Краязнаўства выхоўвае грамадзяніна

Як настаўнік гісторыі і класны кіраўнік вялікую ўвагу ўдзяляю грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню дзяцей. Работа ў гэтым кірунку пабудавана на аснове сутворчасці, сумеснай працы гімназіі, сям’і і класнага кіраўніка.

Выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, любові да Радзімы і народа найбольш плённа ажыццяўляецца праз краязнаўства. Выхаванне любові і павагі да тых месцаў, дзе нарадзіўся і вырас, дапамагае зразумець непарыўную сувязь і адзінства малой радзімы з жыццём усёй краіны.

З вялікім задавальненнем і энтузіязмам мае вучні і іх бацькі ўдзельнічаюць у арганізацыі і правядзенні розных тэматычных выстаў і прэзентацый падчас класных і інфармацыйных гадзін. Напрыклад, “Падручнікі нашых бацькоў”, “Са старога школьнага партфеля”, “Газеты і часопісы СССР”, “Дзіўны свет паштовай маркі”, “Шлю табе віншаванне…” (віншавальныя паштоўкі 40—80-х гадоў
ХХ стагоддзя), “Зазірні ў бабулін куфэрак” і інш.

Вялікае значэнне ў выхаваўчай рабоце мае экскурсійная работа. Так, па маршруце Маламажэйкаўская царква — Лідскі замак — храм Святога Архангела Міхаіла ў Сынкавічах разам з вучнямі склалі справаздачу і стварылі відэаролік для ўдзелу ў конкурсе юных экскурсаводаў па тэме “З чаго пачынаецца Радзіма” ў рамках рэспубліканскага грама­дзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”. Па выніках гэтага конкурсу нас запрасілі ў канцы мінулага года ў Мінск, дзе прайшоў рэспубліканскі форум юных экскурсаводаў. Наша работа “Ганаруся табою, мой край родны!” была адзначана дыпломам ІІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

На гэтым мы не спыніліся і падчас наступных канікул наведалі ўнікальны Музей авіяцыйнай тэхнікі, што знаходзіцца ў пасёлку Баравая, каля Мінска.

На зімовых канікулах зноў была арганізавана экскурсія для вучняў у Мінск. Дзеці пабывалі ў Траецкім прадмесці, наведалі Востраў мужнасці і смутку — мемарыял у гонар беларускіх воінаў-інтэрна­цыяналістаў.

Я з’яўляюся кіраўніком гімназічнага музея “Гісторыя школы ў гісторыі краіны”, і мае навучэнцы не толькі актыўна яго наведваюць, але і часта выконваюць функцыі экскурсаводаў, право­дзяць музейныя
заняткі для іншых класаў: “Яго імя носіць наша піянерская дружына”, “Ганарымся нашымі выпускнікамі”, “Камсамольскае юнацтва”.

Краязнаўства і музеязнаў­ства заўсёды будуць мець вялікае значэнне для грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, бо з ранняга дзяцінства і да глыбокай старасці чалавек кроўна звязаны са сваёй радзімай. Яе шлях і лёс — гэта шлях і лёс кожнага з нас.

Лілія ДЗЯМЕШЧЫК,
настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Мастоў.