Фаміліяда — свята сям’і і дабра

Кожная нацыя і народнасць унікальная і непаўторная. І гэтую ўнікальнасць ім надаюць традыцыі і абрады, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, асаблівасці менталітэту і рысы характару. Гэтак жа і кожная школа адрозніваецца ад іншых устаноў адукацыі традыцыйнымі мерапрыемствамі і святамі, акцыямі і калектыўнымі творчымі справамі.

Сярэдняя школа № 8 Ваўкавыска з польскай мовай навучання — унікальная ў гэтым сэнсе. Перш за ўсё таму, што тут цесна пераплятаюцца і ў той жа час беражліва захоўваюцца традыцыі розных нацый і народнасцей: беларусаў і палякаў, рускіх і яўрэяў, татараў і ўкраінцаў.

Студзень у нашай школе — гэта сапраўдны сямейны месяц. І не толькі таму, што менавіта ў гэты перыяд адзначаюцца сямейныя святы — Новы год і Каляды, але і таму, што традыцыйна менавіта ў студзені ва ўстанове праходзіць мерапрыемства “Фаміліяда”. Гэтае свята сям’і і дабра прымеркавана да дня бабуль і дня дзядуляў.

Кожны год “Фаміліяда” праходзіць пад новым дэвізам, мае пэўную тэматыку і кірунак. “Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся!” — пад такім лозунгам прайшло сямейнае мерапрыемства ў гэтым годзе.

Пяць выдатных сем’яў прынялі актыўны ўдзел у свяце. Яно пачалося з прадстаўлення сем’яў, дзе кожны імкнуўся расказаць прысутным пра добрыя і шчырыя адносіны, пра каштоўнасці і прыярытэты, якія пануюць у доме.

Сям’ю Паўтарак прадстаўляла дачка Настасся, вучаніца 6 класа. З любоўю і трапяткімі пачуццямі яна расказала пра бацькоў: тату Станіслава — вясёлага, пазітыўнага і жыццярадаснага чалавека, маму Ірыну — таленавітую майстрыху, а таксама пра бабуль і дзядуляў. Але асаблівы гонар сям’і Паўтарак — 86-гадовая прабабуля Рэгіна, якая шчыра ўпэўнена, што самае вялікае дасягненне ў яе доўгім і няпростым жыцці — шэсць унукаў і дванаццаць праўнукаў.

Арыгінальным аказалася прадстаўленне сям’і Філатавых. Тата прачытаў уласны верш, у якім з велізарнай цеплынёй і пяшчотай выказаў сваю любоў да самых блізкіх і дарагіх людзей. Сэрца, сімвал Філатавых, зробленае з самых лепшых сямейных фотаздымкаў прадстаўнікамі малодшага пакалення, дачкой Алісай і сынам Арцёмам, — са-праўдны доказ шчырых і трапяткіх адносін, што пануюць у гэтай сям’і.

“Сям’я — гэта велізарная праца”, — цвёрда ўпэўнены дружны і творчы “калектыў” Шыбутовічаў. Яны пазнаёмілі прысутных з усімі членамі сваёй вялікай таленавітай сям’і, у якой бабуля і дзядуля — надзвычай творчыя людзі, бязмерна захопленыя светам музыкі, тата — прафесійны вадзіцель і майстар на ўсе рукі, мама — настаўніца англійскай мовы, сын Дзямід — таленавіты і вельмі здольны вучань 2 класа, і маленькая, але незвычайна артыстычная дачка Кацярына. Усе разам яны самы сапраўдны творчы музычны калектыў, у якім кожны выдатна спявае, танцуе і іграе на музычных інструментах.

Сям’я Жыцінец склала арыгінальнае партфоліа-прэзентацыю свайго роду. Тут і генеалагічнае дрэва, якое ўключае некалькі пакаленняў, і сумесныя сямейныя фотаздымкі, якія захавалі самыя яркія і важныя падзеі, а таксама апісанне ўсіх дасягненняў вялікай радні. Але сапраўдная гордасць сям’і Жыцінец — гістарычнае даследаванне, сабранае ў асобную кнігу, якая расказвае пра цікавы жыццёвы шлях дзядулі Часлава Кадрымскага, сябра і паплечніка вядомага польскага мастака і пісьменніка Вітольда Карпызы.

У непаўторным беларускім стылі з хлебам-соллю прадставіла сваю сям’ю Яўгенія Мікалаеўна Ваўчок з дачкой Вікторыяй, вучаніцай 4 класа. Доўгі час у гэтай цудоўнай сям’і беражліва захоўваецца і перадаецца з пакалення ў пакаленне ўнікальны рэцэпт смачнага каравая. У жыцці кожнага чалавека галоўная каштоўнасць — гэта сям’я, а ў кожнай беларускай сям’і выключна важная роля належыць хлебу. Беражлівыя адносіны да яго праходзяць праз увесь жыццёвы шлях сям’і Ваўчок. Гэта і стала цэнтральнай тэмай прэзентацыі.

Усе пяць сем’яў мелі магчымасць прадэманстраваць і свае творчыя здольнасці. У выніку наступны конкурс ператварыўся ў сапраўдны канцэрт, дзе можна было пачуць прафесійныя шчырыя спевы, арыгінальнае чытанне вершаў на рускай і польскай мовах, чароўныя гукі скрыпкі… Але асаблівае захапленне выклікала выступленне Шыбутовічаў. Ногі самі пускаліся ў скокі пад вясёлую беларускую польку, выкананую іх дружным сямейным аркестрам.

Нікога не пакінула абыякавым цёплая дамашняя атмасфера свята. Дырэктар школы Г.А.Булай ад усяго сэрца падзякавала ўдзельнікам мерапрыемства і ўручыла кожнай сям’і памятныя прызы і падарункі.

Углядаючыся ў светлыя і радасныя твары дзяцей, бацькоў, бабуль і дзядуляў, разумееш, што такія сумесныя сямейныя святы маюць сапраўды велізарнае значэнне. Менавіта яны нясуць любоў, дабро і павагу, а таксама на яркіх прыкладах дэманструюць каштоўнасць сям’і і сямейнага шчасця, што з’яўляецца асноўным сэнсам у жыцці любой культуры і любой нацыі.

Ганна ЛІТОЎКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 8 Ваўкавыска з польскай
мовай навучання.