Абавязак і памяць

Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне — адзін з кампанентаў цэласнай сістэмы выхавання навучэнцаў. І дасягнуць вынікаў можна толькі праз нестандартныя формы работы.

Цікавасць у навучэнцаў выклікаў ініцыіраваны актывам класа праект “З памяццю ў сэрцы — з верай у будучыню”. У яго рэалізацыю ўключыліся навучэнцы тады 9 “Б” класа, класным кіраўніком якога я з’яўлялася. Асновай нашай дзейнасці стала актыўная пошукава-даследчая работа. Мы вырашылі саб­раць матэрыял аб удзельніках партызанскага і падпольнага руху падчас Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляліся сваякамі навучэнцаў, сістэматызаваць даныя ў сямейных архівах і знайсці новую інфармацыю пра гэтых людзей.

Рэалізацыя праекта ажыццяўляла­ся праз арганізацыю пошукава-да­­следчай дзейнасці (акцыя “Памяць у сэрцы”, краязнаўчыя экспедыцыі па месцах ­баявой славы, супрацоўніцтва з Лідскім гісторыка-мастацкім музеем, сацыяльна значныя акцыі “Магіла салдата”, “Мы ў іх у неаплатным абавязку”, “Дарогамі подзвігу і славы”, “Абавязак і памяць”), работу валанцёрскага атрада “Міла­сэрнасць”, актыўную экскурсійную дзейнасць з наведваннем месцаў вайсковай славы і музеяў устаноў адукацыі Ліды і Лідскага раёна, іншых раёнаў Гродзенскай вобласці.

Так, у рамках рэалізацыі праекта было наладжана ўзаемадзеянне з Дзяржаўным архівам Гродзенскай вобласці (пошук інфармацыі пра Аркадзя Васільевіча Кайдаліка, камандзіра партызанскага атрада імя А.В.Суворава партызанскай брыгады імя І.В.Сталіна Баранавіцкай вобласці, для напісання даследчай працы “Я памятаю! Я ганаруся!”), з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (інфармацыя пра Марыю Паўлаўну Лазко, сувязную партызанскай брыгады “Перамога” былой Баранавіцкай вобласці, і Ігната Мікалаевіча Лазко, кулямётчыка 1068-га стралковага палка, для напісання даследчай працы “Іх на подзвіг Радзіма клікала…”; пра Веру Рыгораўну Ляцецкую, разведчыцу-падпольшчыцу спецгрупы “ГРЫБ”, для напісання даследчай працы “І ўспомніць страшна, і забыць нельга…”), з архівам МУС Рэспублікі Беларусь (інфармацыя пра А.В.Кайдаліка).

 Падрастаючае пакаленне павінна выхоўвацца на канкрэтных прыкладах жыцця рэальных людзей. А калі гэтыя людзі яшчэ і блізкія сваякі, то фарміраванне грамадзян­ска-патрыятычных якасцей асобы адбываецца ўдвая эфектыўней.

Так, Марк Перцаў, працуючы з дакументамі сямейнага архіва, даведаўся, што яго прабабуля, Вера Рыгораўна Ляцецкая, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, пры зборы разведданых для спецгрупы “ГРЫБ” заўсёды брала з сабой груднога сына Івана (здаралася, што немцы не затрымлівалі жанчын з маленькімі дзецьмі). Марыя Лебе­дзева, вывучаючы архіўныя матэрыялы, высветліла, што яе прадзед, Аркадзь Васільевіч Кайдалік удзельнічаў у трэцім этапе “рэйкавай вайны”: пад яго кіраўніцтвам было падарвана каля 60 км рэйкавага палатна. Аляксей Грыгарук аналізаваў звесткі, атрыманыя ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, пра дзейнасць партызанскай брыгады “Перамога” і сувязной Марыі Паўлаўны Лазко, прабабулі Аляксея, на вачах у якой адбылася жахлівая па­дзея — расстрэл мужа і яго сям’і. У хо­дзе гутаркі з роднымі Мілена Чарнавусава даведалася, што яе ­прадзед, Сяргей Яўменавіч Гузаў, дырэктар ­марозавіцкай школы, трапіў у нямецкі палон і толькі воляй выпадку пазбег смерці.

Рэалізацыя праекта спрыяла фарміраванню гонару за сваю сям’ю і краіну, маральных якасцей, развіццю навыкаў пошукава-даследчай дзей­насці. Удзел навучэнцаў у зборы і ­апрацоўцы матэрыялаў дапамог юнакам і дзяўчатам на ўласным вопыце адчуць значнасць даследавання гераічнай гісторыі краіны. Працуючы над праектам, вучні аб’ядноўваліся вакол агульнай справы, атрымлівалі навыкі зносін, сумеснай творчасці і калектыўнай работы.

Сістэматызаваныя матэрыялы ­дазволілі нам прыняць выніковы ­ўдзел у раённых конкурсах: 2-е месца ў ра­ённым этапе Рэспубліканска­га кон­курсу “Дарогамі памяці” ў намінацыі “Гісторыя вай­ны ў асобах” (Аляксей Грыгарук, Арцём Вялента, даслед­чая ­работа “Iх на подзвіг Радзіма клікала…”); 3-е месца ў ра­ённым этапе Рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці” ў намінацыі “Гісторыя вайны ў асобах” (Мілена Чарнавусава, даследчая работа “Яны падарылі нам будучыню…”); 1-е і 2-е месцы ў раённым этапе Рэспубліканскага конкурсу “Дарогамі памяці” ў намінацыі “Гартаючы старонкі сямейнага альбома” (Марыя Лебе­дзева і Марк Перцаў адпаведна); удзел у XI Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” ў Мінску (Марыя Лебедзева, Віялета Дзегалевіч, даследчыя работы “Я памятаю! Я ганаруся!”, “Каб памяталі…”); удзел у раённай канферэнцыі вучняў “Застаўся ў сэрцы вечны след вайны”, прысвечанай 75-годдзю з дня хатынскай трагедыі (Марыя Лебедзева, Віялета Дзегалевіч); даследчая работа “I ўспомніць страшна, і забыць нельга…” была прадстаўлена на конкурс “Педагогі — ­удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны” (Марк Перцаў).

Кацярына ВАЛЫНЕЦ,
класны кіраўнік 10 “А” класа сярэдняй школы № 11 Ліды.