Вучыць адчуваць слова

Усё сваё жыццё доктар філалагічных навук прафесар кафедры беларускай мовы Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Вольга Аляксееўна Ляшчынская прысвяціла служэнню роднаму слову.

Яе імя вядома далёка за межамі роднай Беларусі. Навуковыя інтарэсы Вольгі Аляксееўны звязаны з праблемамі лексікалогіі і фразеалогіі сучаснай беларускай мовы, стылістыкі і культуры маўлення, лексікаграфіі, тэрміназнаўства, анамастыкі, лінгвадыдактыкі, лінгвакультуралогіі, методыкі выкладання беларускай мовы ў школе і УВА. Яна аўтар больш як 350 навуковых і метадычных работ.

Сваім прыкладам працаздольнасці, адказнасці за справу, сапраўднай апантанасцю Вольга Аляксееўна натхняе ўсіх нас на актыўную работу, удзел у справах кафедры, факультэта, універсітэта. Амаль усе члены кафедры — яе вучні. Для нас яна — Настаўнік. Вольга Аляксееўна і нам, сваім выхаванцам, дарыла і дорыць гэтую апантанасць, творчае гарэнне, імкненне да дасканаласці. Сотні выпускнікоў філалагічнага факультэта ўдзячны ёй за ўменне знайсці спагадлівае слова, за падтрымку і шчырую дапамогу ў навуковым пошуку. Яна нястомна кіруе навуковай работай студэнтаў і аспірантаў.

Сёння можна гаварыць пра навуковую школу доктара філалагічных навук Вольгі Аляксееўны Ляшчынскай. Лёсам наканавана ёй быць узорам для ўсіх, хто знаходзіцца побач, і жыве яна ў штодзённым важкім клопаце пра іншых, дбаючы пра малыя і вялікія перамогі сваіх вучняў, кожнаму аддаючы цеплыню свайго добрага сэрца. Яна вучыла і вучыць выхаванцаў адчуваць слова — жывое, прыгожае, рознакаляровае, адкрываць таямніцы роднай мовы, бо ведае, што без гэтага няма сапраўднага філолага.

А з якой нецярплівасцю чакаюць сустрэч з Вольгай Аляксееўнай настаўнікі горада і вобласці! Яна выступае з лекцыямі па актуальных пытаннях беларускай філалогіі, методыкі выкладання беларускай мовы, праводзіць аўтарскія семінары ў інстытутах перападрыхтоўкі кадраў, рыхтуе адораных вучняў старэйшых класаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах навукова-даследчых работ, з’яўляецца старшынёй разнастайных гарадскіх і абласных конкурсаў школьнікаў па беларускай мове і літаратуры.

Вольга Аляксееўна заваявала вялікі аўтарытэт глыбінёй ведаў і ўменнем, жаданнем падзяліцца імі, неабыякавасцю да праблем іншых, добразычлівасцю, мудрасцю, чалавечнасцю.

За сваю плённую навукова-педагагічную дзейнасць прафесар В.А.Ляшчынская атрымала шмат узнагарод, у ліку якіх і знак “Выдатнік адукацыі”. Ёсць у яе і яшчэ дзве важныя для педагога ўзнагароды — павага калег-выкладчыкаў і ўдзячнасць вучняў. Адказны і вельмі патрабавальны да сябе чалавек, Вольга Аляксееўна заўсёды ў рабоце, творчым пошуку. Шукаць і знаходзіць, каб перадаць свой вопыт калегам, аспірантам і студэнтам, — жыццёвае крэда прафесара В.А.Ляшчынскай.

Дочкі Вольгі Аляксееўны таксама абралі для сябе філалагічную сцежку, і сэнсам іх жыцця таксама стала служэнне роднаму слову.

Зоя Уладзіміраўна Шведава, старэйшая дачка Вольгі Аляксееўны, — вядомы ў Беларусі даследчык беларускай анамастыкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы ГДУ імя Ф.Скарыны. Кола яе навуковых інтарэсаў — методыка выкладання беларускай мовы, лексікалогія, лексікаграфія, фразеалогія, фразеа-графія, лінгвакультуралогія.

Зоя Уладзіміраўна з’яўляецца аўтарам манаграфіі “Аданамастычнае словаўтварэнне ў старабеларускай пісьменнасці”, шматлікіх артыкулаў у рэцэнзуемых беларускіх і замежных выданнях, суаўтарам вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. З.У.Шведава актыўна кіруе навукова-даследчай работай магістрантаў і студэнтаў. Штогод пад яе кіраўніцтвам студэнты філалагічнага факультэта прымаюць удзел у рабоце навуковых канферэнцый рознага ўзроўню, у тым ліку і за мяжой, неаднаразова атрымлівалі ўзнагароды Рэспубліканскага конкурсу навуковых студэнцкіх работ. Сярод студэнтаў выпускных курсаў штогод праводзіць конкурс на лепшую прэзентацыю педагагічнай практыкі.

Зоя Уладзіміраўна з’яўляецца членам экспертных камісій розных вучнёўскіх канферэнцый і конкурсаў, якія праходзяць на Гомельшчыне. У рамках праектаў па ажыццяўленні бесперапыннага і сістэматычнага лінгвакультуралагічнага навучання і выхавання вучняў і арганізацыі іх навукова-даследчай дзейнасці цесна супрацоўнічае з кіраўніцтвам і настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 10 і сярэдняй школы № 66 Гомеля, на базе якіх адкрыты філіялы кафедры беларускай мовы. У рамках прафарыентацыйнай работы ў межах універсітэцкіх субот і дзён адкрытых дзвярэй арганізоўвае з вучнямі школ Гомеля і Гомельскай вобласці сустрэчы па прадстаўленні нашага ўніверсітэта і філалагічнага факультэта, каардынуе ўсю прафарыентацыйную работу на філалагічным факультэце.

Кола навуковых інтарэсаў малодшай дачкі Вольгі Аляксееўны — Марыны Уладзіміраўны Бураковай — тэрміналогія, методыка выкладання беларускай мовы. Ступень кандыдата філалагічных навук была прысуджана ёй у 2004 годзе. З 2009 года — на пасадзе дацэнта кафедры беларускай і замежнай моў Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога. Мае больш за 60 навуковых (сярод іх — работы ў рэцэнзуемых часопісах і зборніках навуковых артыкулаў) і 5 вучэбна-метадычных выданняў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Хочацца пажадаць Зоі Уладзіміраўне і Марыне Уладзіміраўне, як і зараз, заўсёды актыўна працягваць традыцыі, закладзеныя Вольгай Аляксееўнай Ляшчынскай на ніве беларускай філалогіі.

Алена ПАЛУЯН,
дэкан філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта
імя Ф.Скарыны.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*