Выхаванне грамадзяніна і патрыёта

Адным з прыярытэтных напрамкаў выхаваўчай работы ў Жыткавіцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

Гэты напрамак работы вядзецца ў рамках сацыяльна-творчага праекта “Юны патрыёт” і скіраваны на комплекснае і сістэматычнае вывучэнне гісторыі, культуры беларускага народа, выхаванне павагі да подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны.


Веданне гісторыі свайго краю дазваляе па-новаму асэнсаваць мінулае, сучаснае і ўявіць будучыню, сфарміраваць неабходныя каштоўнасныя арыенціры. Выхоўваць грамадзяніна-патрыёта неабходна праз вывучэнне сваіх вытокаў. Менавіта з гэтай мэтай у нашым цэнтры прайшлі мерапрыемствы “Падарожжа ў гісторыю свайго роду”, “Легенды і паданні роднага краю”, “Нашы знакамітыя землякі”, літаратурна-музычная кампазіцыя “Славутыя сыны зямлі беларускай”, “Мой горад Жыткавічы: гісторыя і сучаснасць” і інш.

Сфарміраваць актыўную грамадзянскую пазіцыю дзяцей і падлеткаў без далучэння да скарбаў свайго народа нельга. У цэнтры праводзяцца тыдні беларускай гульні і казкі, абрадавыя святы: Каляды, Масленіца, выстава-конкурс “Калядная зорка”, фестываль фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю!”. Гэтыя мерапрыемствы накіраваны на фарміраванне паважлівых адносін да мінулага, беражлівых адносін да нацыянальна-культурных традыцый.

Выхаваўчая значнасць праекта “Юны патрыёт” заключаецца ў тым, што дзеці і падлеткі не толькі далучаюцца да нацыянальнай культуры, даведваюцца аб традыцыях беларускага народа, але і вучацца традыцыйным рамёствам і сучасным відам творчасці, што дае магчымасць у будучыні правільна выбраць прафесію, быць дастойным грамадзянінам сваёй краіны.

У рамках праекта “Юны патрыёт” ветэраны Вялікай Айчынай вайны становяцца частымі гасцямі нашага цэнтра. Яны, носьбіты памяці, традыцый, вопыту, аказваюць вялікі ўплыў на станаўленне грамадзянскай актыўнасці дзяцей і падлеткаў, выхаванне патрыятызму.

Святочны канцэрт “Памяць сэрца”, гульня-падарожжа “На герояў раўняем крок”, мікрафон меркаванняў “Дыялогі пра подзвігі”, акцыі “Клопат”, “Ветэран жыве побач”, адкрыццё стэнда “У страі заўсёды — у памяці навечна” — усе гэтыя мерапрыемствы спрыяюць выхаванню ў дзяцей і падлеткаў героіка-патрыятычнай свядомасці, спагады і міласэрнасці, вучаць любіць і падтрымліваць мір, удзельнічаць у сацыяльна значных справах. Акрамя таго, у цэнтры праводзяцца інтэлектуальныя гульні “Вайна ў гісторыі народа”, “Юныя абаронцы Айчыны”, працуюць творчыя майстэрні па вырабе сувеніраў і паштовак для ветэранаў.

Праект “Юны патрыёт” — гэта сістэма росту і развіцця вучняў на прыкладзе спадчыны, гісторыі нашага народа, доблесці, гераізму і мужнасці ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Алена ГЛУШАНЬ,
педагог-арганізатар Жыткавіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.