Прыгажосць выратуе свет

Як абудзіць душу дзіцяці, адкрыць вочы на гарманічны свет прыгожага, што ўвабраў у сябе ранішнюю пяшчоту світання, шолах хваль, шэпт лістоты — усё тое, што акружае нас? Як навучыць адчуваць і разумець прыгожае, гаварыць пра яго і нават ствараць? Безумоўна, гэта пад сілу настаўніку, бо менавіта на яго кладзецца адказнасць за лёс падрастаючага пакалення. Настаўнік у адказе за свайго вучня, а значыць, і за будучыню сваёй краіны. Грамадству неабходны чалавек смелы, творчы, ініцыятыўны. Сёння ствараюцца ўмовы для абнаўлення прадметных методык, адукацыйны працэс паступова выходзіць на ўзровень сутворчасці педагога і вучня, на ўвесь рост паўстае фігура настаўніка-наватара.

Педагог дадатковай адукацыі Аксана Васільеўна Сазонава — нястомны творчы чалавек. Менавіта з яе прыходам у сярэдняй школе № 59 Гомеля ў 2005 годзе ўведзены курс “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” для навучэнцаў 5—10 класаў. У аб’яднанні па інтарэсах “Эльдарада” хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца працаваць у розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: пап’е-машэ, дэкупаж, ствараюць вырабы са скуры, бяросты і інш.

З чаго пачынала працу Аксана Васільеўна? Па яе словах, канечне, з планавання, у якім улічаны асноўныя патрабаванні да выкладання: сувязь з народнымі традыцыямі, улік узроставых магчымасцей, разнастайнасць відаў работы, матэрыялаў. Напрыклад, на ўроку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па тэме “Саломапляценне” вучні даюць мноства адказаў пра выкарыстанне саломкі ў побыце, у навакольным свеце. Школьнікі хочуць быць падобнымі на знакамітых мастакоў, скульптараў, народных умельцаў. Гэта так цікава, так цудоўна!

Аднойчы я наведала заняткі “Эльдарада” і паразмаўляла з дзяўчынкамі. Яны ганарацца тым, што вучацца бачыць прыгожае і ствараць яго. 13-гадовая Дар’я Арэсава займаецца ў аб’яднанні 2 гады, асабліва любіць ствараць карціны са скуры. А Ганне Брацікавай, якой 11 гадоў, падабаецца разнастайнасць у рабоце. Юлія Кутай адзначыла, што Аксана Васільеўна творчая, добрая, прыгожая і стыльная, як і яе работы.

Безумоўна, заняткі па прыкладной творчасці развіваюць фантазію, вобразнае мысленне, фарміруюць мастацкі густ, дапамагаюць дзецям бачыць прыгажосць навакольнага свету. Радасць творчасці адчувае разам са сваімі вучаніцамі і Аксана Васільеўна, якая і сама ўдзельнічае ў гарадскіх мерапрыемствах, праводзіць майстар-класы. Канечне, бываюць і расчараванні, але галоўнае — любіць сваю працу і вучняў, з якімі разам робіш адну справу. Менавіта так разважае А.В.Сазонава.

Аксана Васільеўна ўзнагароджана граматай за высокі прафесіяналізм, за ўклад у эстэтычнае выхаванне і развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў. З 2008 года яе выхаванцы ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе “Калядная зорка”, займаюць прызавыя месцы ў раёне, горадзе і вобласці. Так, у 2017 годзе дыпломам I ступені XXI Рэспубліканскага конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўзнагароджана Альбіна Тачылкіна, дыпломам II ступені абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу ўзнагароджана Лізавета Лазар. Таксама дзяўчынкі ўдзельнічалі ў абласным конкурсе “Прывітанне, свет!”. Ганна Спадабаева і Лізавета Лазар узнагароджаны дыпломамі II і III ступені.

Кожная з іх стараецца выканаць работу арыгінальна, выразна, пры гэтым дзяўчынкі праяўляюць фантазію, рэалізоўваюць свае творчыя задумы. І ўсё гэта, вядома, пад наглядам іх выдатнага кіраўніка Аксаны Сазонавай, якая змагла ўкласці часцінку сваёй душы, свайго таленту ў выхаванак.

Таццяна БУЛАНАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 59 Гомеля.