Увайсці ў прафесію дапамагае школа маладога педагога

З кожным годам павышаюцца патрабаванні да асобаснага і прафесійнага развіцця педагога, яшчэ істотней стала значнасць пачатковага этапу ўваходжання маладога педагога ў адукацыйнае асяроддзе. У сувязі з гэтым метадычная работа з маладымі педагогамі ўстаноў дашкольнай адукацыі праводзіцца пастаянна, удзяляецца асаблівая ўвага выхавальнікам, якія не маюць адукацыі па кірунку “Педагогіка дзяцінства”, па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”. Мерапрыемствы накіраваны на павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў пачаткоўцаў, станаўленне і іх асобаснае развіццё.


Перыяд уваходжання маладога педагога ў прафесію адрозніваецца напружанасцю. Ад таго, як пройдзе гэты перыяд, залежыць, ці адбудзецца наваяўлены педагог як прафесіянал, ці застанецца ён у дашкольнай адукацыі або знойдзе сябе ў іншай сферы дзейнасці.

У Калінкавіцкім раёне метадычнае суправаджэнне педагогаў-пачаткоўцаў арганізуецца па такіх напрамках, як павышэнне навукова-метадычнай інфармаванасці ў галіне дашкольнай адукацыі, паглыбленне агульнакультурнай і псіхолага-педагагічнай падрыхтоўкі з мэтай узбагачэння і развіцця прафесійнага ўзроўню, навучанне практычным метадам і прыёмам работы з выхаванцамі і з бацькоўскай грамадскасцю.

Дзейсным і эфектыўным прафесійным аб’яднаннем з’яўляецца школа маладога педагога. Гэта форма арганізацыі групавой метадычнай работы педагогаў-выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Школа ставіць сваёй асноўнай задачай фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці маладога спецыяліста і на гэтай аснове вырошчванне выхавальніка, здольнага паспяхова вырашаць пастаўленыя перад ім педагагічныя задачы.

У школу маладога педагога запрашаюцца маладыя спецыялісты. На пасяджэннях праходзіць актуалізацыя тэарэтычных пытанняў, азнаямленне і наглядная дэманстрацыя метадаў і прыёмаў работы з выхаванцамі, практычнае вывучэнне адукацыйных тэхналогій, пазначэнне найбольш эфектыўных шляхоў узаемадзеяння з бацькамі і калегамі.

Так, нядаўна ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Калінкавіч прайшло пасяджэнне школы маладога педагога па тэме “Метадычныя аспекты арганізацыі заняткаў па маляванні”, на якім вопытам работы дзяліліся выхавальнікі дашкольнай адукацыі, педагог-псіхолаг. Алена Васіленка, кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва, пазнаёміла з асноўнымі напрамкамі і формамі работы з выхаванцамі па выяўленчай дзейнасці. Вольга Рабянок расказала аб планаванні і арганізацыі работы па маляванні на працягу дня. Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Булаўка прадэманстравала матэрыялы і тэхнічныя прыёмы малявання. Прысутныя атрымалі памяткі па арганізацыі выяўленчай дзейнасці з улікам узроставых магчымасцей выхаванцаў.

Практычная частка складалася з паказу заняткаў па адукацыйнай сферы “Мастацтва. Маляванне”. Мадэляванне зместу заняткаў па маляванні правяла Людміла Дручкова, выхавальнік-метадыст. Алена Васіленка паказала майстар-клас “Нетрадыцыйныя тэхнікі малявання” са слайд-прэзентацыяй. Удзельнікі практычна асвоілі розныя тэхнікі.

Эфектыўным метадам псіхалагічнай рэлаксацыі стала знаёмства з тэхнікай медытатыўнага малюнка — мандалы, якое правяла Алена Ліпінава, педагог-псіхолаг ДЦРР.

У выніку педагогі дашкольнай адукацыі сумесна вызначылі найбольш эфектыўныя педагагічныя сродкі, выдзеленыя ў ходзе калектыўнай дзейнасці. Прайшло асэнсаванне, карэкціроўка і дэталізаванае дастройванне мадэлі педагагічных умоў развіцця творчых здольнасцей у выхаванцаў у гульнявой дзейнасці.

Ала СЯРГЕЕНКА,
метадыст РВМК.