Як выхоўваюць маленькіх беларусаў

У дзіцячым садку № 161 Гомеля з самага адкрыцця шмат увагі ўдзяляецца нацыянальна-патрыятычнаму выхаванню дашкольнікаў. Дзеці знаёмяцца з элементарнымі нормамі паводзін і побытавым этыкетам беларусаў, традыцыямі і святамі нашых продкаў.

У кожнай групе створаны нацыянальныя куткі, дзе знаходзяцца кнігі пра беларускія традыцыі, беларускія гарады, некаторыя прылады побыту і жыццядзейнасці беларусаў. У музычнай зале рэгулярна праводзяцца нацыянальныя святы: Каляды, Гуканне вясны,  Купалле, Багач і інш. Усё гэта спрыяе станаўленню нацыянальнага характару маленькага чалавека і яго непаўторнай індывідуальнасці.

І многія бацькі таксама пачынаюць разумець, што трэба ве­даць мову сваёй краіны, сваю нацыянальную прыналежнасць.

Менавіта па жаданні бацькоў у яслях-садзе № 161 Гомеля з  1 верасня 2018 года была адкрыта група з навучаннем на беларускай мове, якую наведваюць дзеці з трох гадоў.  Няпростая, але вельмі пачэсная місія — вучыць дзяцей быць беларусамі — дасталася выхавальніку вышэйшай катэгорыі Жанне Андрушчанка. Гэта чалавек, які неабыякава ставіцца да сваёй працы, усю душу аддае выхаванню падрастаючага пакалення. Яна з вялікай адказнасцю падыходзіць да такой важнай задачы, як навучанне дзяцей на беларускай мове. Жанна Аляксееўна цярпліва, ласкава, па-мацярынску  тлумачыць дзецям кожнае незразумелае беларускае слова, каб яны паступова авалодалі духоўнымі каштоўнасцямі і практычнымі маўленчымі навыкамі. Дзеці з задавальненнем вывучаюць забаўлянкі, вершы, пераказваюць казкі і выкарыстоўваюць набытыя веды ў тэатралізаванай дзейнасці.

Для бацькоў Жанна Аляксееўна таксама падбірае кансультацыйны матэрыял, каб ім было лягчэй размаўляць са  сваімі дзеткамі, дапамагчы замацаваць веды  і потым прымяняць у штодзённым жыцці.

Размаўляюць з дзецьмі на роднай мове і спецыялісты на занятках па  фізічнай культуры і музыцы. Музычны кіраўнік Алена Караханава вывучае з дзецьмі беларускія песні і танцы, якія вельмі ім падабаюцца і абуджаюць у малых вялікую цікавасць да нашай спадчыны. Кіраўнік фізічнага выхавання Ала Ярац на сваіх занятках з дзецьмі гуляе ў беларускія народныя гульні. Выхаванцы вельмі заахвочваюцца гэтымі гульнямі і прымаюць у іх актыўны  ўдзел.

Прыемна ўсведамляць, што дзеці пры такім падыходзе да выхавання вырастуць сапраўднымі беларусамі.

І няхай яны пакуль што самыя маленькія грамадзяне нашай краіны, але яны ўжо з гордасцю могуць сказаць, што з’яўляюцца грама­дзянамі краіны, імя якой — Беларусь.

Наталля КАЗЛОВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 161 Гомеля.