Для лягчэйшай адаптацыі

Праблема адаптацыі дзяцей да ўмоў дашкольнай установы вельмі актуальная. Ад таго, як пройдзе прывыканне дзіцяці да новага распарадку дня, да незнаёмых дарослых і аднагодкаў, залежыць яго фізічнае і псіхічнае развіццё, далейшае паспяховае існаванне ў дзіцячым садзе і ў сям’і.


У нашым дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Астраўца створана адаптацыйная група кароткачасовага знаходжання дзяцей “Малышкіна школа”. Гэтая група існуе ўжо не першы год. Заняткі з дзецьмі і іх бацькамі праводзяцца два разы на тыдзень і ўключаюць сумесную дзейнасць у трыядзе “педагог —бацькі — дзіця” (педагог арганізоўвае і праводзіць гульні-заняткі, бацькі разам з дзецьмі выконваюць заданні, заахвочваюць іх да дзеяння); самастойную дзейнасць дзяцей (педагог і бацькі назіраюць за імі, прадастаўляюць магчымасць свабоднага выбару гульняў). У змест заняткаў уваходзяць гульні, накіраваныя на авалоданне рухальнымі ўменнямі (“Бурбалка”, “Карусель”), назапашванне элементарнага вопыту музычнай дзейнасці (“Мы па крузе ідзём”, “Зайка”), далучэнне дзяцей да выяўленчай дзейнасці, а таксама на фарміраванне сенсорных адчуванняў, развіццё маўлення, дробнай маторыкі і інш. (“Цудоўны мяшочак”, “Устала раніцай сонейка”, “Вясёлы цягнік”). Як правіла, усе гульні-заняткі пачынаюцца з прывітання, а заключная частка ўключае ў сябе рэфлексію, абмеркаванне пытанняў.

Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ўлічваюцца індывідуальныя і ўзроставыя асаблівасці дзяцей. Таксама ўлічваецца тое, што ў групу на працягу навучальнага года могуць паступаць новыя дзеці. Адмыслова створаныя ўмовы ў працэсе правядзення гульняў-заняткаў дазваляюць забяспечыць назапашванне разнастайных уражанняў, фарміруюцца ўменні вылучаць уласцівасці прадметаў, арыентуючыся на колер, форму, велічыню. У дзіцяці з’яўляецца імкненне больш выразна прытрымлівацца ўзору, які зададзены дарослым. Малышы пры прадастаўленні ім дыдактычнага матэрыялу з задавальненнем разглядаюць яго, слухаюць тлумачэнні дарослага, разумеюць, што ад іх патрабуюць, і толькі потым пачынаюць дзейнічаць, прытрымліваючыся інструкцый дарослага.

Да канца года дзіця лёгка спраўляецца з такімі заданнямі, як гульня з мазаікай, будаўнічымі наборамі, маляванне пальчыкамі, і іншымі нетрадыцыйнымі тэхнікамі, лепкай, аплікацыяй без налеплівання і інш. Дзеці, якія наведваюць групу кароткачасовага знаходжання “Малышкіна школа”, лягчэй і хутчэй адаптуюцца да дзіцячага садка.

Валянціна КАЗЛОЎСКАЯ,
выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*