Грашовая азбука

Грошы — гэта, бадай, адна з самых вялікіх вынаходак чалавека. Сучасныя дзеці вельмі рана знаёмяцца з роляй грошай. Важна, каб з маленства яны разумелі, што гэтыя сродкі не растуць на дрэвах і бацькам трэба працаваць, каб іх зарабіць, а для правільнага планавання даходаў і расходаў неабходны спецыяльныя веды.

Гэтая актуальная і цікавая тэма знайшла адлюстраванне ў даследчым праекце “Грашовая АЗБУКА” навучэнцаў 3 “Б” класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні, які быў рэалізаваны не так даўно. Праект складаўся з 4 блокаў: “Як з’явіліся грошы”, “Беларускія грошы”, “Грошы свету”, “Беражлівасць і эканомія”.

Для таго каб прадэманстраваць стартавы ўзровень фінансавай дасведчанасці дзяцей, мы намалявалі дрэва, на якім адлюстравалі толькі некалькі лісточкаў. Гэта тое, што ведалі хлопчыкі і дзяўчынкі пра грошы ў пачатку праекта.

Скарбонку ведаў па тэме праекта мы пачалі папаўняць падчас падрыхтоўкі сумесных прэзентацый “Як з’явіліся грошы”, “Грошы свету”, “Цікавыя факты пра грошы”. Ужо на гэтым этапе ў работу ўключыліся бацькі, таму найбліжэйшы бацькоўскі сход быў праведзены ў форме кансультацыі “Кішэнныя грошы і малодшыя школьнікі”. Падчас шчырай гутаркі дарослыя знайшлі адказы на пытанні, якія іх хвалявалі, а ў канцы сустрэчы атрымалі буклеты з парадамі псіхолагаў па гэтай тэме.

Пазнавальнай стала экскурсія ў Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей. Нашай увазе былі прадстаўлены самыя цікавыя экзэмпляры грашовых адзінак — усяго больш за 220 узораў.

А пасля экскурсіі ў банк многія вучні захацелі там працаваць. Кансультант банка ў даступнай форме патлумачыла, як пакласці грошы на тэлефон, як карыстацца банкаматам, лічыльнай машынкай. Некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі адразу ж на практыцы замацавалі атрыманыя веды. У канцы сустрэчы маленькія госці атрымалі прысмакі і карысныя кнігі.

Падчас вывучэння беларускіх грошай было вырашана пазначыць на карце Беларусі ўсе архітэктурныя помнікі, намаляваныя на банкнотах. Калі карта была запоўнена, навучэнцы выявілі, што кожная з банкнот прысвечана аднаму з рэгіёнаў Беларусі.

Працуючы над праектам, мы не пакінулі без увагі і інтэрнэт-рэсурсы. На сайце Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь адшукалі шмат пазнавальнай інфармацыі. Займальнай аказалася інтэрактыўная гульня “Лесмаркет”. Асабліва цікава было паназіраць за малюнкам банкнот ва ўльтрафіялетавым і інфрачырвоным рэжымах, а таксама яшчэ раз убачыць ступені абароны падчас інтэрактыўнай пазнавальнай гульні “Ведай свае грошы”.

На працягу года ўдзельнікі праекта былі ўцягнуты ў розныя віды дзейнасці. Напрыклад, эксперымент “Жаданае і неабходнае” навучыў дзяцей траціць грошы на патрэбныя рэчы, а даследаванне “Самы танны магазін” — параўноўваць цэны ў розных гандлёвых кропках. Вельмі пазнавальная атрымалася класная гадзіна “Сямейны бюджэт”, на якой малодшыя школьнікі замацавалі веды па арганізацыі сямейнага бюджэту, а таксама атрымалі навыкі эканоміі, беражлівасці. У канцы работы над праектам усім запомнілася гульня “Хто хоча стаць мільянерам” у сэрвісе LearningApps. Некалькі “мільянераў” фінансавых ведаў усё ж вызначылася. А выніковая віктарына “Хто больш ведае?” яшчэ раз замацавала і абагульніла веды дзяцей па тэме праекта.

Удзельнікі ініцыятывы з задавальненнем назіралі, як на нашым дрэве фінансавых ведаў з кожным новым этапам праекта з’яўляліся новыя лісточкі. Цяпер вучні ведаюць, што грошы можна вырасціць, але не на дрэве, а ў банку. Рэалізаваны праект стаў прызёрам раённай канферэнцыі “Юны даследчык”.

У ходзе даследаванняў і эксперыментаў удзельнікі праекта навучыліся аналізаваць, параўноўваць, абагульняць, вылучаць гіпотэзы і рабіць высновы. Навучэнцы былі далучаны да цікавай, творчай калектыўнай работы, вынік якой абавязкова спатрэбіцца ім у далейшым жыцці. Разам з дзецьмі растуць і іх веды ў галіне фінансаў, сямейнай эканомікі. Новыя сустрэчы і экскурсіі, конкурсы, пазакласныя мерапрыемствы працягваюць адкрываць перад малодшымі школьнікамі нязведаныя старонкі грашовай азбукі.

Наталля СЕМЯНОВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Смаргоні.