Тэатр танцавальнай тэрапіі

Добрыя справы аб’ядноўваюць добрых людзей з розных краін. Шчырае сяброўства італьянцаў і беларусаў пашырае магчымасці супрацоўніцтва ў многіх сферах, у тым ліку ў рабоце з асаблівымі дзецьмі.

Італьянскі псіхатэрапеўт, спецыяліст па танцавальна-рухальнай тэрапіі, рэжысёр тэатральнай асацыяцыі Сompagnia Tuttoattaccato Джардана Марыяні разам са сваімі памочнікамі-акцёрамі два разы ў год на працягу двух гадоў прыязджае ў Беларусь, каб працаваць з выхаванцамі па новай методыцы. Так яны інтэгруюць асаблівых дзяцей у грамадства — праз заняткі танцамі ў рамках сацыяльнага тэатра, акцёрамі якога сталі навучэнцы сярэдняй школы № 2 Чачэрска.

Праект “Інтэграцыйныя методыкі сацыялізацыі ў грамадстве людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, кіраўніком якога і з’яўляецца Джардана Марыяні, разлічаны на работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У Італіі такая практыка існуе ўжо не першы год, і асаблівыя дзеці максімальна інтэграваны ў грамадства: яны наведваюць звычайныя школы, іншыя развіццёвыя ўстановы, прымаюць удзел у грамадскім жыцці.

Спачатку прапануем сфармуляваць, што такое сацыяльны тэатр наогул і ці адрозніваецца ён ад тэатра ў цэлым. Напэўна, любы тэатр сацыяльны па азначэнні, таму што гэта тое месца, дзе людзі ўзаемадзейнічаюць і ствараюць асаблівае сацыяльнае асяроддзе. Акрамя таго, тэатр — адзіны сярод іншых відаў мастацтваў, які мае справу з непасрэднымі чалавечымі рэакцыямі.

Што ж такое сацыяльны тэатр? Па-першае, гэта тэатр, які ўзнімае сацыяльныя праблемы. Напрыклад, актуальнай з’яўляецца такая тэма, як перажыванні бацькоў дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Па-другое, гэта інклюзіўны тэатр, у якім іграюць людзі з асаблівасцямі. Нарэшце, гэта тэатральныя праекты, што рэалізоўваюцца як у сферы тэатра, так і ў сферы адукацыі. Сацыяльнага тэатра ў Еўропе несувымерна больш. У Францыі, напрыклад, існуе такая форма тэатра, як тэатр прыгнечаных, або форум-тэатр, у Англіі актыўна займаюцца клас-актам.

Па словах актрысы Вінчэнцы, сацыяльны тэатр — гэта тэатр па-за тэатрам, тэатр каштоўнасцей, дзе ісціну мы спасцігаем толькі праз адносіны адно да аднаго. Праект сацыяльнага тэатра мае мноства напрамкаў, і танцавальныя заняткі ў рамках сацыяльнага тэатра — адзін з іх. Яго цэнтр і яго галоўныя героі — гэта група, яна з’яўляецца яго першаасновай, яго развіццём і яго будучыняй.

Наша група сфарміравана з беларускіх і італьянскіх дарослых, дзяцей і падлеткаў. За час супрацоўніцтва італьянскія акцёры і рэжысёр навучылі нашых дзяцей разнявольванню, уменню выказваць свае эмоцыі, жаданні, пачуцці.

Сутнасць методыкі ў тым, што мы назіраем за дзецьмі, вывучаючы іх асаблівасці. Затым прапануем выканаць пад музыку прывычныя для іх рухі, якія ім падабаюцца. Усе дзеянні ненадакучлівыя, падпарадкаваныя рытму. Тое, што складана зрабіць дарослым, яны, вучні, робяць лёгка, з дзіцячай непасрэднасцю. Школьнікі раскрываюцца пад уздзеяннем музыкі, вучацца быць уважлівымі, давяраць адно аднаму. Дзеці на інтуітыўным, пачуццёвым узроўні літаральна аддаюць сябе ў рукі ўдзельнікам групы, педагогам, становяцца падатлівым матэрыялам для творчасці. Кантактуючы з іншымі акцёрамі, яны працягваюць заставацца ўнутры прывычнага круга.

Згодна з творчай задумай, у цэнтры мастацкага пошуку — уласнае цела, сіла жэста і руху, прычым вобразы нараджаюцца прама на занятках. Хлопчыкі і дзяўчынкі выконваюць ролю не толькі танцоўшчыкаў, але і харэографаў. Працуючы над сабой побач з іншымі, удзельнікі праекта ствараюць арыгінальную танцавальную пастаноўку, якая дазваляе раскрыцца і прыняць сябе, стаць часткай адзінага “жывога шара”. Усярэдзіне яго нараджаецца энергія і з сэрца групы падымаецца ўверх, узносячы з сабой таго, хто гэтага хоча. А пасля мы застаёмся побач адно з адным, гатовыя да новых адкрыццяў.

Тэатр танцавальнай тэрапіі — гэта зусім новая методыка работы з асаблівымі дзецьмі. Хлопцы і дзяўчаты сканцэнтраваны, але ў той жа час яны, як і гледачы, атрымліваюць задавальненне ад небывалага відовішча і чароўнай музыкі.

Удзельнікі праекта вельмі змяніліся. Яны сталі больш адкрытымі, навучыліся давяраць тым, хто побач, у групе склалася вельмі сяброўская атмасфера, ды і ў зносінах з аднагодкамі ім стала прасцей знаходзіць агульную мову. Вынік ёсць, і ён грандыёзны, а гэта толькі першыя крокі.

Ірына МАТВЕЕВА,
настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 2 Чачэрска.