Маляўнічая школа выйшла ў эфір

Ідэя арганізацыі аздараўленчых лагераў на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у маляўнічых кутках Гродзенскага раёна, нарадзілася тры гады назад.

У 2016 годзе падтрымалі эксперымент усяго тры школы раёна, у 2017 годзе — пяць, а гэтым летам ужо сем устаноў прапанавалі паўнавартасны адпачынак 210 падлеткам Гродзеншчыны. І нядзіўна, што маляўнічы лагер набірае абароты, бо, акрамя спрыяльных прыродных і сацыяльных умоў, у непасрэднай блізкасці размешчаны здраўніцы рэспубліканскага ўзроўню, якія прадастаўляюць паслугі для аздараўлення дзяцей. Да таго ж кругласутачны дзевяцідзённы лагер у школе — выключная магчымасць лаяльнай адаптацыі катэгорыі дзяцей-пачаткоўцаў. Гэта яшчэ і добры варыянт у эканамічным плане для многіх бацькоў: знаходжанне ў ім абыходзіцца для кожнай сям’і ў рэальную суму.


У адпаведнасці са спецыфікай рэгіёна школы, яе адукацыйных магчымасцей рэалізоўваліся розныя гульнявыя мадэлі тэматычных змен. Напрыклад, у лагеры “Новае пакаленне”, які размяшчаўся на базе Парэцкай сярэдняй школы, як спосаб творчага навучання і развіцця дзяцей педагогі выкарысталі форму кінавытворчасці. Якое ж дзіця не марыць зняць уласны кінашэдэўр або прайсці кастынг на ролю любімага героя?

Кіналагер — гэта захапляльная прыгода для дзяцей, у выніку якой раскрываюцца і развіваюцца таленты і здольнасці кожнага, фарміруюцца навыкі паспяховай камунікацыі, ствараюцца ўмовы для самавыяўлення, а галоўнае — паўнавартасны адпачынак праходзіць у творчай атмасферы.

У лічаныя дні класы ператварыліся ў здымачныя пляцоўкі, кінастудыі, інфармацыйныя цэнтры, грымёркі, алеі зорак. А 60 звычайных падлеткаў пераўвасобіліся ў рэжысёраў, акцёраў, прадзюсараў, каскадзёраў, дэкаратараў, аператараў і іншых работнікаў кінаіндустрыі. Крэатыўная каманда спецыялістаў, у ліку якіх 10 педагогаў дадатковай адукацыі Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, дапамагала кожнаму раскрыць свой творчы патэнцыял і самарэалізавацца.


На тэрыторыі кіналагера працавалі шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі, праводзіліся майстар-класы з удзелам прафесійных работнікаў тэлебачання, урокі акцёрскага майстэрства, кастынгі на галоўныя ролі, арганізоўваліся экскурсіі на Гродзенскую тэлестудыю. Выкарыстоўваліся шматлікія візуалізацыі: танцавальная, арт-, кіна-, фота- і музыкатэрапія. Удзельнікі тэматычнай змены атрымалі новыя веды, далучыліся да мастацтва кінематаграфіі і знялі сапраўдныя фільмы па ўласных сцэнарыях.

Вядома ж, вынікі дзіцячай кінатворчасці не засталіся без увагі — завяршылася змена кінафестывалем, дзе аўтары лепшых работ былі ўзнагароджаны знакамітым “Оскарам”.

— Як амаль у кожнага з бацькоў, у мяне былі хваляванні: а ці спадабаецца тут майму дзіцяці, ці будзе яму камфортна і цікава? Яно ж першы раз у такім лагеры. Сумненні адпалі ўжо на наступны дзень. З захапленнем Мацвей расказваў пра кінапраекты, цікавыя тэлепраграмы, у якіх яму трэба будзе здымацца. А мне спадабалася дамашняя цёплая атмасфера, уважлівае стаўленне выхавальнікаў да дзяцей, камфортныя ўмовы і чыстае паветра. “Мы ўжо дамовіліся. У наступным годзе абавязкова сустракаемся зноў у гэтым лагеры”, — падвёў вынік сын. Мабыць, гэта самы галоўны водгук! — дзеліцца ўражаннямі мама Мацвея Пісарэнкі.

Па словах Элізы Васілеўскай, якая ўжо трэці год адпачывае ў маляўнічым лагеры Парэцкай школы, самыя яркія ўражанні — гэта новыя сябры і магчымасць праявіць сябе. “Гэтым летам я паспрабавала сябе ў якасці журналіста, і мне вельмі спадабалася. Я пабывала на тэлестудыі “Гродна+”, пагутарыла з вядучымі тэлепраграм, навучылася браць інтэрв’ю і лавіць хвалю суразмоўцы. Сама зманціравала відэаролік пра жыццё ў лагеры і атрымала статуэтку “Оскара”. Мне дакладна будзе што ўспомніць пра лета!” — расказвае Эліза.

Свой вопыт работы калектыў педагогаў і дзяцей прадставіў на фестывалі аздараўленчых лагераў у рамках выязнога пасяджэння прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў. А творчую прэзентацыю пра дзейнасць лагера можна будзе ўбачыць на абласным фестывалі летніх аздараўленчых лагераў “Летні маршрут: малая радзіма” ў рамах рэспубліканскай акцыі “Малая радзіма: эстафета карысных спраў”.

Святлана БУЙНОЎСКАЯ,
метадыст Гродзенскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.