Разам пазнаём малую радзіму

Рэалізуючы інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі працэсу патрыятычнага выхавання ва ўстанове дашкольнай адукацыі”, Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці Веткі цесна супрацоўнічае з Веткаўскім музеем стараверніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава.

Выкарыстанне экспазіцый музея ў адукацыйным працэсе дапамагае пашырыць уяўленні выхаванцаў аб культурнай спадчыне беларускага народа, традыцыях і багацці абрадаў. Менавіта таму нашы педагогі ў сваёй рабоце на працягу ўсяго навучальнага года чаргуюць наведванне музея і правядзенне спецыяльна арганізаванай дзейнасці па замацаванні атрыманых выхаванцамі ведаў. Так, пры наведванні музейна-педагагічных заняткаў школы старажытнай і сумеснай культуры “Аз, букі, ведзі — глаголь дабро”, якая дзейнічае пры музеі, нашы выхаванцы знаёмяцца з мясцовай духоўнай і матэрыяльнай культурай. Яны маюць магчымасць убачыць і тыя экспанаты, якія рэдка выстаўляюцца. Вядучы навуковы супрацоўнік музея Л.Д.Раманава  таксама наведвае дашкольны цэнтр і праводзіць пазнавальныя гульні-заняткі “Калядныя абрады Веткаўшчыны”, “Жніўныя абрады”, “Расліны і дрэвы ў абрадах”, “Неглюбскія ручнікі” і інш.

Вынікам сумеснай адукацыйна-выхаваўчай работы музея і дашкольнага цэнтра стала перамога (дыплом II ступені) у Міжнародным конкурсе аўтарскіх метадычных распрацовак у галіне дашкольнай педагогікі, які адбыўся ў Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце ў межах 11-га фестывалю навукі ў Маскве. Журы адзначыла заняткі “Птушкі — нашы сябры. Вітаем птушак!..”, распрацаваны Л.Д.Раманавай і А.В.Пічуха.

А зараз нашы педагогі і выхаванцы актыўна прымаюць удзел у новым інтэрактыўным праекце веткаўскага музея “Спазнаю гісторыю рукамі”, дзе нашы хлопчыкі і дзяўчынкі знаёмяцца з назвамі старажытных прылад працы, з іх прызначэннем, асвойваюць прыёмы старажытных заняткаў-прафесій: ганчара, мастака, млынара, сейбіта, археолага. З вялікай цікавасцю дакранаюцца рукамі да гліны, да воўны, лёну, тканіны, паперы, пяску, мукі і зерня; коласам, алоўкам, птушыным пяром, пруцікам, каласком ды  іншымі прадметамі і спосабамі наносяць узоры на гліну, малю­юць з натуры гаршкі, збаны, аздабляючы іх крыжыкамі, ромбамі, іншымі знакамі.

Алена СУДЗІЛІНА,
загадчыца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Веткі.