Вучэбна-маўленчыя сітуацыі на ўроках англійскай мовы

Камунікацыя, зносіны — гэта тое, што складае аснову існавання чалавека. Веданне англійскай мовы і ўменне весці размову на ёй — неабходная ўмова жыцця сучаснага грамадства. Каб быць сацыяльна паспяховай асобай, ужо недастаткова валодаць англійскай мовай, неабходна ўмець весці гутарку адпаведна пастаўленай камунікатыўнай задачы. Паспяховаму вырашэнню такіх задач спрыяе выкарыстанне вучэбна-маўленчых сітуацый на ўроках англійскай мовы і далучэнне вучняў да актыўнага ўдзелу.

Кожная маўленчая сітуацыя — гэта сістэма ўзаемаадносін паміж камунікантамі. У аснове стварэння кожнага тыпу вучэбна-маўленчай сітуацыі ляжаць наступныя фактары: сацыяльны статус чалавека, яго роля як суб’екта маўлення, дзейнасць, якую ён выконвае, і маральныя характарыстыкі. У залежнасці ад тыпу ўзаемаадносін Я.І.Пасаў вылучае наступныя вучэбна-маўленчыя сітуацыі: сітуацыі сацыяльна-статусных узаемаадносін (складаюцца ў адпаведнасці з суб’ектамі, прадстаўнікамі пэўных прафесійных груп, палітычных і грамадскіх арганізацый (прадавец, пенсіянер і інш.); сітуацыі ролевых узаемаадносін (рэалізуюцца падчас выканання адпаведных роляў (турыст — гід); сітуацыі адносін сумеснай дзейнасці (уключэнне вучняў у разнастайныя формы дзейнасці (працоўную, пазнавальную і г.д.); сітуацыі маральных узаемаадносін (рэалізацыя маральных адносін суразмоўнікаў).

Разгледзім прапанаваныя сітуацыі рознага тыпу на прыкладзе вучэбна-маўленчых сітуацый, якія можна выкарыстоўваць пры навучанні англійскай мове вучняў 11 класа.

Так, напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Сям’я” прапаную наступную сітуацыю адносін сумеснай дзейнасці. Вы і ваш брат/сястра збіраецеся купіць падарунак да гадавіны шлюбу вашых бацькоў. Абмяркуйце прапанаваныя ідэі і выберыце найлепшую з прапанаваных (тыдзень у Рыме, білеты ў тэатр, альбом для фотаздымкаў, зроблены сваімі рукамі). Выслухайце ідэі свайго брата/сястры і прыміце іх да ўвагі.

Тэма “Турызм”. Сітуацыя ролевых узаемаадносін можа быць прапанавана наступным чынам. Ваш сябар збіраецца за мяжу, каб правесці там летнія канікулы. Спытайцеся пра меркаванні сябра. Парэкамендуйце яму пэўную краіну. Абгрунтуйце свой выбар.

Вучэбна-маўленчыя сітуацыі сацыяльна-статусных узаемаадносін можна шырока выкарыстоўваць, вывучаючы тэму “Выбар прафесіі”. Вось адна з такіх сітуацый. Вы збіраецеся ўладкавацца на часовую работу ў якасці прадаўца. Высветліце неабходныя пытанні ў работадаўцы. Будзьце ветлівы, задаючы пытанні. 

Асабліва важнымі для вучняў гэтага ўзросту з’яўляюцца маральныя ўзаемаадносіны. Таму вучэбна-маўленчыя сітуацыі такога тыпу можна выкарыстоўваць пры вывучэнні розных тэм. Так, вывучаючы тэму “Экалогія”, можна прапанаваць вучням наступную сітуацыю. Вы і ваш сябар збіраецеся зрабіць буклет “Будзь уважлівы да прыроды!”.  Абмяркуйце ідэі найбольш важных экалагічных праблем. Выслухайце меркаванні сябра, выкажыце свае думкі, абгрунтуйце іх. Прыйдзіце да згоды ў сваіх меркаваннях.

На пачатковым этапе работы па тэме вучням прапануюцца простыя маўленчыя сітуацыі. Больш складаныя сітуацыі, якія патрабуюць разгорнутых выказванняў, прапануюцца напрыканцы работы над тэмай, калі вучні дастаткова добра засвоілі неабходны лексічны і граматычны матэрыял.

Паспяховасць выкарыстання маўленчых сітуацый залежыць ад індывідуальна-ўзроставых асаблівасцей вучняў. Найбольш паспяховай лічыцца работа па прымяненні вучэбна-маўленчых сітуацый у старшых класах, на ІІІ ступені навучання, калі вучні перажываюць чарговы этап сацыялізацыі, рыхтуюцца да самастойнага жыцця. Узнікае неабходнасць выказаць свой погляд, паспрачацца, абмерка­ваць пытанні маральных каштоўнасцей чалавечых адносін.

Прымяненне вучэбна-маўленчых сітуацый на вучэбных занятках дазваляе фарміраваць камунікатыўную кампетэнцыю вучняў, што дае магчымасць выкарыстоў­ваць атрыманыя веды і ўменні па-за вучэбнай практыкай на ­ўзроўні агульнапрынятых бытавых зносін, спрыяе паспяховай сацыялізацыі і ўзаемадзеянню вучняў з носьбітамі іншай культуры.

Ірына АШАРЧУК,
настаўніца англійскай мовы гімназіі № 36 імя І.Мележа Гомеля.