Займальная эканоміка для дашкольнікаў

На працягу некалькіх гадоў у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 22 Светлагорска працуе “Школа Берагошы”, дзе дашкольнікі не толькі атрымліваюць асновы энергазберажэння, але і знаёмяцца з такімі эканамічнымі паняццямі, як грошы, тавар, заработная плата.

Пачалі мы са стварэння прадметнага асяроддзя і падрыхтоўкі метадычнага забеспячэння, распрацавалі канспекты заняткаў. У рабоце абапіраліся на эмпірычныя веды і жыццёвы вопыт дзяцей, імкнучыся ўдакладніць і пашырыць іх уяўленне пра эканоміку.

Выкарыстанне разнастайных форм дае выхавальніку магчымасць праявіць творчасць, індывідуальнасць і ў той жа час, што асабліва важна, зрабіць працэс пазнання эканомікі цікавым, даступным.

Вялікая ўвага была ўдзелена тром блокам:  “Праца — прадукт — кошт”, “Карысныя звычкі і навыкі ў побыце” і “Грошы”. Заняткі праводзяцца ў форме гульняў і гутарак: гістарычныя — пахо­джанне грошай у грамадстве людзей; тэарэтычныя — куды можна патраціць грошы; практычныя — адкуль з’яўляюцца грошы і як іх трацяць у сям’і. Спачатку неабходна было растлума­чыць дзецям, што вынік працы людзей аплачваецца грашыма, удакладніць іх веды з галіны фінансавых катэгорый, выхаваць асновы разумных паводзін у жыццёвых сітуацыях, звязаных з грашыма. Для гэтага быў распрацаваны і створаны лэпбук “У гасцях у царыцы Эканомікі”.

Асаблівая ўвага ўдзялялася рабоце з бацькамі, бо эканамічнае выхаванне дашкольніка немагчыма без удзелу бацькоў. На ўсіх этапах па­трабуецца падтрымка дзіцяці дома, у сям’і. Былі выпрацаваны некаторыя напрамкі сумеснай дзейнасці дзіцячага садка і бацькоў па эканамічным выхаванні старшых дашкольнікаў. А для таго каб зацікавіць бацькоў у эканамічным выхаванні дзяцей, была арганізавана пошукавая дзей­насць. Матулі і таты з дзецьмі рыхтавалі калекцыю даўнейшых грошай, якія захаваліся ў некаторых дамах. Вынікам стала выстава манет і купюр савецкага і постсавецкага часу.

З манетамі рознай вартасці дзеці знаёмяцца на занятках па фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў, вучацца правільна называць іх, параўноўваць, знаёмяцца з іх разменам.

Практычныя навыкі абыходжання з грашыма дзеці набываюць у ходзе сюжэтна-ролевых гульняў “Магазін”, “Кафэ”, “Цырульня”, “Банкамат”, “Інфакіёск”. У іх мадэлююцца рэальныя жыццёвыя сітуацыі: аперацыі куплі-продажу, вытворчасці і збыту гатовай прадукцыі і інш. У сумеснай рабоце з дарослымі старшы дашкольнік вы­дзяляе ланцужок сувязей у вытворчасці тавару, прадстаўляе яго жыццёвы цыкл, пастаянную неабходнасць.

Прадукцыйная дзейнасць у эканамічным выхаванні разглядаецца як від працоўнай дзейнасці, у працэсе якой дзіця творча стварае прадукт, які адпавядае яго інтарэсам і жаданням, самастойна кіруе працэсам ператварэння матэрыялаў у прадукт працы.

Выкарыстанне розных відаў канструявання спрыяе ўсведамленню эканамічнай прыроды прадуктаў працоўнай дзейнасці, набываецца вопыт вырашэння простых эканамічных задач. У працэсе лепкі дзеці засвойваюць залежнасць пакупніцкага попыту на тавар ад якасці яго вырабу, вызначаюць патрэбную колькасць матэрыялаў, вылучаюць рацыянальныя спосабы вырабу тавару. Малюнак становіцца прадметам размовы, які выказвае эканамічную сутнасць творчай дзейнасці (пазнанне свету прафесій творчай накіраванасці, напрыклад, стварэнне рэкламы).

Практычныя заняткі па фарміраванні эканамічнага мыслення паказваюць, што эканамічнае выхаванне дашкольніка не толькі набліжае дзіця да рэальнага жыцця, вучыць яго арыентавацца ў тым, што адбываецца, але і фарміруе дзелавыя якасці асобы, што забяспечыць пераемнасць паміж дзіцячым садам і школай. Выкарыстанне разнастайных форм і метадаў па фарміраванні эканамічнага мыслення дае магчымасць прая­віць творчасць, індывідуальнасць і ў той жа час зрабіць працэс пазнання эканомікі цікавым, да­ступным. Галоўнае — расказаць дзіцяці пра складаны свет эканомікі на зразумелай яму мове.

Ірына РАСЛОЎЦАВА,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 22 Светлагорска.