Станаўленне асобы праз дзіцячую журналістыку

Асвятленне жыцця ўстановы вачыма нашых выхаванцаў — адзін з новых кірункаў у рабоце дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 22 Светлагорска.

Як убачыў і як арганізаваў гэтую работу наш калектыў? Мы стварылі свой прэс-цэнтр з дзіцячай рэдакцыяй “Калабок”. У аснове яго дзейнасці з выхаванцамі — гульня як пераемная форма навучання. У змест работы ўключаны і іншыя віды дзейнасці: гутаркі на тэмы, якія ўзнікаюць падчас напісання артыкулаў, творчыя камандзіроўкі, віктарыны, дыдактычныя гульні, маляванне ілюстрацый да артыкулаў, выкарыстанне розных спосабаў аплікацыі, стварэнне калажаў.


Кіруе работай творчы, актыўны выхавальнік дашкольнай адукацыі Святлана Жураўская. Для дзейнасці ў пачатку навучальнага года прыцягваюцца выхаванцы з ліку дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

Першае, з чаго пачынаем, — мадэлю ем праблемную сітуацыю: “Мы хочам, каб пра падзеі нашай установы ведалі ўсе. Што рабіць?” Дзеці прапаноўваюць розныя варыянты абмену інфармацыяй, вывучаюць газеты і часопісы, іх знешні выгляд, змест. На наступных занятках узнікае патрэба даведацца, хто выдае газеты. Педагог падрабязна знаёміць з прафесіямі журналіста, фатографа, рэдактара. Заняткі складаюцца з такіх заданняў, каб хлопчыкі і дзяўчынкі адчулі, якія навыкі і ўменні патрэбны людзям гэтых прафесій. Журналіст павінен быць назіральным, уважлівым, з добрай памяццю. Для замацавання ведаў пра дзейнасць журналіста складаем мадэль работы юнага журналіста: дзеці наведваюць цікавыя мерапрыемствы ва ўстанове, бяруць інтэрв’ю, прыдумваюць свае артыкулы, друкуюць разам з рэдактарам апрацаваную інфармацыю, па-мастацку афармляюць газету.


Пасля таго як у навучэнцаў сфарміраваўся цэласны вобраз журналіста, мы прыступаем да гульні: размяркоўваем ролі, бяром інтэрв’ю, адпраўляемся ў творчыя каман-дзіроўкі. Яны могуць быць арганізаваны як ва ўстанове, калі маленькія рэпарцёры наведваюць мерапрыемствы дашкольнага цэнтра, сустракаюцца з нашымі гасцямі, так і па-за яе межамі, калі адпраўляюцца на экскурсіі.

У выніку такой работы наш дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці атрымаў шэраг пераваг. Па-першае, мы сталі больш прывабнымі для бацькоў, неабыякавых да дасягненняў сваіх дзяцей. Па-другое, так мы дэманструем свае адукацыйныя паслугі, а таксама сацыяльную значнасць і каштоўнасць дзейнасці ўсяго калектыву. Але ж, несумненна, самае галоўнае, што дашкольнікі асвойваюць такія сацыяльныя пазіцыі, як далучэнне сябе да свету людзей (“Я ў грамадстве”) і засваенне асноўных вектараў адносін паміж людзьмі і самасцвярджэнне (“Я і грамадства”). Гэта асабліва важна для станаўлення асобы.

Ірына РАСЛОЎЦАВА,
загадчык дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 22 Светлагорска.