Гульні з каляровым пяском

Работа настаўніка-дэфектолага заснавана часам на працяглым і даволі аднастайным працэсе аўтаматызацыі гукаў і правільнай пастаноўкі артыкуляцыі. Мы ўсе ўсведамляем, наколькі важная мова ў сучаснай камунікацыі. З развіццём мовы звязана і станаўленне асобы, і фарміраванне псіхічных працэсаў.

Але колькасць дзяцей з парушэннямі маўлення ў сучасным свеце не змяншаецца, а ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту неабходна таксама ўлічваць нізкі ўзровень іх матываванасці на аднатыпную, няхай і карысную, дзейнасць. Падчас правядзення карэкцыйна-развіццёвай работы з дзецьмі ў іх таксама назіраецца недастатковая сфарміраванасць пазнавальных працэсаў: памяці, увагі, мыслення. Менавіта таму ў апошні час значна ўзрасла цікавасць педагогаў да выкарыстання ў рабоце рознакаляровага пяску. Я таксама адкрыла для сябе гэты матэрыял і актыўна прымяняю яго на занятках з дзецьмі. Дзякуючы сваім якасцям, пясок спрыяе зніжэнню ў дзяцей стрэсу ад заняткаў: розны колер матэрыялу абуджае цікавасць, а незвычайныя тактыльныя пачуцці падабаюцца нават дарослым.

Чаму ж я рэкамендую выкарыстанне такога пяску?

Па-першае, маніпуляцыі дзяцей з пяском — гэта  гульня, якая, вядома, з’яўляецца асновай дзейнасці дашкольнікаў. Адпаведна, заняткі з такім матэрыялам праходзяць лёгка, ненапружана. Можна таксама адзначыць, што гульні з пяском дапамагаюць дзецям стабіліза­ваць эмацыянальны стан, развіць не толькі тактыльна-кінетычныя адчуванні, але і спрыяюць развіццю ўвагі, памяці і мыслення.

Па-другое, безумоўна прызнаецца сувязь паміж развіццём рухальнай актыўнасці і развіццём ­маў­лен­ня. Увогуле, маўленне па сваёй сутнасці таксама з’яўляецца рухам мышцаў органаў артыкуляцыі. У многіх дашкольнікаў назіраецца няўпэўненасць руху пальцаў рук, недакладнасць рухаў у цэлым, таму выкарыстанне пяску, з якім дзеці непасрэдна кантактуюць, мэтазгоднае.

Па-трэцяе, пясочная тэрапія — гэта ключ да ўнутранага свету дзіцяці, адзін з самых арганічных спосабаў выказаць перажыванні, даследаваць свет, наладзіць адносіны паміж педагогам і дзіцем. Гульня з пяском — гэта яшчэ і творчая дзейнасць, якая раскрывае ўважліваму педагогу патаемныя бакі асобы дзіцяці.

Мой вопыт работы паказаў, што выкарыстанне пясочнай тэрапіі дае станоўчыя вынікі: узрастае цікавасць дзяцей да заняткаў, эфектыўна развіваецца дробная і агульная маторыка, фанематычны слых і ўспрыманне, хутчэй замацоўваюцца на­выкі правільнага вымаўлення пры аўтаматызацыі гуку, значна пашыраецца слоўнікавы запас.

У сваёй рабоце з дзецьмі з цяжкімі парушэннямі маўлення выкарыстоўваю гульні і практыкаванні з пяском як індывідуальна, так і на падгрупавых занятках па развіцці звязнага маўлення, фарміраванні вымаўлення, навучанні пісьму.

Гульні і практыкаванні з пяском, якія я выкарыстоўваю, даступныя кожнаму. Пералік мэт, на якія накіраваны гэтыя гульні, даволі шырокі: на развіццё маторыкі і мыслення (“Адгадай загадку”, “Чаго на свеце не бывае”, “Каляровая  агароджа”), на зніжэнне псіхафізічнага напружання (“Добры дзень, пясок!”, “Пясочная фея”), шмат практыкаванняў накіравана на развіццё тактыльнай адчувальнасці, дробнай маторыкі рук, уяўленняў дзяцей (“Скачуць зайцы”, “Паўзуць змейкі”, “Бягуць жучкі-павучкі”, “Узоры на пяску”). Трэба таксама адзначыць, што кожная гульня менавіта з каляровым пяском спрыяе больш хуткаму развіццю сенсорнага ўспрымання, станаўленню сенсорных эталонаў.

Ірына БУДЗЬКО,
настаўнік-дэфектолаг Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.