З чаго складаецца прафесійная кампетэнцыя

Цікавае і нестандартнае прафарыентацыйнае мерапрыемства арганізавала кафедра англійскай мовы факультэта замежных моў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

“Англійская мова ў будучай прафесіі” — такая назва прыцягнула ўвагу студэнтаў самых розных факультэтаў: эканамічнага, геолага-геаграфічнага, юрыдычнага, факультэтаў матэматыкі і тэхналогій праграмавання, фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Удзел у мерапрыемстве прынялі таксама навучэнцы гомельскай сярэдняй школы № 72, на базе якой функцыянуе філіял кафедры англійскай мовы Гомельскага дзяржуніверсітэта.


Вывучэнне замежнай мовы — гэта не даніна модзе, а патрабаванне часу. Напэўна, сёння кожны малады чалавек ведае, наколькі пашыраюцца яго магчымасці, калі ён валодае хаця б адной замежнай мовай. Варта адзначыць, што сучасныя юнакі і дзяўчаты незалежна ад таго, якую прафесію выбралі, з задавальненнем імкнуцца авалодаць гэтымі ведамі.

— Уменне добра размаўляць на замежнай мове можна лічыць сапраўдным козырам і паказчыкам якаснай адукацыі, — лічыць загадчык кафедры англійскай мовы Таццяна Пачынок. — Выпускнік, які свабодна валодае замежнай мовай, будзе запатрабаваны ў прафесіі, зможа развіваць сваю кампанію, прадпрыемства ў напрамках узаемаўзбагачальнага міжнароднага партнёрства. І, вядома, у такім выпадку адчуванне ўласнай самарэалізацыі, запатрабаванасці і карыснасці паслужыць яму дадатковым стымулам для далейшых поспехаў.

Пра важнасць валодання замежнай мовай можна гаварыць шмат. Калі ж прывесці дакладныя прыклады — разуменне гэтай важнасці значна ўзрастае. Мабыць, менавіта з гэтай мэтай на прафарыентацыйную сустрэчу былі запрошаны эксперты — кіраўнікі, спецыялісты арганізацый і прадпрыемстваў, якія на канкрэтных прыкладах маглі растлумачыць і паказаць студэнтам і навучэнцам як дзейнасць кампаніі, так і выкарыстанне англійскай мовы ў прафесійнай сферы, а таксама адказаць на пытанні маладзёжнай аўдыторыі. Так, удзел у мерапрыемстве прынялі начальнік упраўлення знешнеэканамічных сувязей камітэта эканомікі Гомельскага аблвыканкама Аляўціна Саранчукова, генеральны дырэктар абласнога аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Марына Філонава, прадстаўнікі прадпрыемстваў ВА “Беларуснафта”, ААТ “Гомельскі хімічны завод”, ТАА “ІВА-Гомель-парк”.

Дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Каваленка, падкрэсліваючы важнасць англійскай мовы для мабільнасці студэнтаў і магістрантаў , прывёў прыклады ўдзелу студэнтаў факультэта ў праграмах Erasmus + Physics, Tempus Сenter of Excellence for young RESearches. Дзмітрый Леанідавіч адзначыў, што кожны студэнт, магістрант ці аспірант факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій можа трапіць на стажыроўку ў замежны ўніверсітэт. Для гэтага неабходна мець добрую падрыхтоўку па фізіцы, актыўна ўдзельнічаць у студэнцкай навуковай рабоце і, вядома, валодаць англійскай мовай для навучання і эфектыўных прафесійных зносін з калегамі за мяжой.

Генеральны дырэктар абласнога аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты запрасіла арганізатараў прафарыентацыйнай сустрэчы і студэнтаў прыняць удзел у міжнародным мерапрыемстве “Бізнес-дні ў Гомелі”, якое адбылося ў абласным цэнтры акурат пасля сустрэчы. У выніку шасцёра лепшых студэнтаў і магістрантаў на чале з загадчыкам кафедры англійскай мовы наведалі бізнес-форум. Гэта таксама дзволіла ўжывую паназіраць, наколькі ўзрастаюць магчымасці будаваць моцныя дзелавыя адносіны і плённае супрацоўніцтва праз валоданне мовай партнёраў.

— Сёння прафесійная кампетэнцыя сучаснага спецыяліста ўключае не толькі веды, навыкі і ўменні па выбранай спецыяльнасці, але і валоданне замежнай мовай, веданне асаблівасцей ментальнасці і паводзін замежных партнёраў, моўнага і дзелавога этыкету, — заўважыла Таццяна Пачынок.

Трэба адзначыць, што была заўважана непадробная цікавасць юнакоў і дзяўчат да такой сустрэчы. Студэнты прызнаюцца, што адна справа — калі ты адусюль чуеш, як важна вучыць замежную мову, і іншая справа — калі ты ведаеш рэальныя прыклады. Гэта служыць асаблівым стымулам.

Наталля ЛУТЧАНКА.