Сем цудаў роднай зямлі

Парыцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Светлагорскага раёна на працягу многіх гадоў актыўна працуе над складаннем і рэалізацыяй творчых праграм, а таксама арганізоўвае работу летняга аздараўленчага лагера дзённага знаходжання, што дзейнічае на базе цэнтра.

Не стаў выключэннем і гэты год. Юныя адпачывальнікі з парога летняга турысцка-краязнаўчага лагера “7 цудаў роднай зямлі” акунуліся ў свет падарожжаў і пазнання сваёй малой радзімы.

Дзеці знаёміліся з цікавымі аб’ектамі пасёлка Парычы. Усю інфармацыю вучні атрымлівалі дзякуючы “Акадэміі парыцкіх навук”.

Першым цудам роднай зямлі стаў парыцкі паром. Хлопчыкам і дзяўчынкам падрабязна расказалі пра гсіторыю яго стварэння. Затым усе адправіліся на экскурсію — пераправіліся на іншы бок ракі Бярэзіны на сапраўдным пароме, які 300 гадоў злучае два берагі.

Другая “Акадэмія парыцкіх навук” прайшла ў адзіным у Еўропе музеі чарапах, які, дарэчы, знаходзіцца ў нашым цэнтры. Дзеці пазнаёміліся з цікавым светам гэтых жывёл, пасля чаго паўдзельнічалі ў спартландыі “Асцярожна: чарапаха!”.

Для знаёмства з трэцім цудам роднай зямлі — народным ансамблем народнай песні “Натхненне” — выхаванцы лагера адправіліся ў Парыцкі гарадскі дом культуры, дзе даведаліся пра гісторыю ўзнікнення песеннага калектыву, яго творчае жыццё, а таксама паслухалі некалькі песень, якія артысты выканалі перад удзячнымі слухачамі.

На чацвёртай “Акадэміі парыцкі навук” юныя краязнаўцы пазнаёміліся з гісторыяй духоўнай рэліквіі пасёлка — парыцкім каменным крыжам. Унікальная археалагічная знаходка, як мяркуецца, ХІ—ХIV стагоддзяў, захоўваецца ў Парыцкім храме Роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

Далей навучэнцы даведаліся пра гісторыю роду Пушчыных і паглядзелі фільм, які ярка апісвае гістарычнае і сучаснае жыццё пасёлка. Наступным пунктам падарожжа стаў экскурсійны паход па гістарычных мясцінах.

Парычы — гэта гістарычны цэнтр, былы маёнтак Пушчыных. У канцы ХVIII стагоддзя імператар Павел I падарыў маёнтак аднаму з сваіх прыдворных вяльможаў — адміралу Пятру Пушчыну. З 1835 года тут жыў яго ўнук Міхаіл Пушчын з жонкай Марыяй. Яны пабудавалі бальніцу і аптэку, адкрылі першае жаночае вучылішча Святой Марыі Магдаліны, пры якім восенню 1909 года пачала працаваць нядзельная школа для мясцовага насельніцтва. Будынак уключаны ў “Збор помнікаў Беларусі”, цяпер тут размяшчаецца пошта. У памяць аб Пушчыных на месцы іх пахавання ўсталяваны валун з надпісам.

Вайна пакінула глыбокія раны на пасёлку. Засталося шмат гістарычных помнікаў і мемарыялаў. Так, на чарговай “Акадэміі парыцкіх навук” выхаванцы лагера адправіліся да мемарыяла ахвярам фашызму, што знаходзіцца недалёка ад Парыч. Там былі расстраляны 1700 мірных жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыбралі тэрыторыю помніка, усклалі кветкі.

Усе, хто нарадзіўся і вырас у Парычах, упэўнены, што лепшага і прыгажэйшага месца ў свеце няма. А ўсе, хто прыязджае сюды, назаўсёды ўлюбляюцца ў пасёлак. Таму было вырашана абвясціць сёмым цудам роднай зямлі адно з самых маляўнічых месцаў — аграсядзібу “Парычанка”. Яна размешчана на беразе прыгажуні Бярэзіны.

Апошні этап падарожжа прайшоў на свежым паветры. Хлопчыкі і дзяўчынкі расказвалі пра свае любімыя месцы, пра малую радзіму.

Акрамя вывучэння пасёлкаё дзецям прапаноўвалася мноства іншых цікавых спраў. Так, адзін з дзён у лагеры быў прысвечаны легендам і паданням беларускай зямлі. Ролевая гульня “Палескія небыліцы” і відэаэрудыт “Міфы і легенды Палесся” дапамаглі хлопчыкам і дзяўчынкам пазнаёміцца з неверагоднымі героямі паданняў, легенд і міфаў малой радзімы. У рамках тыдня “Наша спадчына” быў здзейснены чарговы займальны экскурс у гісторыю роднага краю: выхаванцы лагера наведалі філіял Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея ў аграгарадку Чыркавічы. У рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню” была арганізавана экскурсія ў пажарную аварыйна-выратавальную часць № 5. Лагер наведалі прадстаўнікі Светлагорскай выратавальнай станцыі АСВОД, якія правялі практыкум па правілах бяспечных паводзін на вадзе. Акрамя таго, прайшлі спартландыі, конкурсы малюнкаў на асфальце, квесты, гульні і эстафеты.

Незаўважна праляцелі 18 вясёлых летніх дзён, але турысцка-краязнаўчы лагер працягне работу, бо яшчэ засталося шмат нязведаных цудаў нашай малой радзімы.

Таццяна ДЗЕЯК,
педагог дадатковай адукацыі
Парыцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.