Ад урока беларускай літаратуры да “Крышталёвай Альфы”

Жыццё чалавека — няспынны рух па шляху пазнання. Але пытанні да свету — гэта перш за ўсё пытанні да сябе. Чаму так, а не інакш, што гэта такое, чаму так адбываецца, як гэта зразумець?.. Гэтыя і іншыя пытанні я пастаянна задаю сваім вучням. Разам мы шукаем адказы, вучым, даследуем, спрачаемся, даказваем, прапануем. Гэта значыць, што мы займаемся навукова-даследчай дзейнасцю. Каб дасягнуць поспехаў у дадзеным кірунку, зацікавіць вучняў навуковай работай, у школе працуюць па беларускай літаратуры гурток “Літаратурная творчасць” для вучняў 8-х класаў, факультатыў “Выкажыся, каб я цябе ўбачыў!” для вучняў 9 класа і факультатыў для вучняў 11 класа “Шукаем шэдэўры!”.

Працу па падрыхтоўцы вучняў да навукова-даследчай дзейнасці я як настаўнік беларускай літаратуры пачынаю з вучнямі 8 класа. Лічу, што навучэнцы павінны асэнсавана далучацца да пошукавай, даследчай дзейнасці.

Выбар тэмы звычайна звязаны з тым, на якую “хваробу пакутуе” сам настаўнік. Зразумела, каб кіраваць чымсьці і кімсьці, кіраўнік павінен сам дакладна ведаць, чаго ён хоча дасягнуць і чаму ён хоча навучыць. Ужо ў 8 класе мы вучымся працаваць з крытычнымі артыкуламі, адпрацоўваем уменне выказваць свае думкі па прачытаным матэрыяле, будаваць складаныя сказы, рабіць спасылкі, запісы. Вучні 9 класа самастойна пішуць даследчыя работы. У гэтым узросце дзеці ўжо здольны правільна вытрымаць усю структуру работы: актуальнасць абранага даследавання, тэма, мэта, задачы, гіпотэза, навуковасць. Пошук і вырашэнне праблемы, дослед, аналіз і вынік — гэта творчы працэс. Ён дапамагае вучыцца думаць.

У школе наладжана цеснае супрацоўніцтва з выкладчыкамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яно дапамагае вучням правільна, з навуковага боку падыходзіць да той ці іншай літаратуразнаўчай гіпотэзы і праблемы.

У студзені кожнага навучальнага года ў Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школе праходзіць навуковая канферэнцыя, дзе вучні маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі выкладчыка-аратара. Мерапрыемства садзейнічае развіццю ўмення выступаць перад аўдыторыяй, выказваць свае думкі і погляды па абранай тэме, адказваць на пытанні дарослых адукаваных людзей, аргументаваць і даказваць свой пункт погляду.

На працягу ўжо чатырох гадоў вучні Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы прадстаўляюць Бераставіцкі раён на абласным конкурсе (канферэнцыі) “Крышталёвая Альфа” ў секцыі “Беларуская літаратура”. Сёлета работа вучаніцы 9 класа Караліны Анжаеўскай “Эвалюцыя мастацкага бачання свету Алеся Разанава (на прыкладзе зборнікаў “Назаўжды” і “Воплескі даланёю адною”) была адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Тэма гэтай работы вельмі цікавая, складаная. Беручыся за яе, мы ставілі перад сабой мэту прасачыць эвалюцыю паэтычна-мастацкага бачання свету паэта, акрэсліць багацце і разнастайнасць яго творчых набыткаў. Паэзія Алеся Разанава незвычайная. Менавіта гэта і цікавіць, прыцягвае, прымушае задумацца, пашукаць адказы. Працуючы над даследаваннем, мы выкарысталі апісальны, тэкстуальна-аналітычны, параўнальны метады. Прааналізавалі паэтычныя зборнікі, якія выйшлі ў друку з розніцай у 36 гадоў, далучыліся да высокага палёту думкі паэта, вызначылі складнікі эвалюцыі яго творчасці. Мы прыйшлі да высновы, што паэзія Алеся Разанава індывідуальная і па форме, і па змесце твораў. Але на гэтым мы не збіраемся спыняцца. Работа над згаданай тэмай дае магчымасць удасканальваць свае даследчыя ўменні, рабіць адкрыцці ў творчасці выдатнага беларускага паэта Алеся Разанава.

Ірына ШВЕК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.