Добрыя сэрцы 

…Увесь двор у вяроўках: вяроўка да склепа, да сабачай будкі, да агарода. Сляпая бабуля так перамяшчаецца па сваёй сядзібе. Пакалечаны лёсам чалавек клапоціцца яшчэ і пра сталага сына, які нідзе на працы не можа надоўга затрымацца праз сваю схільнасць да выпіўкі.

Жыццярадасная жанчына гатова заўсёды адкрыць свае дзверы і сваё сэрца, выслухаць, даць добрую параду. Яна дзіця вайны, з заканчэннем якой не скончыліся жыццёвыя выпрабаванні. Памерла малое дзіцятка, памёр муж. Побач засталася толькі старэйшая сястра, якой таксама лёс не падарыў  дзяцей.

Адзінокімі становяцца не толькі людзі, але і хаты. Тут яшчэ нядаўна жыў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Станіслаў Юльянавіч Бралкоўскі. Яго, зусім нямоглага, забралі даглядаць дзеці, якія жывуць у горадзе. А хата засталася. Яна зарастае і сумуе па былым, нібы чалавек.

Падобныя замалёўкі нескладана знайсці ў любым населеным пункце. На шчасце, у нашым ёсць такія людзі, якія здольны супрацьстаяць адзіноце і старасці пры дапамозе слова і справы.

Атрад валанцёраў Навасёлкаў­скага ясляў-сада — сярэдняй школы, куды ўваходзяць вучні 9—11 кла­саў, невыпадкова носіць назву “Добрыя сэрцы”. “Ты можаш быць выдатнікам і паспяховым чалавекам, можаш мець шмат выгод, якія засведчаць твой статус, але толькі дабром ты здолееш упрыго­жыць гэты свет”, — аднагалосна лічаць трынаццаць дзяўчат і хлопцаў, дзейнасцю якіх кіруе педагог-арганізатар школы Н.У.Чаплінская. “Наша задача, — упэўнена Надзея Уладзіміраўна, — выхоўваць не толькі чалавека з устойлівай грамадзянскай пазіцыяй, але і павагу да старасці, мудрасці, тым самым пабуджаючы дзяцей да суперажывання, фарміруючы ў іх душах здольнасць адчуваць боль іншага чалавека як свой”. Нягледзячы на занятасць вучобай (наперадзе — іспыты, паступленне), валанцёры шмат часу аддаюць працы з тымі, каму патрэбна дапамога.

У рамках дабрачыннага марафону “Усе фарбы жыцця — для цябе!” старшакласнікі кожны тыдзень наведвалі адзінокіх састарэлых грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельскага Савета. Валанцёры аказвалі 84 старым пасільную дапамогу па гаспадарцы: складвалі дровы, прыносілі ваду, збіралі лісце на ўчастку, касілі траву. Акрамя гэтага, у летні перыяд, падчас працы дзіцячага аздараўленчага лагера з кругласутачным знаходжаннем “Цімур і яго каманда”, прыбіралі тэрыторыю каля хаты ветэрана Вялікай Айчыннай вайны С.Ю.Бралкоўскага. У Навасёлках прыводзілі ў належны выгляд помнік воінам-землякам, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гэты ж час валанцёры пафарбавалі агароджу на могілках вёсак Сніпаўшчына, Агароднікі і Павяжы.

Не застаюцца па-за ўвагай дзяцей і ветэраны педагагічнай працы Алена Вікенцьеўна Місюк і Ула­дзіслава Стэфанаўна Ляжневіч. Зробленыя ў школьнай майстэрні навагоднія ёлачкі-сувеніры занялі сваё пачэснае месца на паліцы з любімымі кнігамі.

У канцы лістапада ў рамках свята “Сем колераў дабра” на базе ЦКРНіР Ашмянскага раёна нашы валанцёры правялі забаўляльна-гульнявую праграму для дзяцей-інвалідаў, якая скончылася калектыўнай творчай справай. Пачастункі, падарункі, зробленыя сваімі рукамі, чакала ў той дзень кожнае дзіця. У канцы ўсе атрымалі кавалак блакітнага неба ў выглядзе шарыка.

І вось ужо не такой бязрадаснай здаецца старасць, і адступае адзінота, і хата глядзіць на вуліцу чыстымі шыбамі вокнаў. А дабра ў свеце стала больш, бо добрыя сэрцам дзеці спасцігаюць у нашай школе не толькі азы навукі. Яны вучацца жыць. Жыць чалавекам.

Вольга ШВЕДАВА-ЮНІЦКАЯ,
намеснік дырэктара Навасёлкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна.