Змагар у спорце — змагар па жыцці

Для настаўніка фізічнай культуры Яўгена Шыцікава любоў да спорту стала асновай у выбары прафесіі.

Як і многія з нас, у падлеткавым узросце хлопец шукаў сябе, нават набыў прафесію ветфельчара. Як прызнаецца сам Яўген, адбылося гэта хутчэй па парадзе, чым па закліку сэрца. Але праз некалькі гадоў ажыццявіў запаветную мару — скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.


Ужо другі год настаўнік займаецца з навучэнцамі Роўкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна, трэніруе іх і разам з дзецьмі марыць пра тое, што жаданне стаць лепшымі дапаможа выхаванцам дасягнуць перамог не толькі на спаборніцтвах, але і ў жыцці. Важна, што Яўген — змагар, і трэнер, і настаўнік. Больш за 12 гадоў свайго жыцця ён аддаў вольнай барацьбе і атрымаў мноства ўзнагарод і званняў у гэтым відзе спорту. Яўген Сяргеевіч з’яўляецца прызёрам міжнародных і рэспубліканскіх турніраў, прызёрам вобласці, удзельнікам турніраў рознага ўзроўню.

У дзяцей трэба ўкладваць свой час, сілы, веру — толькі так можна атрымаць вынік. Трэба адзначыць, што некаторым дзецям нашай установы п’едэстал перамогі скарыўся. У іх ліку — дзевяцікласніца Настасся Патапенка. Яна мае званне чэмпіёна і прызёра абласных спаборніцтваў, стала пятай на рэспубліканскіх спаборніцтвах па вольнай барацьбе. Ірына Халаева, вучаніца 8 класа, таксама неаднаразова станавілася прызёрам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Прыклад старшакласніц натхняе малодшых школьнікаў. Сур’ёзна заняцца трэніроўкамі вырашыў пяцікласнік Яраслаў Данцоў. Тым больш што старэйшая сястра хлопчыка Аліна, выпускніца нашай школы, займаецца ў Гомельскім абласным вучылішчы алімпійскага рэзерву, мае званне прызёра і пераможцы абласных спаборніцтваў.

Даць дзецям шанс рэалізавацца ў спорце ці ў іншай сферы — гэта перш за ўсё прыклад самога настаўніка. Верагодна, работа настаўніка і трэнера Яўгена Шыцікава і яго вера ў выхаванцаў сталі асновай дзіцячых перамог. У Яўгена Сяргеевіча ёсць свая выведзеная формула поспеху. Ён заўсёды кажа: “Змагар у спорце — змагар па жыцці”. І яго выхаванцы ўпэўнена пацвярджаюць гэта.

Вольга АКСЁНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
Роўкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна.