Загаварыць дапаможа карцінка

Сучасныя настаўнікі замежнай мовы сутыкаюцца з праблемай маўчання навучэнцаў на ўроку. Я хачу падзяліцца вопытам выкарыстання наглядна-ілюстрацыйнага метаду на ўроках замежнай мовы, які дапамагае падштурхнуць дзіця да зносін. Гэты метад я адкрыла для сябе зусім нядаўна, і, на маё здзіўленне, ён акзаўся вельмі эфектыўным.

Пасля праслухоўвання ці прачытання тэксту на ўроках англійскай мовы я прапаную дзецям абмеркаваць тэкст, выкарыстаўшы карцінкі па тэксце.

Так, пасля праслухоўвання тэксту ў 5 класе Robin Hood and the golden arrow можна прапанаваць дзецям абмеркаваць яго пры дапамозе наступнага наглядна-ілюстрацыйнага матэрыялу.

Дзякуючы гэтаму матэрыялу, дзеці могуць лёгка адказваць на пытанні настаўніка, рабіць розныя заданні па тэксце, а ў канцы — пераказваць усё, што абмяркоўвалася.

Гэты наглядны матэрыял дапамагае навучэнцам без цяжкасці расказаць, чаму Робін Гуд стаў разбойнікам, чым ён займаўся, калі вырас, дзе і з кім жыў, хто за ім ганяўся.

Для стварэння такога матэрыялу спатрэбіцца стандартная праграма Paint, карцінкі, якія змогуць перадаць змест тэксту. І давядзецца пафантазіраваць.

Пры рабоце з наглядна-ілюстрацыйным матэрыялам дзеці могуць выкарыстоўваць сваю фантазію і слоўнікавы запас. Мэта настаўніка — праверыць, як дзіця валодае лексікай па тэме і ці можа правільна прымяняць граматычны матэрыял у гаворцы.

Яшчэ адзін прыклад — тэкст для чытання па тэме My house. Modern Conveniences (“Мой дом. Сучасныя выгоды”).

У 6 класе пры паглыбленым вывучэнні замежнай мовы дзецям прапануецца прачытаць тэкст Peter’s holiday. У ім расказваецца пра хлопчыка, які вельмі не любіў мыцца.

Гэты наглядны матэрыял я разбіла на тры часткі. У першай частцы дзецям неабходна расказаць пра сям’ю Піта, у другой — расказаць пра планы сям’і на лета, у апошняй частцы, выкарыстоўваючы пройдзены граматычны матэрыял і лексіку па тэме, неабходна апісаць дом, у якім спынілася сям’я.

Пасля абмеркавання тэксту дзецям можна прапанаваць расказаць пра свой дом (кватэру) ці дом сваёй бабулі.
Навучэнцам вельмі падабаецца абмяркоўваць тэксты, выкарыстоўваючы наглядны матэрыял. У дзяцей няма спакусы залезці ў кнігу і паглядзець, пра што гаворыцца ў тэксце, яны хочуць складаць свой аповед, асноўваючыся на асабістых ведах.

Я лічу, што згаданы метад з’яўляецца эфектыўным пры фарміраванні навыкаў гаварэння навучэнцаў. Такую форму работы можна прымяняць на розных этапах заняткаў. Наглядна-ілюстрацыйны метад дапаможа зрабіць разнастайным любы ўрок замежнай мовы.

Наталля КОБЫСЬ,
настаўніца англійскай мовы гімназіі імя Янкі Купалы Мазыра.