Рух — аснова здароўя

Калі заняткі фізічнымі практыкаваннямі для чалавека, у якога няма рухальных недахопаў, — гэта спосаб актыўнага развіцця, то для вучняў дапаможнай школы-інтэрната фізічная культура з’яўляецца адным з асноўных сродкаў ліквідацыі другасных адхіленняў у рухальнай сферы.

Прыцягненне дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю да актыўных заняткаў фізічнай культурай разглядаецца як важнае звяно ў комплексе вучэбна-выхаваўчай работы дапаможнай школы.

Школьнікі з інтэлектуальнай недастатковасцю ў большасці сваёй маюць слабае фізічнае развіццё. Выпрабоўваючы дэфіцыт рухальнай актыўнасці, яны маюць у параўнанні са здаровымі аднагодкамі зніжаныя паказчыкі мышачнай сілы, хуткасці, вынослівасці, гнуткасці. Карэкцыя такіх недахопаў у дапаможнай школе-інтэрнаце праводзіцца ў рамках рэжымных момантаў гэтай установы спецыялістамі па фізічнай культуры сумесна з педагагічным калектывам. Гэтаму папярэднічае медыцынская, псіхалагічная і педагагічная дыягностыка псіхафізічнага развіцця дзяцей. Анамнез, антрапаметрыя, даныя псіхалагічнага тэсціравання, педагагічных назіранняў, гутарак з бацькамі, выхавальнікамі, настаўнікамі-дэфектолагамі дазваляюць скласці адэкватныя індывідуальныя маршруты карэкцыйнай работы з дзецьмі і падабраць найбольш прыдатныя сродкі адаптыўнай фізічнай культуры.

Аснову методыкі адаптыўнай фізічнай культуры з дзецьмі, якія маюць парушэнні ў развіцці, складаюць метады навучання рухальным дзеянням і развіцця фізічных здольнасцей. У рабоце выкарыстоўваюцца разнастайныя віды фізічных практыкаванняў, такія як хадзьба, бег, скачкі, кіданні, практыкаванні з мячом, а таксама розныя гульні і элементы.

Педагогі ствараюць у навучэнцаў максімальны запас простых рухаў з іх паступовым ускладненнем, стымулююць слоўную рэгуляцыю і наглядна-вобразнае мысленне пры выкананні фізічных практыкаванняў, максімальна актывізуюць пазнавальную ­дзейнасць, арыентуючыся на захоўныя функцыі, сензітыўныя перыяды развіцця і патэнцыяльныя магчымасці дзіцяці. Пры ўсёй шматстайнасці метадаў аддаецца перавага гульнявому. У нязмушанай, эмацыянальна афарбаванай атмасферы дзеці лепш засвойваюць вучэбны матэрыял. Фізічныя практыкаванні, якія маюць назвы, набываюць гульнявую форму, тым самым стымулююць іх запамінанне, а пры шматразовым паўтарэнні развіваюць асацыятыўную памяць.

Фактычна кожны ўрок па адаптыўнай фізкультуры змяшчае элементы навучання, развіцця, карэкцыі, кампенсацыі і прафілактыкі. Такім чынам, найбольш тыповымі для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляюцца комплексныя ўрокі. Так, напрыклад, пры арганізацыі заняткаў з выкарыстаннем фітбола педагогу неабходна ажыццяўляць страхоўку, бо тут патрабуюцца пастаянная балансіроўка і захаванне ўстойлівасці цела.

Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на тое, што практыкаванні для развіцця рухальных якасцей з’яўляюцца сістэматычнымі, паэтапнымі і мэтанакіраванымі, але пры гэтым яны не ператвараюцца ў фармальную трэніроўку. Вядома, што частым парушэннем рухальнай сферы дзяцей з умеранай інтэлектуальнай недастатковасцю з’яўляецца парушэнне каардынацыі рухаў. І простыя, і складаныя рухі выклікаюць у дзяцей цяжкасці: у адным выпадку трэба дакладна прайграць які-небудзь рух або позу, у іншым — зрокава адмераць адлег­ласць і трапіць у патрэбную цэль, у трэцім — разлічыць і выканаць скачок, у чац­вёртым — дакладна прайграць зада­дзены рытм руху. Любое з іх патрабуе ўзгодненага, паслядоўнага і адначасовага спалучэння рухаў звёнаў цела ў прасторы і часе, вызначаных намаганняў, траекторыі, амплітуды, рытму і іншых характарыстык руху.

Нягледзячы на тое, што інтэлектуальная недастатковасць — з’ява незваротная, гэта не значыць, што яна не паддаецца карэкцыі. Паступова і даступна педагогі нашай школы падчас выканання фізічных практыкаванняў ствараюць перадумовы для авалодання дзецьмі разнастайнымі рухальнымі ўменнямі, гульнявымі дзеяннямі, для развіцця фізічных якасцей і здольнасцей, неабходных у жыцця­дзейнасці дзіцяці. Своечасовае прымяненне шырокага спектра сродкаў адаптыўнай фізічнай культуры на працягу росту і развіцця дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю дапамагае дасягнуць значных поспехаў у карэкцыі асноўнага захворвання і наблізіць да нарматыўных паказчыкаў фізічнае развіццё навучэнцаў з інтэлектуальнай недастатковасцю.

У школе-інтэрнаце створаны спецыяльныя ўмовы для правядзення ўрокаў па адаптыўнай фізічнай культуры. Вядзецца работа па ўмацаванні здароўя, фарміраванні стэрэатыпаў здаровых паводзін і актыўнага ладу жыцця дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця праз далучэнне іх да ўдзелу ў фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемствах. Выхаванцы нашай школы з цікавасцю ўдзельнічаюць у агульнашкольных спартыўных мерапрыемствах.

Рухальная сфера і яе якасная сфарміраванасць — гэта фундамент для паспяховага сацыяльнага развіцця дзіцяці з інтэлектуальнай недастатковасцю здароўя, які забяспечвае яму ў далейшым спрыяльную інтэграцыю ў соцыум.

Валянціна ЖОГАЛЬ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Бабіцкай дапаможнай школы-інтэрната Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.