Лагапед анлайн

У апошні час пры ўстараненні моўных недахопаў у дзяцей усё большая роля адводзіцца інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям. Іх прымяненне дазваляе максімальна выкарыстоўваць прынцып дыферэнцыраванага падыходу ў навучанні дзяцей з парушэннямі маўлення, распрацоўваць індывідуальны адукацыйны маршрут для кожнага дзіцяці, дае магчымасць зрабіць карэкцыйныя заняткі больш займальнымі і цікавымі.

Маніторынг, які праводзіўся на працягу трох гадоў ва ўстанове адукацыі, дазволіў выявіць наступныя віды спецыфічных памылак у вучняў, якія залічаны ў пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі: адмяжоўванне сказа — 100%, адмяжоўванне слова — 80%, пропускі — 100%, устаўкі — 80%, перастаноўкі — 60%, спрашчэнне структуры слова — 80%, кантамінацыі — 100%, недапісванне літар — 100%, недапісванне складоў — 60%, адвольнае дзяленне слоў — 80%, парушэнне абазначэння мяккасці зычных — 80%, замены — 100%, блытаніна па кінестэтычнай прыкмеце — 100%, аграматызмы словаўтварэння — 80%, аграматызмы ўзгаднення — 100%, аграматызмы кіравання — 80%, няправільнае ўжыванне прыназоўнікаў — 100%.

Пошук шляхоў вырашэння гэтай праблемы вызначае неабходнасць уліку неаднастайнасці парушэнняў пісьмовай мовы, пабудовы дыферэнцыраванай карэкцыйна-педагагічнай работы па пераадоленні такіх расстройстваў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Павышэнню выніковасці карэкцыйнага суправаджэння спрыяе індывідуальная работа вучняў з камп’ютарам, з гэтай мэтай быў створаны блог “Лагапед анлайн”. Вэб-прастора блога забяспечвае якасна новы ўзровень педагагічнай дапамогі па карэкцыі маўленчых парушэнняў у вучняў. Я напоўніла блог карэкцыйнымі заданнямі, накіраванымі на карэкцыю змешанай дысграфіі, на фарміраванне арфаграфічных навыкаў, актывізацыю разумовай дзейнасці вучняў, развіццё іх лагічнага мыслення, увагі, памяці. Для гэтага выкарыстоўваю сацыяльныя сэрвісы Web 2.0: www.learningapps.org, www.photopeach.com, www.jigsawplanet.com, www.youtube.com, www.google.by/intl/ru/forms, www.zooburst.com, www.umapalata.com, www.symbaloo.com, www.blogger.com, https://sites.google.com.

Блог “Лагапед анлайн” уяўляе сабой банк карэкцыйных заданняў для вучняў (70 аўтарскіх інтэрактыўных заданняў), накіраваных на развіццё розных аналізатараў, інфармацыйна-метадычны матэрыял для бацькоў (аўтарскія заданні, заснаваныя на віджэце “Мае паведамленні” (51 заданне), вэб-мікс “Артыкуляцыйная гімнастыка” (27 спасылак, якія абазначаны даступнымі невербальнымі сімваламі і адпавядаюць назвам практыкаванняў), раздзел “Дробная маторыка”, які змяшчае вэб-міксы “Гульні з паперай” (каталог з 41 спасылкай) і “Гульні з палачкамі” (каталог з 27 спасылкамі), карта блога; вэб-квест “У гасцях у казкі” (ролевая гульня для самастойнай работы).

На 01.05.2017 блог “Лагапед анлайн” наведалі больш за 18 000 разоў карыстальнікі з 25 краін. Пастаянныя карыстальнікі блога знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (Гродзенская вобласць, Мінск), Расійскай Федэрацыі (Масква, Варонеж), Злучаных Штатаў Амерыкі (Каліфорнія, Фларыда). Блог пастаянна папаўняецца новымі матэрыяламі.


Усе карэкцыйныя заданні блога “Лагапед анлайн” (www.defectologsh4.blogspot.com) падзелены на 10 раздзелаў у залежнасці ад таго, якія змешваюцца фанемы: “У гасцях у смурфікаў” (дыферэнцыяцыя з-с), “У гасцях у Карлсана” (дыферэнцыяцыя г-к), “У гасцях у Беласнежкі” (дыферэнцыяцыя б-п), “Церамок” (дыферэнцыяцыя д-т), “Тры мядзведзі” (дыферэнцыяцыя в-ф), “Трое парасят” (дыферэнцыяцыя ж-ш), “Калабок” (дыферэнцыяцыя с-ш), “Чароўная лямпа” (дыферэнцыяцыя з-ж), Раздзел “Заечая хатка” (дыферэнцыяцыя с-ц), “Бураціна” (дыферэнцыяцыя ч-ц).

У кожным раздзеле заданні размеркаваны па ўзроўні складанасці:

1 узровень — дыферэнцыяцыя на ўзроўні гуку;

2 узровень — работа са склада-гукавым складам слова;

3 узровень — дыферэнцыяцыя на ўзроўні складу;

4 узровень — дыферэнцыяцыя на ўзроўні слова;

5 узровень — дыферэнцыяцыя фанем у сярэдзіне слова;

6 узровень — дыферэнцыяцыя на ўзроўні сказа;

7 узровень — дыферэнцыяцыя на ўзроўні тэксту.

Узровень прад’яўлення задання выбіраецца пры дапамозе кнопкі.

У карэкцыі змешанай дысграфіі ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі велізарная роля належыць бацькам. Сучасныя бацькі большую частку часу праводзяць за камп’ютарам, таму для забеспячэння пераемнасці ў рабоце настаўніка-дэфектолага і законных прадстаўнікоў дзіцяці выкарыстоўваю віджэт “Мае паведамленні”. Гэта розныя інтэрактыўныя карэкцыйныя заданні па тэме, якая вывучаецца, аб’явы, навіны, падвядзенне вынікаў вэб-квеста. У раздзеле “Для бацькоў” змешчаны спасылкі на інтэрнэт-рэсурсы па пытанні аказання лагапедычнай дапамогі вучням.

Для аблягчэння паўтарэння практыкаванняў створаны раздзел “Артыкуляцыйная гімнастыка”, і я змясціла ў яго вэб-мікс, заснаваны на сэрвісе www.symbaloo.com, у якім усе віды артыкуляцыйных практыкаванняў акрэсліла не толькі вербальнымі, але і невербальнымі сімваламі, якія і адпавядаюць назвам практыкаванняў.

На працягу 2015/2016 навучальнага года ажыццяўляўся маніторынг спецыфічных памылак у вучняў, залічаных у ПКПД з педагагічным дыягназам “Змешаная дысграфія”: парушэнне змякчэння зычных, пропускі, парушэнне межаў сказа, злітнае напісанне слоў у сказе, паасобнае напісанне частак слоў, парушэнне паслядоўнасці слоў. Для гэтага выкарыстоўвалася методыка “Аналіз пісьмовых работ”.

Значна ўзрасла колькасць вучняў, якія выправілі спецыфічныя памылкі тыпу: парушэнне паслядоўнасці слоў у сказе — у 2 разы, змякчэнне зычных — у 1,7 разу; парушэнне межаў сказа, злітнага напісання слоў у сказе, паасобнае напісанне частак слова — у 1,5 разу; пропускі літар і складоў — у 1,25 разу.

Тэхнічныя рэсурсы ўстановы адукацыі дазваляюць актыўна выкарыстоўваць сэрвісы Web 2.0 як на індывідуальных, так і на групавых занятках з вучнямі (пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі абсталяваны ноўтбукам; у школе ёсць мабільны камп’ютарны клас канфігурацыяй “8 + 1”).

Выкарыстоўваю варыянты прапанаваных заданняў у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі дзяцей. Сістэма карэкцыйных практыкаванняў дазваляе арганізаваць як індывідуальныя, так і групавыя формы работы з вучнямі.

Інтэрнэт-прастора дазваляе павысіць вучэбную матывацыю вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама сфарміраваць у малодшых школьнікаў навыкі эфектыўнага ўзаемадзеяння з інфармацыйным асяроддзем. Прымяненне сэрвісаў Web 2.0 у карэкцыйнай рабоце спрыяе прадметнаму дыялогу ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу ў трыядзе “настаўнік-дэфектолаг — вучань — бацькі”. Сэрвісы Web 2.0 дазваляюць мне больш творча падыходзіць да падрыхтоўкі і правядзення карэкцыйных заняткаў, паколькі дапамагаюць рэалізаваць інавацыйныя дыдактычныя ідэі.

Спецыялістам, якія працуюць з дзецьмі, якія маюць маўленчыя парушэнні, варта памятаць, што ў большасці малодшых школьнікаў такой катэгорыі недастатковы ўзровень вучэбнай матывацыі. Таму асноўная задача выкарыстання ў карэкцыйнай рабоце сэрвісаў Web 2.0 заключаецца ў тым, каб зацікавіць вучняў, зняць у іх страх перад вучэбнай дзейнасцю, і, перш за ўсё, перад пісьмом і чытаннем, стварыць на занятках атмасферу супрацоўніцтва і ўзаемаразумення. Настаўнік-дэфектолаг можа выкарыстоўваць варыянты прапанаваных заданняў у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі дзяцей. Сістэма карэкцыйных практыкаванняў дазваляе арганізаваць як індывідуальныя, так і групавыя формы работы з вучнямі.

Блог “Лагапед анлайн” адзначаны дыпломам III ступені ў конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт — 2015” і ўключаны ў рэспубліканскі банк электронных адукацыйных рэсурсаў.

Вопыт работы з блогам быў прадстаўлены на рэспубліканскім конкурсе “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі — 2016” і адзначаны дыпломам I ступені на абласным этапе і дыпломам II ступені ў намінацыі “Стэндавы даклад” на заключным этапе конкурсу.

У перспектыве планую стварыць інтэрактыўныя плакаты, відэараздзел па развіцці дробнай маторыкі ў малодшых школьнікаў, а таксама разам з дзецьмі запоўніць ментальныя карты для вэб-квеста “У гасцях у казкі”.

Марыя СМУРАГА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 11 імя П.І.Батава Слоніма.