Сустрэча з паэтам-земляком

У Міжнародны дзень роднай мовы вельмі хацелася зрабіць для дзяцей нешта незвычайнае. “Напомнім сабе пра непаўторную самабытнасць беларускага слова?” — спытаў я ў сваіх вучняў. “Так”, — пачуў у адказ і з задавальненнем запрасіў у Роўкавіцкую сярэднюю школу мастака слова, паэта, земляка Міхаіла Міхайлавіча Болсуна.

Міхась Болсун, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Анатоля Грачанікава, ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна, узнагароджаны знакам СПБ “За вялікі ўклад у беларускую літаратуру”, уладальнік Ганаровай граматы акадэміі навук Беларусі, завітаў да вучняў і настаўнікаў у вызначаны час, што стала па-асабліваму ўрачыстай падзеяй у беларускамоўнай школе. Сустрэча праходзіла ў кабінеце беларускай мовы, дзе сабраліся вучні старшых класаў, педагогі. Міхаіл Міхайлавіч з першых хвілін зацікавіў слухачоў аповедам са старонак сваёй біяграфіі, а потым пранікнёна гаварыў пра мастацкую дзейнасць, тэматыку і праблематыку сваіх твораў, імкнуўся словам выклікаць шчырыя пачуцці, акцэнтаваў увагу на тым, як важна ў жыцці “не кім быць, а якім быць”, як важна неабыякава ставіцца да сваёй прафесійнай справы. Зразумела, і пра адметнасць нашай роднай мовы ішла размова. Вучні пыталіся ў паэта таксама пра зборнікі, вершы, пра пачатак літаратурнай працы, пра сучасную паэзію. Вучаніца 9 класа прачытала на памяць вершаваны твор паэта-земляка “Выток”:

…Сцяжынка знаёмая ўецца.
Трава зноў у пацерках рос.
Нястрымана просіцца сэрца
У цішу зарэчных бяроз…

Амаль дзве гадзіны размовы з таленавітым чалавекам праляцелі незаўважна. На развітанне паэт падпісаў зборнік вершаў “Роднае, блізкае”, пакінуў на памяць школьнікам аўтографы і незабыўныя ўражанні ад сустрэчы.

Васіль РУДАБЕЛЕЦ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Роўкавіцкай сярэдняй школы Чачэрскага раёна.