Гульні на вадзе — карысць здароўю

Разглядаючы наяўнасць басейна як адну з унікальных магчымасцей установы па захаванні і ўмацаванні здароўя ў адзінай сістэме аздараўлення, педагагічны калектыў ясляў-сада № 6 Ваўкавыска паставіў перад сабой мэту аптымальна павялічыць ступень аздараўлення выхаванцаў праз практыкаванні і забавы ў вадзе.

Яшчэ напярэдадні летняга аздараўленчага перыяду з мэтай вывучэння запытаў бацькоў педагогі ўстановы правялі рэкламную кампанію “Аздараўленчае плаванне — першыя ўрокі”. Улічваючы пажаданні дзяцей і іх бацькоў, з першых дзён лета з мэтай засваення сацыяльнага вопыту, зносін з аднагодкамі і дарослымі ў сумеснай гульнявой дзейнасці пачала работу група кароткачасовага знаходжання — аздараўленчая гульнявая пляцоўка “Гульні на вадзе”.

Пад кіраўніцтвам высокакваліфікаванага спецыяліста кіраўніка фізічнага выхавання Ларысы Чарапок два разы на тыдзень у першую палову дня дзеці збіраюцца на гульнявой пляцоўцы, дзе атрымліваюць радасць уражанняў і адкрыццяў з чараўніцай вадой. Сустрэчы новых сяброў заўсёды суправаджаюцца вясёлым смехам, феерверкам станоўчых эмоцый.

Дзякуючы эфектыўнаму выкарыстанню гульнявых метадаў і прыёмаў, сучаснаму абсталяванню басейна, прафесіяналізму медыцынскіх і педагагічных работнікаў, дзеці з лёгкасцю асвойваюць водную прастору, вучацца трымацца на плаву, ныраць, затрымліваць дыханне пад вадой, тым самым загартоўваючы свой арганізм.

Пры арганізацыі і правядзенні гульнявых комплексаў у басейне кіраўнік фізічнага выхавання звяртае ўвагу дзяцей на правілы бяспечных паводзін на вадзе.

У структуру заняткаў Ларыса Віктараўна ўключае гульнявыя сітуацыі, пераўвасабленні, рухавыя гульні, накіраваныя на фарміраванне ў дзяцей толькі станоўчых эмоцый і пачуццяў: радасці, задавальнення, зацікаўленасці і асалоды ад знаходжання ў вадзе. Кожныя заняткі яна пачынае з невялікай размінкі на масажным дыванку, якая складаецца з комплексу практыкаванняў для розных груп мышцаў, прафілактыкі плоскаступнёвасці і абавязкова дыхальнай гімнастыкі. Вялікая падрыхтоўчая работа станоўча ўплывае на загартоўванне дзіцячага арганізма: удасканальваецца механізм тэрмарэгуляцыі, павышаецца імунітэт, паляпшаецца адаптацыя да разнастайных умоў навакольнага асяроддзя.

Вельмі прыемна бачыць станоўчы вынік: напрыканцы летняй аздараўленчай кампаніі дзеці, якія наведвалі аздараўленчую гульнявую пляцоўку, адважна і самастойна трымаюцца не толькі на вадзе, але і пад вадой. Наведванне басейна прынесла ім толькі станоўчыя эмоцыі і ўражанні.

Таццяна ХЛАМКО,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 6 Ваўкавыска.