Узорны калейдаскоп творчых калектываў

Установы дадатковай адукацыі можна лічыць сапраўднай скарбніцай самых розных талентаў. Часта менавіта тут запальваюцца маленькія зорачкі, якія пазней разрастаюцца да памераў вялікіх зорак, што славяць нашу краіну далёка за яе межамі.

Нямала такіх талентаў прыходзіць у Рэчыцкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. І пад кіраўніцтвам выдатных педагогаў няўпэўненыя крокі становяцца ўсё больш цвёрдымі, пра што сведчаць першыя дасягненні. А за ўсім гэтым — нястомная праца, настойлівасць, цярпенне. І калі творчыя калектывы атрымліваюць званні, гордасць ахоплівае ўсіх: педагогаў, дзяцей, бацькоў.

Творчы калейдаскоп узорных калектываў Рэчыцкага цэнтра творчасці бярэ свой пачатак у 2009 годзе, калі ўпершыню гэтае званне было прысвоена студыі эстраднай песні “Фіеста”, кіраўніком якой з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Вольга Анціпава.

За 20 гадоў педагагічнай працы Вольга Аляксандраўна дала пуцёўку ў жыццё мноству творчых дзяўчынак і хлопчыкаў. У школу сучаснага эстраднага мастацтва дзеці трапляюць яшчэ маленькімі, і педагог цярпліва выхоўвае зорачак і зорак рэспубліканскага ўзроўню. Сярод апошніх дасягненняў вучняў Вольгі Аляксандраўны — дыплом лаўрэата I ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і юнацкай творчасці “Натхненне. Віват-талент” (Балгарыя), дыплом лаўрэатаў I і II ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў “Музыкі святло (Light of music) — 2017”, дыпломы II і III ступені II Міжнароднага конкурсу мастацтваў “Крышталёвы васілёк (Crystal cornflower) — 2017”, дыплом лаўрэата II ступені міжнароднага праекта Junior World Contest, дыплом лаўрэата III ступені I Рэспубліканскага конкурсу “Ветразі мары” ў 2018 годзе.


Сакрэт Вольгі Аляксандраўны просты — цеснае супрацоўніцтва з бацькамі. Яна лічыць, што тут інтарэсы педагога і сям’і супадаюць. Задача бацькоў — своечасова разгледзець патэнцыяльныя магчымасці дзіцяці, задача педагога — развіць і сфарміраваць яго здольнасці, стварыць умовы для іх рэалізацыі.

У пачатку 2015 года ў Рэчыцкі цэнтр творчасці прыйшло радаснае паведамленне: дзіцячаму фальклорнаму калектыву “Вясняначка”, мастацкім кіраўніком якога на працягу многіх гадоў з’яўляецца Любоў Дворак, прысвоена званне ўзорнага. Гэтая навіна толькі пацвердзіла той факт, што дасягненні і перамогі, якія суправаджалі творчую дзейнасць калектыву на працягу многіх гадоў, былі не выпадковымі, а заканамернымі. За апошнія тры гады “Вясняначка” прыняла ўдзел у шматлікіх конкурсах, у тым ліку і ў рэспубліканскіх. Сярод самых значных дасягненняў — перамогі ў Абласным конкурсе фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю!”, І Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскім прафсаюзным конкурсе творчасці калектываў “Новыя імёны Беларусі — 2018”.

На занятках Любоў Дворак спалучае розныя віды дзейнасці: слуханне, выканальніцтва, развіццё неабходных рухальных навыкаў, музычна-адукацыйную работу. Гэта дае магчымасць дзецям усебакова развіваць свой талент. Але прычыну поспехаў яна бачыць у саміх выхаванцах. “Творчыя дасягненні былі б немагчымымі без цікаўнасці і добрасумленных адносін да заняткаў маіх вучняў, — кажа педагог. — З імі ў мяне асаблівыя адносіны, для мяне яны не толькі навучэнцы, але і цікавыя асобы, і памагатыя ў рэалізацыі маіх творчых мар”. Значны ўклад у папулярызацыю творчага калектыву ўнесла дачка Любові Міхайлаўны Хрысціна, якая была салісткай “Вясняначкі”. Зараз дзяўчына, студэнтка БНТУ, выкарыстоўвае назапашаны ў калектыве вопыт у студэнцкім культурным жыцці.


Калектыву “Вясняначка” званне ўзорнага належыць па праве, таму што дзейнасць яго кіраўніка і навучэнцаў служыць прыкладам добрых адносін і любові да спадчыны, захавання беларускай нацыянальнай культуры.

Шмат цікавага і незвычайнага ўносіць у жыццё цэнтра і яго навучэнцаў кіраўнік студыі “Крыніца” Сяргей Іванавіч Азараў. За час існавання студыі (а дзейнасць яе пачалася яшчэ ў 1996 годзе) навыкі работы з рознымі матэрыяламі атрымалі сотні хлопчыкаў і дзяўчынак. Уменні і вопыт, набытыя на занятках, дазваляюць навучэнцам студыі займацца творчасцю і ў далейшым жыцці. Некаторыя з іх выбралі дэкаратыўна-прыкладную творчасць сваёй прафесіяй.

Зараз студыю наведваюць 90 вучняў ад 7 да 16 гадоў. Зразумела, гэта розныя і па характары, і па прыродных даных, і па наяўнасці таленту дзеці. Але з першых гадоў навучання педагог арыентуе сваіх падапечных на пэўныя дасягненні. Для кожнага ён знаходзіць патрэбнае слова, імкнецца даць неабходныя каардынаты для асабістага і творчага росту.

Званне ўзорнай студыя атрымала параўнальна нядаўна — у красавіку 2017 года. Але шматлікія перамогі, якія папярэднічалі поспеху, сталі асноўным паказчыкам таго, што навучэнцы студыі атрымліваюць веды і ўменні высокай якасці. У скарбонцы ўзорнай студыі — перамога ў абласным этапе і дыплом Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Арх-навацыя-2016”, дыпломы пераможцаў абласных этапаў Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”, Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка” і выставы-конкурсу дзіцячых мастацкіх праектаў “Спрадвечнае заўтра”.

Такая вось разнапланавая “ўзорная” дзейнасць застаецца на працягу многіх гадоў непарушнай часткай творчага працэсу цэнтра.

Наталля КАЛАЦЭЙ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Гомельскай вобласці.