Гордасць педагогаў і вучняў

2020 год быў для сярэдняй школы № 17 Барысава юбілейным. Першы школьны званок для 830 навучэнцаў празвінеў 1 верасня 1970 года.

Школа была першай у Мінскай вобласці, у якой у якасці замежнай мовы выбрана іспанская. Навучэнцы спасцігалі лексіку і граматыку іспанскай мовы пад кіраўніцтвам Паліны Барысаўны Свярдловай, Ліліі Паўлаўны Куноўскай, Святланы Міхайлаўны Шапачкінай. Пачынаць настаўнікам-энтузіястам было складана: не было падручнікаў, тэксты і практыкаванні перапісваліся ўручную, пад капірку. Але педагогам удалося галоўнае: заразіць вучняў сваёй любоўю да іспанскай мовы.

Зладжаная і актыўная дзейнасць педагогаў дазволіла арганізаваць Клуб інтэрнацыянальнага сяброўства. І работа закіпела з новай сілай: вечарыны, конкурсы, віктарыны, выставы, канцэрты, перапіска і сустрэчы з замежнымі дэлегацыямі.

З 2009 года школа падтрымлівае актыўныя сувязі з Пасольствам Венесуэлы ў Рэспубліцы Беларусь. Неаднаразова школу наведваў першы сакратар пасольства і кіраўнік Цэнтра лацінаамерыканскай культуры Херарда Эстрада Марцінес.

На працягу 24 гадоў у школе прахо­дзяць конкурсы “СЕНЬЯ­РЫТА года” і “КАБАЛЬЕРА года”, у якіх прымаюць удзе­л навучэнцы 9—10-х класаў. Традыцыйна першы з конкурсаў — самапрэзентацыя, дзе кожны ўдзельнік павінен расказаць пра сябе, свае захапленні і мары ў арыгінальнай форме. У апошні час удзель­нікі актыўна прымяняюць камп’ютарныя тэхналогіі, здымаюць відэа­фільмы і кліпы.

Праграма конкурсаў уключае самыя разнастайныя спаборніцтвы: удзельнікі спаборнічаюць ва ўменні выконваць іспанскі танец і песню на іспанскай мове, скрыжоўваюць уяўныя шпагі на інтэлектуальным турніры, заваёўваюць даму сэрца і гледачоў прызнаннем у каханні на іспанскай мове. Кожны дарослы памятае, як цяжка ў юнацтве прызнацца першы раз у каханні! А зрабіць гэта ў прысутнасці цэлай залы гледачоў і на іспанскай мове! Хто з вас адважыўся б на такое? А вось нашы кабальера робяць гэта з уласцівым іспанцам запалам!

У барацьбе за званне сеньярыты года дзяўчаты павінны не толькі даказаць, што яны лепш за ўсё танцуюць і спяваюць, але і праявіць свае кулінарныя таленты, згатаваўшы нацыянальную страву іспанскай кухні, а таксама прадэманстраваўшы свае здольнасці ў вершаскладанні, склаўшы за 5 мінут верш на іспанскай мове па зададзеных рыфмах — бурымэ.

Кожны красавік навучэнцаў запраша­юць у МДЛУ на свята “Іспанскае кафэ”, дзе яны не толькі гледачы, але і ўдзельнікі канцэртнай праграмы. Такі тандэм дапамог многім навучэнцам вызначыцца з выбарам ВНУ і будучай прафесіі.

Сярод найважнейшых дасягненняў школы — стварэнне двух народных музеяў. Музей гісторыі 125-га гвардзейскага бамбардзіровачнага Барысаўскага палка імя героя Савецкага Саюза М.М.Расковай і этнаграфічны музей “Пад стрэхамі прадзедаў”.

Адкрыццё музея гісторыі 125-га авіяпалка адбылося 29 чэрвеня 1974 года. У якасці ганаровых гасцей былі запрошаны ветэраны
125-га авіяпалка, ветэраны 12 злучэнняў, якія назвалі “Барысаўскія” за вызваленне горада ад фашыстаў, а таксама дэлегацыі школ з саюзных рэспублік, у якіх праводзілася пошукавая работа.

Музей стаў цэнтрам ваенна-патрыятычнага выхавання. Тут праводзіліся ўрокі гісторыі і літаратуры, пазакласныя мерапрыемствы, сустрэчы з удзельнікамі вайны, экскурсіі. Пошукавая работа працягваецца і ў наш час. Узначальвае гэтую работу кіраўнік музея Т.А.Холіна. Зараз музей носіць высокае званне “Народны музей гісторыі 125-га гвардзейскага бамбардзіровачнага Барысаўскага палка імя героя Савецкага Саюза М.М.Расковай” і ўзнагароджаны шматлікімі граматамі.

Адкрыццё этнаграфічнага музея “Пад стрэхамі прадзедаў” адбылося 23 сакавіка 1999 года. Ініцыятарам стварэння музея была дырэктар школы Людміла Міхайлаўна Маскалёва — працавіты, актыўны, сумленны і справядлівы чалавек. Яна кіравала школай з 1996 па 2011 год.

Экспазіцыя музея складаецца з трох пакояў: “Гаспадарчыя прылады”, “Беларуская хатка”, “Святліца”. Зараз у музеі 675 экспанатаў, іх з велізарнай цярплівасцю збіралі па ўсёй Беларусі і педагогі, і вучні.

У 1990 годзе ў школе быў закладзены фруктовы сад. Ідэю стварэння свайго райскага кутка прапанаваў настаўнік геаграфіі Аляксандр Яўгеньевіч Вяршок. У 2018 годзе па ініцыятыве Андрэя Валер’евіча Волкава, які кіруе школай сёння, фруктовы сад атрымаў другое жыццё: у ім было дасаджана некалькі дзясяткаў фруктовых дрэў і пладовых кустоў. Гэты праект змог заразіць энтузіязмам усіх навучэнцаў. Дзеці з задавальненнем прыносілі саджанцы, каб ужо іх дзеці, якія прыйдуць у школу праз некалькі гадоў, пакаштавалі плады. Каля кожнага дрэва была ўстаноўлена памятная таблічка. Цяпер дрэвы растуць разам з вучнямі, якія іх пасадзілі.

У педкалектыве пануе атмасфера свята і дамашняй утульнасці. Любыя пачынанні выконваюцца з задавальненнем. Тут кожны разумее, што ён — цаглінка вялікага, адзінага цэлага. І ўсё, што мы робім, мы робім дзеля агульнай справы — дзеля нашых вучняў.

Заслугі педагогаў не засталіся незаўважанымі. У лютым 2019 года школа была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі, размешчаная ў гарадской мясцовасці”. У снежні 2019 года школа атрымала дыплом ІІІ ступені ў той жа намінацыі. Наш калектыў вырашыў не спыняцца на дасягнутым і рухацца толькі наперад!

Матэрыяльна-тэхнічная база школы таксама бесперапынна папаўняецца. У юбілейным для школы годзе была адкрыта трэнажорная зала, а таксама, дзякуючы ўдзелу ў праекце кампаніі А1 “Школа будучыні”, абсталяваны яшчэ адзін камп’ютарны клас. Гэта была велізарная падзея!

У 2020 годзе ў школе была арганізавана свая бізнес-кампанія “Кошык АРТ”. Яе ўдзельнікі распрацоўваюць бізнес-план, праводзяць даследаванні рынку тавараў, якія яна вырабляе, выпускаюць і рэалізуюць тавар, рыхтуюць справаздачныя і фінансавыя дакументы, удзельнічаюць у кірмашах, злётах, форумах. Пералік тавараў, што вырабляюць удзельнікі школьнай кампаніі, вызначаецца саветам школы. Яе могуць арганізаваць навучэнцы ва ўзросце ад 14 гадоў. Асноўная задача — дапамагчы навучэнцам выбраць прафесію, здольную прыносіць не толькі даход, але і штодзённую радасць яе ўладальніку.

Таксама пад кіраўніцтвам дырэктара школы створаны трэці музей — музей гісторыі школы. Гэта вынік плённай работы ўстановы за 50 гадоў. Інфармацыю для музея збіралі па крупінках, беражліва перакладвалі старыя фотаздымкі, успаміналі тых, хто аддаў рабоце ў школе столькі працы, цярплівасці і душэўных сіл.

Час ідзе няўмольна. Адно пакаленне навучэнцаў змяняецца іншым, а школа становіцца прыгажэйшай. Асабліва прыемна, што для сваіх падапечных яна стала сапраўды роднай. Вельмі часта вучні кажуць: “Школа — наш другі дом”. Вядома, чуць такое прыемна. Разумееш, што ў сэрцах падрастаючага пакалення пачуццё любові дапаўняецца пачуццём гордасці. Значыць, нельга спыняцца на дасягнутым. Нам застаецца толькі ствараць…

Андрэй ВОЛКАЎ,
дырэктар сярэдняй школы № 17 Барысава.