэдняй школы № 3 Ашмян;
Алена МІСЮКЕВІЧ,
старшы выхавальнік лагера.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*