Бюро “Добрых паслуг” працавала ў школе

Як паказаў Тыдзень працоўнага навучання, які прайшоў у Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе, творчых задум у нашых дзяўчынак і хлопчыкаў вельмі шмат. Кожнаму дню тыдня быў прысвоены свой статус. Панядзелак — Дзень адкрыцця, аўторак — Дзень прафесій, серада — Дзень умелых ручак, чацвер — Дзень народных рамёстваў, пятніца — Дзень карысных спраў, субота — Дзень падвядзення вынікаў і закрыцця.

Адкрыла тыдзень акцыя “Зямлю ўпрыгожвае сонца, а чалавека — праца”. І дарослым, і дзецям было прапанавана скласці прыказкі аб працы і ляноце. Гэта дазволіла зацікавіць і настроіць дзяцей на актыўны ўдзел у мерапрыемствах. У гэты ж дзень класныя кіраўнікі правялі інфармацыйныя гадзіны на тэму “Аб парадку і працавітасці” для малодшых школьнікаў. Навучэнцы 1—2 класаў прынялі ўдзел у конкурсе займальных загадак аб працы.

З мэтай фарміравання пазнавальнай цікавасці да працоўнага навучання праведзены пазнавальна-забаўляльная праграма “Асаблівая прафесія”, інтэрактыўная гульня “Наши руки не для скуки”, віктарына “О труде от А до Я”, арганізаваны прагляд мультфільмаў аб працы і ляноце.

Развіццю і рэалізацыі творчых здольнасцей навучэнцаў спрыяў конкурс дзіцячага малюнка “Свет прафесій нашых бацькоў”, майстар-клас “Пацешныя звяркі з цеста”. А колькі радасці і захаплення выклікала ў дзяцей свята рамёстваў “З народных вытокаў” ад дырэктара Цэнтра народных рамёстваў І.Р.Смірновай. Навучэнцы акунуліся ў свет народнай творчасці, даведаліся пра гісторыю ўзнікнення саломапляцення, вязання, вышыўкі, пазнаёміліся з фальклорнымі гульнямі. А праведзены майстар-клас даставіў дзецям радасць і далучыў да багацця культуры беларускага народа.

На працягу ўсяго тыдня ў фае школы была аформлена выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясёлка натхненняў” з работамі навучэнцаў, вырабленых на ўроках працоўнага навучання, занятках аб’яднанняў па інтарэсах, у сям’і.

З мэтай выхавання працавітасці праведзены аперацыі “Як трымаем мы ў парадку нашы кніжкі і сшыткі”, “Дапамажы птушкам”, акцыя “Наш утульны чысты клас”, працоўны дэсант “Мой двор”.

На працягу тыдня працавала бюро “Добрых паслуг”. Кожны мог звярнуцца з просьбай прышыць гузік, паправіць ці адрамантаваць што-небудзь.

Тыдзень прайшоў насычана, весела і цікава. Усе мерапрыемствы спрыялі актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў, развівалі цікавасць да прадмета “Працоўнае навучанне”. Пры падвядзенні вынікаў актыўныя ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі.

Алена АРЛОВА,
Жанна ЧАРНЭЛЬ,
настаўніцы пачатковых класаў
Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.