Зацікавіць дашкольнікаў роднай мовай

Усім вядома, што дашкольны ўзрост з’яўляецца самым спрыяльным перыядам для актыўнага маўленчага развіцця чалавека. Важная задача нашай дашкольнай установы — стварыць неабходныя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу па фарміраванні ў дашкольнікаў цікавасці да беларускага маўлення і навучанні іх маўленчым зносінам. Але на калектыў дашкольнай установы ўскладваецца адказнасць не толькі за развіццё беларускага маўлення ў дзіцяці, але і за фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці сродкамі роднай мовы, за перадачу літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, назапашаных нашым народам. Вырашэнне гэтых задач немагчыма без цеснай сувязі з сям’ёй.


Падчас анкетавання бацькоў было выяўлена, што яны не толькі не ўмеюць размаўляць па-беларуску, але і не разумеюць мовы, не ведаюць традыцый і сямейна-абрадавых свят. Паўстала пытанне, з чаго пачынаць работу, а для гэтага неабходна было самім пазнаёміцца з беларускім фальклорам, песнямі, танцамі, гульнямі. У выніку быў праведзены з выхавальнікамі аўкцыён, падабраны метадычны матэрыял для правядзення заняткаў па развіцці маўлення і маўленчых зносін, картатэкі мастацкай літаратуры і беларускіх лічылак, прыказак і прымавак, дыдактычныя і рухавыя гульні і г.д.

Якасць дашкольнай адукацыі залежыць ад якасці ўсяго таго, што акружае дзяцей, з чым яны гуляюць, у якім асяроддзі знаходзяцца. Кожная ўзроставая група — ад ранняга ўзросту да старэйшага — мае свой інтэр’ер. Выхавальнік — гаспадар у сваёй групе. Ён з густам афармляе і абсталёўвае групу для сваіх выхаванцаў. Эфектыўнасць краязнаўчага выхавання ў значнай ступені залежыць ад правільнай арганізацыі асяроддзя дашкольнай установы. Ва ўсіх групах ёсць “Беларускія куточкі” патрыятычнага выхавання, у якіх сабраны прадметы побыту, лялькі ў нацыянальным адзенні, кнігі аб Беларусі, радаводы, таксама размешчана інфармацыя аб роднай краіне, ёсць яе карта. Асаблівую ролю ў азнаямленні дзяцей з гісторыяй народа адыгрывае міні-музей “Спадчына”, які нам дапамаглі адкрыць бацькі. Нашы выхаванцы ведаюць, як выглядаюць старадаўнія рэчы: лапці, пранік, вілкі, чыгун і г.д. Наведваючы яго, выхавальнікі знаёмяць дзяцей не толькі з гісторыяй паходжання старых рэчаў, але і дэманструюць работы сучасных умельцаў. Гэты інтэр’ер заўсёды папаўняецца вырабамі з газет (яны выглядаюць як з лазы). Так, у нас ужо больш за 20 такіх вырабаў. Такім чынам, створанае асяроддзе спрыяе падрыхтоўцы да моўнай дзейнасці.


Працу з бацькамі пачалі з правядзення конкурсу кніг па-беларуску сваімі рукамі “Наша спадчына”, мэтай якога было зацікавіць мам і татаў беларускай мовай і абагаціць асяроддзе дапаможнікамі, якія спатрэбіліся б і педагогам, і бацькам у яе вывучэнні. Кнігі атрымаліся прыгожыя, розныя па форме, памеры і выкарыстаных матэрыялах, а самае галоўнае — асвятлілі розныя напрамкі (беларускія слоўнікі па адзенні, абутку, фальклор, гульні і г.д.). Дадзеная работа дапамагла нам стварыць музей сучаснай кнігі. Узнікаюць і больш канкрэтныя задачы па далучэнні бацькоў да сумеснай работы: азнаямленне са зместам праграмы развіцця беларускага маўлення дзяцей, узбраенне бацькоў неабходным даступным метадычным матэрыялам для навучання дзяцей беларускай мове ў сям’і. Работа з бацькамі па навучанні дашкольнікаў беларускай мове адлюстравана ў планах вучэбна-выхаваўчай работы дзіцячага сада. У бацькоўскім кутку групы ў рубрыцы “Сёння на занятках” выхавальнікі прапісваюць праграмны змест кожных заняткаў. Гэта дапамагае лепш падрыхтаваць выхаванцаў да навучання ў школе і стварыць сітуацыю поспеху для кожнага. Таксама на працягу навучальнага года ва ўсіх узроставых групах вядзецца рубрыка “Гаворым па-беларуску”. Вось ужо тры гады напярэдадні 1 верасня праходзіць дзень адкрытых дзвярэй. І ў гэтым навучальным годзе таксама ён быў арганізаваны, але адрозніваўся ад іншых тым, што выхавальніца Кацярына Фёдараўна Максіменка паказвала фрагмент заняткаў і майстар-клас на беларускай мове, дзе знаёміла з сакрэтамі ткацтва. Гэтую тэму яна прадоўжыла на сваіх занятках, запрасіўшы да ўдзелу адну з матуль у ролі ткачыхі.

Яшчэ адна нетрадыцыйная форма ўзаемадзеяння з бацькамі — бацькоўскі дзень, падчас якога дарослыя праводзяць гульні, зарадку, заняткі, чытаюць казкі і проста размаўляюць з дашкольнікамі.

Трэба адзначыць, што цяжка знайсці больш каштоўны матэрыял для развіцця мастацкіх здольнасцей дзяцей, чым беларускія казкі, песні, гульні, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Дзякуючы ім, дзеці пачынаюць разумець прыгажосць беларускага арнаменту, незвычайны каларыт народных песень, хараство карагода. Пад уздзеяннем фальклору іх малюнкі, песні, танцы, апавяданні становяцца выразнымі і вобразнымі. Падчас заняткаў па беларускіх казках у другой малодшай групе таксама прысутнічалі бацькі выхаванцаў.


Самым незвычайным мерапрыемствам у нашым садку стала акцыя “Бабуля, пачытай мне казку”. Выхаванцы вельмі ўважліва слухалі казкі, якія ім чыталі іх бабулі. Матулі і выхавальнікі разам з выхаванцамі зрабілі выставу малюнкаў па матывах беларускіх казак.

На жаль, сучасная гарадская сям’я, ды і асіміляваная вясковая, не з’яўляюцца ні носьбітамі, ні захавальнікамі народнага педагагічнага вопыту. Менавіта дзіцячы cад і прызваны адрадзіць лепшыя традыцыі. Што бачыць, што чуе ў сваёй роднай старонцы сучаснае беларускае дзіця? Вакол яго ўжо не плёскае мора традыцыйнай культуры, у забыцці абрады, каляндарныя абрадавыя святы, фальклорнае мастацтва, нацыянальнае адзенне, рамесныя вырабы. Усё гэта можна пабачыць сёння толькі ў музеі ці на выставе.

Асобны напрамак у нашай установе — сямейна-абрадавыя святы. Вось ужо трэці год запар музычнымі кіраўнікамі праводзяцца святы “Уваход у новую хату”, “Дажынкі”, “Хрэсьбіны”. Канспекты іх пішуць самі музычныя кіраўнікі. Такім чынам быў рэалізаваны праект “Скарбонка спадчыны”.

Пры падрыхтоўцы фестывалю беларускага мастацтва “Гучы, родная мова”, які правялі як бацькоўскі сход, мы ўжо атрымалі вынікі праведзенай работы па фарміраванні цікавасці да мовы. Пра гэта сведчыла тое, што і выхаванцы, і выхавальнікі, і бацькі натхнёна чыталі вершы і расказвалі легенды, актыўна ўдзельнічалі ў гульнях, пастаноўцы па матывах легенды “Чаму кабета спачыну не мае” (Уладзімір Сіўчык) і спявалі беларускія песні. Не абышоўся фестываль без гасцей. Гэта былі вучні дзіцячай школы мастацтваў. Свята атрымалася прыгожае, былі прадстаўлены розныя жанры: байкі і вершы, легенды і апавяданні, танцы і песні і г.д. Усе выступалі з задавальненнем.

Не магу не сказаць аб фальклорным ансамблі, які вось ужо тры гады існуе і выступае не толькі ў садку, але і іншых установах. Нашы бацькі і выхаванцы заўсёды чакаюць і падтрымліваюць нас.

Правільнасць абранага кірунку і выкарыстання вышэйзгаданых форм работы пацвярджаецца тым, што дзеці не толькі разумеюць беларускую мову, але і карыстаюцца ёй падчас гульняў. У іх павысілася цікавасць да беларускай творчасці, гісторыі і традыцый нашага народа. Мы хочам быць упэўненымі, што сумесная работа ва ўзаемадзеянні “ўстанова — сям’я — грамадства” дазволіць сфарміраваць у нашых выхаванцаў любоў да радзімы і гонар за яе.

Людміла ЧАРНАГАЕВА,
загадчыца ясляў-сада № 15 Жлобіна.