Экалагічны пакой — асяроддзе для развіцця і адпачынку

Для больш плённай работы па экалагічным выхаванні дзяцей у нашай установе дашкольнай адукацыі створаны экалагічны пакой.

Гэты пакой дапамагае выхоўваць у дзяцей беражлівыя адносіны да прыроды, спрыяе пазнавальнаму развіццю дашкольнікаў, фарміраванню ў іх працавітасці, павагі да працы дарослых, выхаванню чуласці, дабрыні, а таксама з’яўляецца месцам адпачынку і цікавага баўлення часу.

Нягледзячы на тое, што ў кожнай групе ёсць куткі прыроды, педагогі і бацькі нашых выхаванцаў перакананы, што экалагічны пакой стварае адметнае, непаўторнае асяроддзе, выклікае ў дзяцей станоўчыя эмоцыі, дазваляе адпачыць і ў той жа час робіць прывабнай любую дзейнасць у гэтым памяшканні. А яна сапраўды цікавая і разнастайная. Гэтаму спрыяе развіццёвае асяроддзе экалагічнага пакоя, якое складаецца з розных элементаў.

Экалагічны пакой падзелены на функцыянальныя зоны. Пры ўваходзе ў гэтае сапраўды казачнае месца выхаванцаў сустракае цэнтр кнігі, у якім сабраны энцыклапедыі для дзяцей, маляўнічыя выданні, якія расказваюць аб разнастайнасці з’яў і прымет прыроды. Найбольш упадабаныя кнігі дзеці могуць узяць на некаторы час да сябе ў групу, каб працягнуць знаёмства з імі.

Самым цікавым і самым багатым на ўражанні месцам экалагічнага пакоя з’яўляецца алея жывой прыроды. Гэта зона жывёл і раслін, дзе дзеці сустракаюцца са сваімі маленькімі сябрамі. Тут жывуць дзве чарапахі. У іх розныя характары: адна рухавая, не сядзіць на месцы, і здаецца, што яна занята важнымі справамі, а другая, наадварот, спакойная, любіць доўга паспаць і мала рухаецца.

Праходзім далей і сустракаем нашу цудоўную птушачку — хвалістага папугая Кешу, вяртлявага, важнага і вельмі прыгожага. Дзеці гатовы бясконца за ім назіраць. А насупраць жывуць хамякі. Яны таксама вельмі розныя. Кожны мае сваю хатку і з’яўляецца ў ёй сапраўдным гаспадаром.


Алея таксама стракаціць разнастайнымі раслінамі.

Усе аб’екты прыроды размешчаны так, каб дзецям было зручна не толькі назіраць за імі, але і даглядаць. Падчас догляду дзеці атрымліваюць уяўленне пра раслінны і жывёльны свет, як растуць і развіваюцца расліны і жывёлы, якія ўмовы для іх трэба ствараць. Педагогі вучаць дзяцей знаходзіць агульнае і рознае паміж раслінамі і жывёламі, заўважаць цікавыя асаблівасці выгляду і паводзін жывых істот, звяртаюць увагу дзяцей на прыгажосць колераў лісця і кветак.

Важным для пазнавальнага развіцця дзяцей з’яўляецца цэнтр ведаў, дзе дзеці могуць маляваць, працаваць з прыроднымі і дыдактычнымі матэрыяламі, праводзіць доследы і эксперыменты.

Цэнтр калекцый знаёміць дзяцей з рознымі прыроднымі аб’ектамі, якія прадстаўлены ў шафах і на палічках цэнтра ў выглядзе калекцый. Гэта камяні, насенне раслін, галінкі, сухая кара дрэў, узоры пяску, гліны, глеб, рачныя і марскія ракавінкі. Дзеці могуць не толькі азнаёміцца з рознымі відамі прыроднага матэрыялу, але і разам з бацькамі і выхавальнікамі прыняць удзел у стварэнні калекцый.


Эстэтычныя ўражанні можна атрымаць на выставах у цэнтры вырабаў з прыродных матэрыялаў. Яго наведвальнікамі з’яўляюцца дзеці, іх бацькі і госці ўстановы дашкольнай адукацыі. Экспанаты перыядычна мяняюцца і папаўняюцца. І гэта справа зноў жа нашых выхаванцаў, іх бацькоў і педагогаў, багатых на таленты, якія бачаць хараство прыроды і, ствараючы цудоўныя вырабы, працягваюць жыццё адламанай ветрам галінкі, апалага лісціка, непрыметнага каменьчыка.

Месцам адпачынку, станоўчых эмоцый у экалагічным пакоі з’яўляецца цэнтр рэлаксацыі. Ён уяўляе сабой куток з рознымі пакаёвымі раслінамі, акварыумам, фантанам, статуэткамі жывёл. Дзеці могуць тут адпачыць і самастойна пагуляць.

Экалагічны пакой пастаянна папаўняецца калекцыямі, дэманстрацыйным матэрыялам, дапаможнікамі, новымі раслінамі, таму кожны раз дзеці сустракаюцца тут з новым, незвычайным. Кожнае наведванне экалагічнага пакоя для нашых выхаванцаў — гэта маленькі цуд, сустрэча з прыгажосцю і жывой прыродай. І калі надыходзіць зіма, на дварэ — холад, адсутнасць колераў, для дзяцей адчынены дзверы экалагічнага пакоя, дзе цёпла, утульна, прыгожа і цікава.

Іна ЛОБІК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
санаторнага ясляў-сада № 12 Ваўкавыска.