Рэабілітацыя мастацтвам

Усе намаганні педагагічнага калектыву Чачэрскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі накіраваны на сацыяльную рэабілітацыю выхаванцаў, фарміраванне і развіццё неабходных навыкаў і здольнасцей для максімальна магчымага для іх самастойнага жыцця.

Вядома, каб кожны выхаванец адчуваў сябе паспяховым, настаўніку неабходна знайсці індывідуальны падыход да дзіцяці, раскрыць яго талент. Для асаблівых дзяцей гэта найбольш важна і актуальна.

На працягу многіх гадоў настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Чачэрскага раёна Ірына Мікалаеўна Кандраценка выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці з выхаванцамі элементы арт-тэрапіі, якая ўключае ў сябе тэхніку нетрадыцыйнага малявання. Маляванне нетрадыцыйнымі тэхнікамі дае дзіцяці магчымасць захапіцца творчасцю, развіць уяўленне, праявіць самастойнасць і ініцыятыву, выказаць сваю індывідуальнасць. Так узнікаюць маленькія шэдэўры. Аказваецца, што дзіцячая ножка можа з лёгкасцю ператварыцца ў медзведзяня ці коніка, а далонька — у слоніка ці кураня. Цікавы спосаб малявання чароўнай ніткай, дзе з рознакаляровай кляксы ўзнікаюць знаёмыя карціны наваколля — жанчына з дзіцем на руках, папугай ці слон.

Работа ў гэтым кірунку дае магчымасць дзецям прымаць удзел у выставах раённага і абласнога ўзроўняў. Так яны набываюць вопыт самарэалізацыі, прымаюць удзел у сацыяльным жыцці грамадства, заяўляюць пра сябе. Такая дзейнасць дае свае вынікі. На выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў тэхніцы цестапластыка на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Вясёлкавы карагод” творы выхаванцаў Чачэрскага ЦКРНіР атрымалі высокую адзнаку.

У такой працы дзеці адчуваюць сябе паспяховымі, і тады педагог ускладняе ім задачу, пераходзячы ад простых тэхнік нетрадыцыйнага малявання да больш складаных. Перадаць разнастайнасць навакольнага свету дапамагае выкарыстанне тэхнікі тэра. Аб’ёмныя калажы з натуральных матэрыялаў сапраўды зачароўваюць, здзіўляюць і радуюць. Так, у Год малой радзімы, вывучаючы разам з выхаванцамі дзікіх жывёл Беларусі, Ірыне Мікалаеўне прыйшла думка перадаць хараство роднага краю, выкарыстоўваючы тэхніку тэра. З зацікаўленасцю дзеці разам з педагогам стваралі непаўторныя карціны, выкарыстоўваючы прыродны матэрыял — сухія расліны, лісты, жалуды, шышкі, кару дрэва і г.д. Нездарма атрыманыя работы былі адзначаны ў верасні 2018 года на штогадовым абласным конкурсе “Зялёны вітамін” і ўзнагароджаны дыпломам III ступені і каштоўнымі падарункамі.

Кожная з гэтых тэхнік — гэта маленькая чароўная гульня для дзіцяці. А педагогі цэнтра ўпэўнены, што метад арт-тэрапіі нясе ў сабе рэабілітацыйны напрамак, бо яны заўважаюць, як дзеці пачынаюць адчуваць сябе смялей, больш свабодна, непасрэдна. Гэта адбываецца перш за ўсё таму, што яны бачаць, як радуюць і захапляюць дарослых людзей іх работы.

Таццяна ДВАРЭЦКАЯ,
дырэктар Чачэрскага раённага ЦКРНіР.