Кожны дзень — цукерка

Лета — час, калі не трэба рабіць урокі, а цэлы дзень можна займацца любімымі справамі. Дзеці, якія жадаюць навучыцца чамусьці карыснаму і цікаваму, адпраўляюцца ў школьныя лагеры. З іх ліку і вучні Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Кожны год для школьнікаў установа ладзіць аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем “Дружба”.

Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту актуальным з’яўляецца пазнанне навакольнага свету. Кожны дзень яны адкрываюць штосьці новае і незвычайнае, а дарослыя ім у гэтым дапамагаюць. Акрамя гэтага, задача выхавальнікаў — зрабіць дзіцячыя адкрыцці жаданымі і доўгачаканымі.

Змена нашага лагера называлася “Шакаландыя”. Яна дала магчымасць хлопчыкам і дзяўчынкам у гульнявой форме здзейсніць адкрыцці ў свеце салодкага смаку. Уявіце сабе, што змена — гэта каробка цукерак, усё самае цікавае схавана ўнутры, і кожны дзень — гэта новая цукерка. Назва “цукеркі” вызначала тэматыку дня.

Напрыклад, цукерка дня “Беларускія”. Тэма — Беларусь. Мэты — пашырыць уяўленні вучняў аб роднай краiне, развiваць мову дзяцей, выхоўваць любоў да Беларусi, яе чароўнай прыроды. Былі праведзены разнастайныя мерапрыемствы: турнір “Знаўцы беларускай мовы і літаратуры”, вусны часопіс “Традыцыі беларускага народа”, віктарына “Любі і ведай свой родны край!”, прагляд відэафільма “Легенды і паданні зямлі беларускай”, акцыя “Размаўляй па-беларуску”, конкурсы малюнкаў на асфальце “Мой родны кут” і чытальнікаў вершаў “Жывая класіка: прысвячэнне малой радзіме”, флэшмоб “Мая малая радзіма”.

Праводзіліся разнастайныя спаборніцтвы і мерапрыемствы, якія садзейнічалі фарміраванню ведаў правільнага харчавання, прапагандзе здаровага ладу жыцця, выхаванню адказнасці за сваё здароўе (цукерка дня “Шалёная пчолка”, “Конік”, “Шакалапкі”), спартыўная эстафета “Фізкульт — УРА!”, круглы стол “Шкодныя звычкі”, конкурс плакатаў “Мы — за здаровы лад жыцця”, “Юны следапыт”.

Глядзіш на дзяцей — бачыш шчаслівыя твары, радасныя ўсмешкі. Таму на пытанне “Ці плануеце адпачыць у лагеры “Дружба” наступным летам?” прагучала дружнае: “Так!”

Аксана ХАЯН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.