Дабрыня, давер, узаемадапамога — цаглінкі школьнага дома

Навакольны свет — гэта перш за ўсё свет зносін з іншымі людзьмі. Кожнаму з нас прыходзіцца наладжваць кантакты з незнаёмымі людзьмі. Адным гэта даецца лёгка, другім — намнога складаней. На занятках у гульнявой форме я спрабую сфарміраваць разнастайныя навыкі зносін, выпрацаваць прыёмы і спосабы ўсталявання атмасферы даверу, добразычлівасці, павагі.

Знаёмячыся з вучнямі класа, назіраючы за зносінамі дзяцей падчас сумеснай працы, на перапынках, выявіла наступныя праблемы: няўменне працаваць на агульны вынік, дэфіцыт зносін, разрозненасць класа, негатыўныя адносіны да некаторых вучняў у класе.


Для стварэння ў класе атмасферы дабрыні, даверу, узаемадапамогі мне як настаўніку неабходна развіваць станоўчыя эмоцыі ў навучэнцаў, а таксама фарміраваць у іх уменне кіраваць адмоўнымі эмоцыямі (уменне кіраваць эмоцыямі).

Што ж гэта за ўменні?

У першую чаргу — уменне дараваць. Дараваць сваім сябрам, старэйшым, не затойваць крыўду, не выношваць жаданне адпомсціць, пакараць.

Яшчэ адно вельмі важнае ўменне, над якім неабходна працаваць з класам, — гэта ўменне кіраваць страхам. Адно з праяўленняў страху ў вучняў — гэта страх пацярпець няўдачу: атрымаць дрэнную адзнаку, непрыемную заўвагу, стойкі ярлык, ад якога складана пазбавіцца на працягу многіх школьных гадоў.

Адзін з галоўных аспектаў атмасферы дабрыні, даверу ў калектыве — гэта стварэнне ўмоў для павагі чужога меркавання. Выхаваўчыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў класе, накіраваны на фарміраванне культуры зносін, развіццё камунікатыўных уменняў. Дзеці вучацца фармуляваць і выказваць сваю думку, не баяцца быць адзінымі ў сваім меркаванні, вучацца адстойваць яго, а таксама прызнаваць памылковасць думкі. Кожны чалавек мае права на памылку. Мая задача заключаецца ў тым, каб навучыць школьніка прымаць свае непазбежныя памылкі, не абвінавачваючы ў іх іншых людзей і не фарміруючы ў сабе комплекс віны.

Важным момантам з’яўляецца таксама выхаванне цярплівых адносін да розных людзей, рэчаў і поглядаў. Менавіта ў пачатковай школе мы сутыкаемся з такімі сітуацыямі, калі недарэчнае слова, неабдуманы жэст, паводзіны могуць стаць прычынай вельмі складаных і непрыемных падзей.

Я стараюся рабіць вельмі шмат для таго, каб класны калектыў жыў цікавым і разнастайным жыццём, якое аб’яднае дзяцей для агульнай справы, дапаможа пераадолець цяжкасці сумесных зносін. Для дасягнення пастаўленых задач пры стварэнні ў класе атмасферы дабрыні, павагі, узаемадапамогі можна выкарыстоўваць наступныя формы работы:

1. Класныя гадзіны, дыялогі, дыспуты на тэмы “Я сярод людзей”, “Цана ўчынку”, “Добрым быць зусім няпроста…” і іншыя.

2. Арганізацыя ўрокаў маралі (разам з СППС, настаўнікамі-прадметнікамі, бібліятэкарам).

3. Святы, сюрпрызы, гульні.

4. Экскурсіі, паездкі.

5. Сустрэчы з цікавымі людзьмі.

6. Сумесная дзейнасць з бацькамі вучняў.

Жыццё класнага калектыву павінна будавацца і планавацца такім чынам, каб яно адпавядала той паслядоўнасці, у якой перад дзецьмі ўзнікаюць тыя ці іншыя праблемы. Калі школьнік зразумеў для сябе сэнс праблемы, роля класнага кіраўніка зводзіцца да стварэння свабоднай і камфортнай атмасферы, якая будзе стымуляваць навучэнца да яе вырашэння.

І тут мне на дапамогу прыйшлі інтэрактыўныя метады навучання. Трэба сказаць, што гэта мая тэма па самаадукацыі, ужо накоплены некаторы матэрыял. У асноўным я разглядала выкарыстанне такіх метадаў ва ўрочнай дзейнасці, але многія з іх маюць універсальны характар і накіраваны на:

* стварэнне атмасферы супрацоўніцтва, спрыяльнага эмацыянальнага фону;

* права кожнага ўдзельніка на асабістае меркаванне;

* апору на калектыўны вопыт;

* выкарыстанне сацыяльнага мадэлявання, абыграванне сітуацый, якія ўзнікаюць у групе.

Асаблівую ўвагу хачу звярнуць на такую групу інтэрактыўных метадаў, як метады стварэння спрыяльнай атмасферы, арганізацыі камунікацыі.

Метады гэтай групы накіраваны на фарміраванне станоўчай матывацыі да будучай дзейнасці. У аснове іх — камунікатыўная атака, якую арганізоўвае педагог для аператыўнага ўключэння ўсіх удзельнікаў у сумесную дзейнасць і адначасовага атрымання інфармацыі аб эмацыянальнай атмасферы ў класе.

Вялікім поспехам у маіх вучняў карыстаюцца наступныя практыкаванні:

— “Прагноз надвор’я”;

— “Памяняемся месцамі”;

— “Калі б я быў…”;

— “Камплімент”;

— “Імя і жэст”.

Даведацца аб настроі дзяцей, зняць напружанасць, дапамагчы раскрыцца і выказацца кожнаму — вось толькі некаторыя станоўчыя моманты выкарыстання інтэрактыўных метадаў у класе. Прычым месца выкарыстання вызначае сам педагог: пачатак урока або выхаваўчага мерапрыемства, простае прывітанне (але ў незвычайнай форме), абмен уражаннямі пасля сумеснай дзейнасці.

Як класны кіраўнік я выпрацавала некалькі простых, але вельмі дзейсных правіл узаемаадносін з вучнямі.

* З самага пачатку і на працягу ўсяго перыяду навучання дэманстраваць да іх поўны ДАВЕР.

* Старацца бачыць у вучню СУРАЗМОЎЦУ, а не толькі дзіця.

* Накіраваць сваю актыўнасць на тое, каб з кожным навучэнцам узнікаў ПСІХАЛАГІЧНЫ КАНТАКТ. Цікаўцеся справамі дзяцей, суперажывайце ім.

* Заўсёды зыходзіць з таго, што школьнікі ХОЧУЦЬ ВУЧЫЦЦА.

* Развіваць у сабе здольнасць АДЧУВАЦЬ эмацыянальны настрой класа і дзейнічаць у адпаведнасці з ім.

* Адкрыта выказваць у класе свае пачуцці.

* Заўсёды памятаць, што малодшаму школьніку патрэбны любоў і клопат. Падлетак імкнецца да раўнапраўя. Юнак чакае павагі. І ўсім без выключэння патрэбна наша ПАДТРЫМКА.

У кожнага чалавека павінен быць свой дом — не проста жыллё са страхой над галавой, а месца, дзе яго любяць і чакаюць, разумеюць і прымаюць такім, які ён ёсць, дзе цёпла і ўтульна.

Мы разам з вучнямі будуем такі дом, наш школьны дом, таму што вельмі важна стварыць у класе атмасферу цеплыні, даверу і радасных чаканняў.

Наш будаўнічы матэрыял — цаглінкі з асаблівымі ўласцівасцямі: дабрыні, разумення, узаемадапамогі, цярпення, такту, падтрымкі, гумару. Яны абазначаюць сумеснасць, агульны ўдзел. І ў нас, у нераўнадушных майстроў, я лічу, усё атрымаецца.

Таццяна ЛАКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў
Варнянскага ясляў-сада — сярэдняй школы Астравецкага раёна.