Гісторыя бульбы на ўроках працоўнага навучання

Мэтай маёй педагагічнай дзейнасці з’яўляецца развіццё творчых здольнасцей дзяцей на ўроках працоўнага навучання. Урокі працы з устаноўкай на творчасць падрыхтоўваюць вучняў да самастойнай працоўнай дзейнасцi, спрыяюць лёгкай адаптацыі ў жыцці пасля заканчэння школы.

Прадмет “Працоўнае навучанне” для мяне і маіх вучняў — гэта эксперыментальная творчая пляцоўка. Я спрабую кожны ўрок ператварыць у ­творчы працэс, для чаго выкарыстоўваю навукова-папулярную літаратуру, інтэр­нэт-рэсурсы. Улічваю і ўзроставыя асаблівасці: любое даследаванне павінна быць пасільным, цікавым, карысным, адпавя­даць ­узросту вучняў. Немалаважны і псіхалагічны камфорт. Імкнуся стварыць на ўроку такую псіхалагічную атмасферу, каб кожнае дзіця, незалежна ад сваіх разумовых магчымасцей, адчувала сябе значным у працэсе даследавання.

У рамках інавацыйнага праекта ў гімна­зіі № 6 Гродна “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове вывучэння духоўнай і культурнай спадчыны” сярод вучняў 7—8 класаў было праведзена апытанне “Ці ведаеце вы этнакультуру Гродзеншчыны?”. Аналіз яго вынікаў паказаў, што абсалютная большасць вучняў не валодае інфарма­цыяй па шэрагу пытанняў. Паводле атрыманых даных, 83% школьнікаў назвалі рэгіянальныя асаблівасці кухні. Большасць рэспандэнтаў не адказала на пытанні “Назавіце рэгіянальныя асаблівасці інтэр’ера сельскага дома”, “Назавіце традыцыйныя строі адзення, распаўсюджаныя на тэрыторыі Гродзеншчыны”. Зыходзячы з атрыманых звестак, 78% вучняў хацелі б даведацца пра этнакультурную спадчыну Гродзеншчыны. У сувязі з гэтым былі прапанаваны наступныя напрамкі даследаванняў: “Хлеб і да хлеба” (асаблівасці рэгіянальнай кухні), “Трэба многа ведаць, каб узор прачытаць” (семантыка арнаменту традыцыйнага касцюма і прадметаў інтэр’ера Гродзеншчыны), “У што апраналіся гродзенцы” (гісторыя і сучаснасць касцюма гродзенцаў), “Па коле сонца” (традыцыі святкавання каляндарных свят у рэгіёне), “Чароўныя рукі” (народныя рамёствы, распаўсюджаныя ў Гро­дзенскай вобласці), “Поўна хата экспанатаў” (рэгіянальныя назвы і гісторыя развіцця прадметаў побыту).

Зараз вучні шукаюць, збіраюць і апрацоўваюць інфармацыю па гэтых напрамках. На платформе wix.com створаны макет інтэрнэт-праекта “Гродзенская хатка”, дзе паступова размяшчаюцца вынікі даследаванняў.

З мэтай тэарэтычнай падрыхтоўкі вучняў і фарміравання даследчых навыкаў і ўменняў для іх праводзяцца кансультацыі, тэарэтычныя і практычныя заняткі па арганізацыі даследчай дзейнасці: “Афармленне выкарыстаных крыніц”, “Сэр­вісы google”, “Стварэнне google-блога”, “Стварэнне блога на платформе wix.com”, “Лічбавы старытэлінг”, “Распрацоўка і стварэнне аўдыятура на платформе iziTravel” і інш.

Пры арганізацыі даследчай дзейнасці дзяцей актыўна выкарыстоўваюцца такія формы інтэрнэт-праектаў, як вэб-квест, лічбавы старытэлінг, віртуальнае падарожжа, аўдыятур, віртуальная насценгазета, сеткавы праект, плэй-каст, віртуальная ­энцыклапедыя і інш. З мэтай пашырэння ведаў вучняў аб традыцыйнай белару­скай кухні, стравах з агародніны быў рэалізаваны сеткавы праект “Дранік-квест”. Яго рэалізацыя дазволіла вырашыць наступныя задачы: развіць і ўдасканаліць навыкі пошуку карыснай інфармацыі на розных носьбітах, у тым ліку інтэрнэт-рэсурсах, яе апрацоўкі і выкарыстання; сфарміраваць у вучняў даследчую кампетэнтнасць; дапамагчы развіццю крытычнага і творчага мыслення, камунікатыўных навыкаў, умення ўзаемадзейнічаць у камандзе; спрыяць выхаванню глыбокай павагі да нацыянальнай спадчыны, традыцый, звычаяў, культуры Беларусі і іншых народаў.

У сеткавым праекце прынялі ўдзел 4 каманды вучняў 7-х класаў. Кожны член каманды выконваў работу ў адпаведнасці з атрыманымі абавязкамі: гісторыкі, біё­лагі, літаратуразнаўцы, тэхнолагі, кухары, дызайнеры.

На працягу перыяду рэалізацыі сеткавага праекта дзецьмі былі створаны: карта google з пазначанымі на ёй музеямі і помнікамі бульбе; стужкі часу “Гісторыя бульбы і дранікаў” на сэрвісе Timetoast; google-табліцы каларыйнасці прыгатаваных страў, харчовай каштоўнасці розных гатункаў бульбы, што вырошчваюцца ў Беларусі; вэб-міксы на сэрвісе Symbaloo; google-дакумент з інструкцыйнымі картамі гатавання дранікаў, інтэрактыўныя плакаты на сэрвісе Glogster.

Матэрыялы вэб-праекта “Дранік-квест” размешчаны ў глабальнай сетцы па адрасе: https://sites.google.com/view/dranik. Дадзеныя матэрыялы могуць выкарыстоўваць як педагогі, так і вучні пры падрыхтоўцы да ўрокаў працоўнага навучання, на факультатыўных і пазакласных занятках па працоўным навучанні.

У 2018 годзе вучні актыўна прымалі ­ўдзел у апрабацыі сеткавых праектаў марафону “Купалаўскія праекты”, у прыватнасці “Як кашуля ў поле вырасла”, “Цёплыя кнігі”.

На працягу 2018/2019 навучальнага года вучнямі створаны і размешчаны ў глабальнай сетцы наступныя праекты: “Кулінарная азбука гродзенца” — https://svetlanashreyder.wixsite.com/kulinarnaya-azb-gar; “Вялікае падарожжа маленькай бульбіны” — https://uploads.knightlab.com/storymapjs/5e2656bb902345bdad4436a0e91bbc39/bolshoe-puteshestvie-malenkoi-kartofelki/draft.html;

“Падарожжа з кухмістрам Верашчакай” — https://view.genial.ly/5b66a474a07a5a0edfad4edf/padarozhzha-z-kuhmistram-verashc; “Традыцыйныя рамёствы Гродзеншчыны” — https://goo.gl/EtaZsD; “Гродна Напалеона Орды” — https://izi.travel/browse/be51cb8c-51ca-4d96-b4c0-b184ee376cf0/ru.

У лютым 2019 года па выніках удзелу вучняў у інтэрнэт-праектах было праведзена анкетаванне. Дзеці адзначылі, што набылі навыкі работы ў ­камандзе, даведаліся шмат цікавага пра традыцыі, звычаі, культуру Беларусі, і гэта выклікала гонар за багатую спадчыну роднага краю. Усе вучні ў далейшым гатовы з задавальненнем прыняць удзел у падобных праектах.

Юныя даследчыкі ствараюць уласныя праекты, эскізы, схемы, малюнкі, ілюстрацыі, макеты, мадэлі адзення. Гэта іх першыя сур’ёзныя спробы ў даследчай і творчай дзейнасці. Магчыма, работы пакуль не з’яўляюцца цэласнымі і закончанымі, але яны цікавыя сваёй непасрэднасцю, свежым успрыманнем і арыгінальным вырашэннем пастаўленых задач. Тут самае каштоўнае — даследчы вопыт. Менавіта гэты вопыт даследчага, творчага мыслення і з’яўляецца асноўным педагагічным вынікам і самым важным набыццём дзіцяці.

Святлана ШРЭЙДЭР,
настаўніца працоўнага навучання гімназіі №6 Гродна.