Школа сацыяльнага поспеху

Амерыканскі філосаф і педагог Джон Дзьюі казаў: “Мы пазбаўляем дзяцей будучыні, калі працягваем вучыць сёння так, як вучылі гэтаму ўчора”. Цяперашняя эпоха — не толькі стагоддзе інфарматызацыі і сучасных тэхналогій, але і час ініцыятыўных, творчых, актыўных маладых людзей, якія валодаюць высокай прафесійнай і асобаснай культурнай мабільнасцю, арыентаваны на сацыяльна значны поспех і пазітыўную самарэалізацыю ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Гэта стагоддзе новых ідэй, якія мяняюць жыццё людзей і нашу адукацыю, арыентуючы на развіццё самастойнасці навучэнцаў, самаарганізацыі, на фарміраванне ўменняў адстойваць свае правы, весці дыялог, шукаць і знаходзіць кампрамісы, быць сацыяльна паспяховым.


Сёння, калі ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, вялікае значэнне надаецца гэтаму пытанню, наша ўстанова адукацыі не магла застацца ўбаку і ўключылася ў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”, разлічаны да 2019 года. Мэта праекта — стварэнне ва ўстанове адукацыі адзінага адкрытага крэатыўнага адукацыйнага асяроддзя, якое спрыяе фарміраванню гатоўнасці вучняў да самавызначэння, самаразвіцця і самарэалізацыі як асноватворных складнікаў сацыяльнай паспяховасці выпускніка.

У рамках рэалізацыі праекта прыйшла ідэя стварэння мадэлі адукацыйнай установы “Школа сацыяльнага поспеху”, здольнай стварыць умовы для атрымання якаснай адукацыі для ўсіх катэгорый навучэнцаў у залежнасці ад іх магчымасцей і асаблівасцей развіцця, якая адпавядае запытам дзяржавы і соцыуму, фарміруе ў выпускнікоў уменні рабіць эканамічны, сацыяльны выбар у любой жыццёвай сітуацыі, прымаць рашэнні, прагназаваць іх наступствы і г.д. Адным словам, валодаць сфарміраванымі ключавымі кампетэнцыямі XXI стагоддзя.

Акрамя таго, мы распрацоўваем кампетэнтнасную мадэль выпускніка агульнаадукацыйнай школы, дзе значнае месца адводзіцца фарміраванню і ўдасканаленню камунікатыўнай і медыякампетэнцыі навучэнцаў, у прыватнасці, на ўроках замежнай мовы.

З’яўляючыся настаўніцай англійскай мовы, я пераканана, што наш прадмет, як ніякі іншы, спрыяе развіццю ў вучняў умення ажыццяўляць камунікацыю ў медыясвеце праз актыўны ўдзел у інтэрнэт-суполках для абмену інфармацыяй, выказвання меркаванняў, вядзення дыскусій у сацыяльных сетках.

Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца дзень гульняў, які прайшоў у нашай школе пад дэвізам “Вучуся гуляючы”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы 6, 8 і 10 класаў. Кожны ўрок прадугледжваў арганізацыю і правядзенне тэматычнай настольнай гульні. Так, у 6-х класах гэта была гульня ў рамках вывучаемай камунікатыўнай сітуацыі “Нацыянальныя сімвалы дзяржавы” на актывізацыю граматычнага матэрыялу па тэме “Ступені параўнання прыметнікаў”. Навучэнцы 8-х класаў змагаліся за права -стаць першымі ў настольнай гульні “Кухня народаў свету”, якая прадугледжвала ўдасканаленне навыкаў вуснага выказвання па тэме. У 10 класе перад навучэнцамі стаяла задача сістэматызаваць граматычны матэрыял па тэме Conditional I, II у рамках камунікатыўнай сітуацыі “Актуальныя праблемы сістэмы адукацыі”.

Вынікамі сваёй працы навучэнцы вырашылі падзяліцца ў сацыяльных сетках: стварылі невялікі відэаролік пра тое, як прайшоў дзень гульняў у школе, і адправілі яго разам з суправаджальным лістом на сайт амерыканскага пасольства, якое актыўна падтрымлівае арганізацыю і правядзенне гэтага свята ва ўстановах адукацыі па ўсім свеце. Прадстаўнік пасольства Алёна Сухіліна не толькі адказала на ліст, але і паведаміла, што наша відэасправаздача выкладзена на старонку пасольства ў Facebook і яе могуць праглядзець усе жадаючыя.

Як бачым, школа сацыяльнага поспеху, арыентаваная на фарміраванне ключавых кампетэнцый вучняў і гуманітарныя спосабы ўзаемадзеяння з грамадствам, з асяроддзем, на развіццё новых спосабаў узаемадзеяння як дзяцей, так і настаўнікаў, сацыяльных партнёраў, працуе. А значыць, мы рухаемся ў правільным кірунку.

Вераніка АРЛОВА,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў
англійскай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра.