Камп’ютар — дзейсны інструмент выхавання

Апошнім часам у нашым жыцці ўсё большае значэнне набываюць тэрміны “інфарматызацыя”, “інфармацыйная прастора”. Трывалыя пазіцыі займае інфармацыйная прастора і ў адукацыі. Важная роля інфармацыйных сродкаў навучання бясспрэчна, аднак сёння і выхаванне немагчыма ўявіць без гэтага працэсу.


Так, у гімназіі № 1 Ашмян адным з напрамкаў дзейнасці ў галіне інфарматызацыі выхаваўчага працэсу стала ўдасканаленне ўласнай метадычнай базы. Якім чынам? Па-першае, шляхам безупыннага абнаўлення медыятэкі, па-другое, дзякуючы выпуску метадычных распрацовак у выглядзе брашур. Асваенне тэхналогіі брашуравання дазволіла якасна падысці да пытання абагульнення перадавога педагагічнага вопыту. Акрамя таго, цяпер настаўнікі гімназіі могуць выдаваць свае метадычныя дапаможнікі, асвятляючы ў іх найбольш запатрабаваныя і актуальныя пытанні.

Інфармацыйныя тэхналогіі зрабілі магчымым развіццё яшчэ аднаго напрамку выхаваўчай работы — арганізацыі дзейнасці гімназічнага прэс-цэнтра, які займаецца выпускам уласнай газеты TERRA incognita. Газета была задумана як перыядычнае выданне, якое павінна адказваць густам гімназістаў, іх бацькоў і настаўнікаў. Яшчэ адной яе асаблівасцю стала карэннае адрозненне ад добра вядомых насценгазет — зручнасць у карыстанні.

Юныя карэспандэнты пад кіраўніцтвам педагога Аляксандры Вітальеўны Кавалёвай вучацца працаваць з рознымі журналісцкімі жанрамі: пісаць заметкі, рэпартажы, агляды падзей, браць інтэрв’ю. Выдатныя матэрыялы атрымліваліся ў Кацярыны Бенадысюк, Дзіяны Кеўра, бо дзяўчаты займаліся газетай не адзін год. Індывідуальны стыль і цяга да аналітычных жанраў адрознівала журналісцкі вопыт Ірыны Завадскай. Сёння гэтыя дзяўчаты працуюць у розных установах нашай краіны, і мы ўпэўнены ў тым, што вопыт, набыты ў гімназіі, спатрэбіўся ім у жыцці.

Кацярына Бенадысюк вырашыла звязаць свой лёс з журналістыкай, і мы вельмі ганарымся, што сёння яна працуе на гродзенскім тэлебачанні. Дзіяна Кеўра вярнулася на сваю малую радзіму і працуе ў Цудзенішскай школе.


Шырокія магчымасці ў сферы дызайну газетных нумароў дазваляюць рухацца наперад, удасканальвацца, шукаць новыя спосабы прыцягнення ўвагі чытачоў. Вёрстка нашай газеты прайшла шлях ад простых офісных праграм Microsoft Word, Microsoft Publisher да выдавецкай праграмы Serif PagePlus X4. Дарэчы, высокі ўзровень газеты пацвярджае перамога ў Рэспубліканскім конкурсе школьных СМІ “Пунсовыя ветразі”. TERRA incognita мае пастаянныя рубрыкі: “Навіны адным абзацам”, “Падарожныя заметкі”, “Здраўніца”, “Credo”, “Беларускі куточак”, “Откровения с…”, “Opusy gimnazistov”, “Пра галоўнае”, “Фотарэпартаж”. Аднак як само жыццё не стаіць на месцы, так і дзейнасць гімназічнага прэс-цэнтра цячэ, бруіць, віруе, абрастае новымі ідэямі. Бо асноўная мэта — пошук крэатыўных, зацікаўленых і ініцыятыўных дзяцей — выканана.

Вялікая ўвага ў гімназіі заўсёды ўдзяляецца класным партфоліа. Раней гэта былі своеасаблівыя дзённікі, выкананыя цалкам на паперы. З мінулага года было прынята рашэнне стварыць электронныя партфоліа, якія куды зручней у карыстанні: прасцей заносіць інфармацыю пра клас, прасцей яе рэдагаваць. Не выклікае цяжкасцей такое партфоліа і пры дэманстрацыі на бацькоўскіх сходах.

Класныя кіраўнікі прапануюць наступную структуру партфоліа класа: прававы блок (“Бюро правоў”), блок вучэбнай дзейнасці (“Граніт навукі”), блок здароўя (“У здаровым целе — розум здаровы”), блок выхавання (“Быць чалавекам!”), блок звестак пра сям’ю (“Сем+Я”). Канечне, гэтая структура прыкладная. Галоўнае, каб яна адпавядала патрабаванням настаўніка, дзяцей і бацькоў, а таксама, каб як мага шырэй ахоплівала жыццё класа. Кожны блок класнага партфоліа змяшчае пэўную інфармацыю: пра дзяцей, іх бацькоў, дасягненні класа, найбольш цікавыя мерапрыемствы. Выкананы ў праграме Microsoft Excel электронны журнал дазваляе захоўваць рэйтынгавыя адзнакі навучэнцаў, прадстаўляць неабходную інфармацыю ў выглядзе табліц, дыяграм, якія самастойна мяняюць выгляд у выпадку змянення лічбавых даных. Электроннае партфоліа змяшчае таксама візітоўку класа, фота- і відэаархіў.

Класнаму кіраўніку, які пачынае работу над электронным партфоліа, неабходна разумець, што гэта павінна быць не яго індывідуальная справа, а сумесная дзейнасць яго як класнага кіраўніка і дзяцей, якія могуць ствараць свае электронныя старонкі, прапаноўваць свае ідэі.

Сёння мы аддаём перавагу яшчэ аднаму электроннаму прадукту — электроннаму дзённіку. Гэта новы праект, які дазваляе стварыць адзіную інфармацыйна-адукацыйную сетку для асноўных удзельнікаў вучэбнага працэсу. Асноўнае прызначэнне дзённіка з цягам часу не змянілася: для дзяцей гэта інструмент для запісу дамашніх заданняў, раскладаў урокаў, для настаўнікаў і бацькоў — сродак зносін, спосаб перадачы інфармацыі аб наведванні заняткаў і паспяховасці, а вось эфектыўнасць яго выкарыстання практычна зжыла сябе.

Плюсы электроннага дзённіка для вучняў у тым, што яны прывучаюць сябе да дысцыпліны. Своечасова і ў поўнай меры вядуцца рэгулярныя запісы раскладу, дамашніх заданняў у электронным выглядзе. Карысць для бацькоў у тым, што ім у поўнай меры і аператыўна даводзіцца ўся інфармацыя аб узроўні навучання гімназістаў. Яны могуць кантраляваць і своечасова аказаць дапамогу сваім дзецям. Для настаўнікаў гэта ўпэўненасць, што кожны дзень выстаўленая вучню адзнака не застанецца без увагі бацькоў.

Камп’ютарныя тэхналогіі ўвесь час развіваюцца, а разам з імі павінны развівацца і мы, настаўнікі, каб заўсёды быць калі не на прыступку вышэй за вучняў, то хоць бы, на адным інфармацыйным узроўні з імі. А яшчэ трэба памятаць, што любы інфармацыйны сродак — не самамэта, а толькі інструмент нашай адукацыйнай і выхаваўчай дзейнасці.

Ірына МІХАЙЛОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 1 Ашмян.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*