Сацыяльная паспяховасць праз дыялог культур

Сярэдняя школа № 14 Мазыра ўваходзіць у пералік устаноў адукацыі, на базе якіх ажыццяўляецца інавацыйная дзейнасць па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў установы агульнай сярэдняй адукацыі”.

Плануецца, што дзякуючы рэалізацыі праекта па фарміраванні сацыяльнай паспяховасці, павысіцца якасць адукацыйнага працэсу, адбудзецца яго арыентацыя на фарміраванне ключавых кампетэнцый як выніку адукацыі. Таму я разам з навучэнцамі пастаянна знаходжуся ў пошуку і рэалізацыі цікавых задум, якія будуць гэтаму спрыяць. Не сакрэт, што сацыяльная паспяховасць вучня дасягаецца праз арганізацыю сацыякультурнага і адукацыйнага асяроддзя на аснове ўзаемадзеяння школы з рознымі дзяржаўнымі і сацыяльнымі інстытутамі, а таксама праз пашырэнне магчымасцей сацыяльна-арыентаванай праектнай дзейнасці навучэнцаў.

У 2018 годзе я стала ўдзельніцай адукацыйнай праграмы “Настаўнік як суб’ект пераўтварэнняў у навучанні англiйскай мове”, якая праводзілася ў рамках сумеснага праекта Брытанскага савета ва Украіне і МДЛУ. Змест дазволіў азнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі навучання. Дзякуючы гэтаму, я ў інтэрактыўнай форме расказала дзецям, якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб быць паспяховым у ХХІ стагоддзі, на думку Брытанскага савета. Гэта грамадзянская пазіцыя, супрацоўніцтва, зносіны, творчы падыход, крытычнае мысленне, лідарства, асобасны рост, камп’ютарная дасведчанасць. Прааналізаваўшы, навучэнцы прыйшлі да высновы, што ўсе гэтыя якасці цесна звязаны з ключавымі кампетэнцыямі, якія ім неабходны, каб быць сацыяльна паспяховымі. Пры гэтым адзначылі, каб быць полікультурнай асобай, неабходна веданне замежнай мовы.

У снежні мы падпісаліся на дыстанцыйнае навучанне па курсе Exploring English, якое праводзіцца Брытанскім саветам. На працягу чатырох тыдняў навучэнцы з задавальненнем разам з настаўнікам і самастойна дома знаёміліся з асаблівасцямі вывучэння мовы. Курс уключыў у сябе наступную тэматыку: роля сучасных тэхналогій у вывучэнні англійскай мовы, славутасці Вялікабрытаніі, цікавыя факты з галіны музыкі і літаратуры. Асаблівасцю курса стала тое, што навучэнцы змаглі атрымаць інфармацыю ад носьбітаў мовы, выказаць сваё меркаванне на англійскай мове на форуме, убачылі геаграфію распаўсюджвання ўдзельнікаў курса. Таксама пастаянна ўдзялялася ўвага граматычным і лексічным аспектам мовы. Гэта дазволіла навучэнцам павысіць узровень валодання англійскай мовай, даведацца нешта новае аб Вялікабрытаніі, а таксама на форуме расказаць пра сваю краіну, пра славутасці Беларусі, пра перавагі ў музыцы і літаратуры. Хлопчыкі і дзяўчынкі адзначылі, што такая форма работы спрыяе фарміраванню полікультурнай шматмоўнай асобы. Гэта дапаможа іх далейшаму сацыякультурнаму развіццю, падрыхтуе да ўспрымання і пазнання каштоўнасцей новай культуры ў дыялогу з роднай, пакажа магчымасць прадставіць сваю краіну ва ўмовах іншамоўных міжкультурных зносін.

Галіна КЕБЕЦ,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 14 Мазыра.