Сакрэты майстэрства

Сярэдняя школа № 45 Гомеля гасцінна расчыніла свае дзверы для чарговых наведвальнікаў, удзельнікаў гарадскога семінара на тэму “Пераемнасць у эфектыўных формах работы з дзецьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту па развіцці інтэлектуальна-творчых здольнасцей”.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі метадыст гарадскога метадычнага кабінета А.В.Семянцова і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы М.С.Парахаўнік. Удзельнікі семінара — кіраўнікі метадычных аб’яднанняў выхавальнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомеля.

За 40 гадоў жыццядзейнасці школа назапасіла багаты вопыт: ёсць што сказаць, што паказаць. Ва ўстанове адукацыі створаны неабходныя ўмовы для паспяховага фарміравання інтэлектуальна-творчых здольнасцей дзяцей дашкольнага, малодшага школьнага ўзросту, захоўваецца пераемнасць.

Перад пачаткам мерапрыемства ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з выставамі “Палітра дзіцячага майстэрства”, “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць вучняў”.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.С.Парахаўнік расказала, як у школе ствараецца эфектыўнае творчае асяроддзе для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў. Яна адзначыла, што развіццё інтэлекту, творчых здольнасцей — важнейшая частка пачатковай адукацыі, бо гэты працэс працінае ўсе бакі развіцця асобы дзіцяці, абуджае ініцыятыву і самастойнасць, звычку да свабоднага самавыяўлення, упэўненасць у сабе.

Шмат гадоў школа цесна супрацоўнічае з дзіцячым садам № 120 абласнога цэнтра. Адукацыйныя ўстановы, якія знаходзяцца побач, шчодра абменьваюцца вопытам работы, школа працягвае работу, пачатую ў дашкольнай установе.

Выхавальніца дзіцячага сада Мар’яна Паддубная раскрыла перад слухачамі сакрэты сваёй прафесіі. Яна расказала, чаму і як вучыць маленькіх творцаў. Набытае ў дашкольнай установе з’яўляецца першымі цаглінкамі, закладзенымі ў фундамент творчасці, інтэлекту дзіцяці.

Творчы настаўнік выхоўвае творчых дзяцей. Педагог-арганізатар, а па адукацыі мастак Настасся Шабалтас свой вопыт і майстэрства шчодра перадае дзецям: па сумяшчальніцтве вядзе гурткі “Бацік”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Наведвальнікі семінара пазнаёміліся з выставай, дзе прадстаўлены работы Настассі Іванаўны і яе выхаванцаў. З творчасцю мастачкі не раз знаёміліся жыхары горада на выставах у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, у выставачнай зале горада.

Адна з асноўных прыкмет кампетэнтнасці педагогаў — здольнасць творча падыходзіць да педагагічнай дзейнасці. Яркай зорачкай, візітнай карткай школы з’яўляецца дзейнасць кіраўніка факультатыўнага курса “Рытміка і танец” Святланы Кашанскай. Сёння гэта ўжо клуб “СпортДанс”, які наведваюць дзеці ад 4 да 16 гадоў. Пры арганізацыі работы Святлана Уладзіміраўна строга прытрымліваецца прынцыпу пераемнасці. Наведвальнікі клуба прымаюць удзел у раённых, гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх конкурсах, а таксама ў міжнародных турнірах па спартыўнай аэробіцы, якія праходзяць у Аўстрыі, Чэхіі, Латвіі, Літве, Эстоніі. У скарбонцы каманды сёння шмат бронзавых, сярэбраных, залатых медалёў. Ёсць у калектыве тыя, на каго можна раўняцца. Вучаніца 6 класа Дзіяна Сакоўская — член зборнай Беларусі па спартыўнай аэробіцы.

Аддае сэрца, талент дзецям яшчэ адзін чалавек, які арганізуе работу з вучнямі на базе школы. Гэта трэнер абласной школы барацьбы Канстанцін Палей. Спартыўная зала, дзе праходзяць заняткі па дзюдо, заўсёды поўная. Да яго цягнуцца дзеці і дашкольнага, і школьнага ўзросту, ідуць бацькі. Ён ведае, што сказаць бацькам, чаму навучыць іх дзяцей. Канстанцін Віктаравіч падзяліўся сакрэтамі свайго майстэрства, расказаў аб планах на будучыню. Мара трэнера — арганізацыя работы клубаў па дзюдо ва ўсіх раёнах Гомеля.

У школе ў асноўным працуюць жанчыны, выхаваннем дзяцей часцей за ўсё займаюцца маці. З 2010 года на грамадскай аснове з татамі нашых выхаванцаў праводзіць работу Сяргей Бычкоў, які з’яўляецца законным прадстаўніком вучня 5 класа школы. Ён расказаў прысутным, як ва ўстанове пад яго кіраўніцтвам пачаў працаваць “Тата-клуб”.

Пасяджэнні клуба праходзяць у форме дыскусій. Тэмы пасяджэнняў самыя розныя. Сярод іх — як развіваць інтэлект, творчыя здольнасці дзіцяці. Са студзеня 2016 года ў рамках клуба пачала працаваць “Тата-зала”. Таты з дзецьмі ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў рэгулярна наведваюць спартыўную залу школы. Спорт і інтэлект цесна звязаны, заняткі спортам уплываюць на развіццё інтэлекту дзяцей.

Тэатр — адна з найбольш яркіх, эмацыянальна насычаных форм засваення сучаснасці. Кіраўнік тэатральнага гуртка школы Т.П.Плескачэўская цесна супрацоўнічае з дзіцячым садам № 120, са школай мастацтваў № 5. Яна працягвае развіваць талент, які выявіўся ў дзяцей у дашкольным узросце, вучыць дзяцей трымацца на сцэне, удасканальвае пластыку, голас, міміку. Удзельнікі семінара ўбачылі спектакль па матывах казкі К.Чукоўскага “Муха-цакатуха”. Ролі выконвалі вучні 2-х класаў. Вельмі важна, што школьны тэатр выхоўвае не столькі будучых акцёраў і рэжысёраў, колькі адукаваных, культурных, эстэтычна развітых людзей.

Напрыканцы семінара госці наведалі святы “Зімачка-зіма”, “Казкі водзяць карагод”, якія падрыхтавалі разам з вучнямі выхавальнікі групы прадоўжанага дня Н.П.Міхалка і І.П.Казько.

Творчую, інтэлектуальна развітую асобу можа выхаваць толькі творчая, інтэлектуальна развітая асоба. Для педагогаў нашай школы гэта ісціна з’яўляецца дэвізам і кіраўніцтвам да плённай штодзённай дзейнасці.

Марыя ПАРАХАЎНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 45 Гомеля.